Выбарчыя байкі: як ЦВК назбірала 500 подпісаў за Лябедзьку

Подпісы за высоўванне кандыдатаў у прэзідэнты ініцыятыўныя групы пачалі збіраць 23 ліпеня. І ўжо праз тыдзень старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў відэазвароце на афіцыйным сайце выбарчай кампаніі 2015 года паведамляе, што каманда Аляксандра Лукашэнкі першай здала 100 тысяч подпісаў. Заадно згадала і пра апазіцыю:

“Дзве ініцыятыўныя групы ўжо здалі ў тэрытарыяльныя камісіі частку падпісных лістоў. І я магу сказаць, што больш за 100 тысяч подпісаў ужо здадзена ў падтрымку высоўвання кандыдадатм у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І больш за 500 подпісаў здадзена ў падтрымку высоўвання Анатоля Уладзіміравіча Лябедзькі”.

Штаб Лукашэнкі тым часам працягвае збіраць подпісы, а вось у штабе Лябедзькі, мякка кажучы, лёгкае здзіўленне — на агульным сходзе каардынатараў ініцыятыўнай групы было вырашана подпісы здаваць выключна па камандзе з цэнтра. У выніку АГП праводзіць унутранае расследаванне, “следчым” прызначаюць Віктара Карняенку. Ён ідзе разбірацца ў ЦВК, дзе даведваецца, што невядомы Зорра здаваў подпісы за Анатоля Лябедзьку ў Салігорску.

“Яны мне расказалі, што нібы ў Салігорску гэтыя 500 подпісаў здалі за Анатоля. А мы дакладна ведаем, што там ніхто за нас подпісы не здаваў. Я ўжо звярнуўся ў абласную камісію”, — расказвае Карняенка.

У выніку функцыянер АГП дабіваецца праўды — 500 подпісаў у Салігорску насамрэч здалі. Але не за Анатоля Лябедзьку, а за іншага патэнцыйнага кандыдата. У каментарыі Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прызнаецца, што памылкова агучыла дадзеныя Сяргея Гайдукевіча:

“Гэта была памылка, так. У тэрытарыяльных камісіях адбылася блытаніна, і я памылкова агучыла звесткі аб подпісах Лябедзькі замест подпісаў Гайдукевіча”, — кажа Лідзія Міхайлаўна.

У штабе Сяргея Гайдукевіча пацвярджаюць, што гэта маглі быць іх подпісы — здаваць лісты ў мясцовыя камісіі ЛДПБ пачала ў першы тыдзень збору. Віктар Карняенка са штабу Лябедзькі у выпадковасць не верыць. Гаворыць, што вельмі ўжо “прыгожа” усё атрымалася — за Лукашэнку 100 тысяч, а за Лябедзьку, заядлага апазіцыянера, усяго 500 штук. Але і са скаргамі на дзеянні ЦВК агэпэшнікі звяртацца не будуць. Маўляў, пустая справа.

Сам Анатоль Лябедзька расказвае пра нечаканы эфект ад памылкі Лідзіі Ярмошынай. Дзяржаўныя СМІ вынеслі навіну пра 100 тысяч подпісаў Лукашэнкі і 500 Лябедзькі ў загалоўкі, што было ўспрынята некаторымі чытачамі, як факт збору камандай лідара АГП не 500 подпісаў, а… 500 тысяч.

“Падыходзяць на пікетах, віншуюць мяне. А я не разумею, чаму, адкуль гэтыя 500 тысяч узяліся. Потым толькі зразумела стала ўсё. Гавару людзям цяпер, што яшчэ заўчасна віншаваць”, — расказвае Лябедзька.

Тым часам 500 здадзеных Ярмошынай подпісаў “за Лябедзьку” могуць стаць адзінымі для лідара АГП у сёлетняй кампаніі. У пятніцу 7 жніўня кіраўнік яго штаба Леў Марголін паведаміў журналістам, што не верыць у магчымасць назбіраць неабходныя 100 тысяч.

Інфармацыя пра сабраныя подпісы па стане на 10 жніўня (па звестках штабоў і ЦВК): Лукашэнка — больш за 500 тысяч, Цярэшчанка — 105 тысяч, Гайдукевіч — больш за 100 тысяч, Караткевіч — 75 тысяч, Улаховіч — 72 тысячы, Калякін — 54 тысячы, Лябедзька — 42 тысячы. Звестак пра подпісы за Раманоўскую няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі