Як Беларусь, ЕС і ЗША адрэагавалі на змену ўлады ў Егіпце?

3 ліпеня міністр абароны Егіпта Абдэль-Фатах аль-Сісі ў тэлезвароце абвясціў аб зняцці Махамеда Мурсі з пасады прэзідэнта. Такім чынам войска ўмяшалася ў палітычны крызіс у Егіпце і пазбавіла паўнамоцтваў пераможцу першых дэмакратычных выбараў у краіне.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўжо паспеў выказаць занепакоенасць рашэннем вайскоўцаў зняць з пасады прэзідэнта Мурсі, а таксама прыпыніць дзеянне Канстытуцыі.

Барак Абама: “Зараз я заклікаю егіпецкіх вайскоўцаў дзейнічаць хутка і адказна вярнуцца да дэмакратычна абранага ўрада як мага хутчэй”.

Прычым, паводле The Telegraph, ЗША не патрабуюць вярнуць уладу Махамеду Мурсі, але заклікаюць устрымацца ад “адвольных арыштаў” звергнутага прэзідэнта альбо прыхільнікаў руху “Братоў-мусульманаў”, які падтрымлівае былы прэзідэнт.

Тым часам “ЕС не лье слёз наконт зняцця з пасады Мурсі” — такі загаловак падае інтэрнэт-сайт Euobserver.com. Кіраўніца знешнепалітычнай дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан у заяве, апублікаванай пасля змяшчэння Мурсі пад хатні арышт, адзначае:

“ЕС застаецца адназначна адданым падтрымцы егіпецкага народа ў імкненні да дэмакратыі і ўсебаковага кіравання”.

Між іншым Кэтрын Эштан заклікала Егіпет як найхутчэй правесці новыя выбары.

У сваю чаргу міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Уільям Хэйг даў параду, якая, на яго погляд, мусіць вырашыць палітычны крызіс у Егіпце:

“Лідары краіны мусяць даць адказ на імкненні народа Егіпта да хуткага эканамічнага і палітычнага працэсу. На наш погляд, Егіпту неабходны палітычны працэс, які на раўнапраўнай аснове ўключыць усе групы і хутка прывядзе да справядлівых выбараў, у якіх змогуць удзельнічаць усе партыі, і стварэнню грамадзянскага ўрада”.

Падзеі ў Егіпце заспелі міністра замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвэле ў Грэцыі, куды апошні прыехаў з афіцыйным візітам. Вестэрвэле заклікаў усіх зацікаўленых працягваць шлях да дэмакратыі, устрымацца ад гвалту і перайсці да дыялогу.

Гіда Вестэрвэле: “Маладая дэмакратыя ў Егіпце не пацярпела адразу ж крах, але атрымала справядлівы шанец”.

З боку Беларусі нейкіх асуджэнняў альбо рэкамендацый егіпцянам пакуль не было. Але, як вынікае з размовы з прэс-сакратаром МЗС Андрэем Савіных, у нашай краіне таксама трымаюць руку на пульсе егіпецкіх падзей.

Андрэй Савіных: “Мы ўважліва сочым за развіццём сітуацыі ў Егіпце ў кантэксце беларуска-егіпецкіх міжурадавых і эканамічных адносін”.

Паводле некаторых дадзеных, цяпер Махамед Мурсі трымаецца на адным з ваенных аб'ектаў у Каіры.

Фота: AP Photo/ Manu Brabo

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі