Як Мінкульт РФ траціць сотні тысяч долараў на расійскі парадак дня ў Беларусі
Убогая фальшыўка / Непаўторны арыгінал
Міністэрства культуры Расіі абвясціла тэндар на арганізацыю "дыскусійна-выставачнага мерапрыемства" на тэму "75-годдзе агульнай Перамогі. Роля расійскай і беларускай культуры ў захаванні гістарычнай памяці і процідзеяння фальсіфікацыі гісторыі". За 66,6 тысячы долараў той, каму дастанецца дзяржкантракт, павінен правесці два мерапрыемствы "дыялогавага фармату" і адзін выставачны праект на ваенна-гістарычную тэматыку.
Усе мерапрыемствы павінны быць арганізаваны ў Беларусі.
Да падбору ўдзельнікаў для "дыялогавых мерапрыемстваў" трэба падысці з усёй сур'ёзнасцю. Яны павінны "падтрымліваць ідэі прасоўвання каштоўнасцяў духоўнай культуры Расіі і яе ролі ў захаванні гістарычнай і культурнай спадчыны Расіі і Беларусі".
Колькасць удзельнікаў — ад 76 да 110 чалавек, прычым амаль палова з іх павінна быць расіянамі. Пражываць яны павінны ў гатэлях не ніжэй за чатыры зоркі, харчавацца — за кошт арганізатараў. Для ўсіх расійскіх удзельнікаў мерапрыемстваў павінна быць арганізавана культурная экскурсія з наведваннем месцаў культурнай і гістарычнай спадчыны. Усё павінна быць арганізавана да 20 красавіка 2020 года.
У адных зямлянках
Гэта не першыя спробы Мінкульта Расіі ладзіць такога роду мерапрыемствы ў Беларусі. У 2019 годзе яны правялі тэндар на правядзенне мерапрыемстваў "духоўнага характару" у Беларусі. Сума дзяржзакупкі: 348 тысяч долараў. Сярод мерапрыемстваў — круглыя сталы пад назвай "Роля Святога князя Аляксандра Неўскага ў гісторыі станаўлення братэрства народаў Расіі і Беларусі" і "Мова — душа народаў. Аб'ядноўвальная роля літаратуры і тэатра ў супрацоўніцтве Расіі і Беларусі".
Роля Аляксандра Неўскага ў станаўленні братэрства народаў Расіі і Беларусі — гэта, напэўна, яго "літоўскія паходы" са спробамі захопу Полацка і пастаяннымі канфліктамі з літоўскімі князямі, у тым ліку і з Міндоўгам — першым вялікім князем літоўскім, за Смаленскія і Пскоўскія землі. А аб'ядноўвальная роля літаратуры — гэта руплівае "ўпісванне" ў расійскі кантэкст беларускіх пісьменнікаў — нават такіх, здавалася б, "няўпісваных" у яго, як Васіль Быкаў.
Таксама праводзіўся форум па "гістарычнай, культурнай і духоўнай супольнасці расійскага і беларускага народаў", багаслоўская канферэнцыя "Духоўныя асновы братэрскіх народаў Расіі і Беларусі" і многае іншае.
Ганзейская элегія з Пскова
Пераможцам таго самага тэндару на 348 тысяч долараў ад расійскага Мінкульта стала Пскоўская кампанія "Ганзейская элегія". Яна і да гэтага праводзіла розныя мерапрыемствы Міністэрства культуры ў Расіі і за мяжой. Сярод іх "мерапрыемствы для ветэранаў, жыхароў блакаднага Ленінграда і моладзевых патрыятычных арганізацый у Эстоніі і Латвіі" ў 2018 і 2019 гадах (161 тысяча долараў), арганізацыя "Рускіх сезонаў" у Італіі і Германіі (364 тысячы долараў), розныя мерапрыемствы "духоўнага характару ".
Форум "Гістарычная, культурная і духоўная супольнасць расійскага і беларускага народаў" быў арганізаваны 19 верасня 2019 года на пляцоўках Дома Масквы і Нацыянальнай бібліятэкі. На яго адкрыцці былі амбасадар Расіі Дзмітрый Мезенцаў, міністр культуры Беларусі Юрый Бондар і намеснік міністра культуры Расіі Ала Манілава.
Урады дзвюх краін у той час якраз актыўна працавалі над "паглыбленнем інтэграцыі". Беларускія чыноўнікі раз за разам адмаўлялі грамадскасці ў публікацыі дарожных картаў па развіцці Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
За тры дні да форуму ў "Коммерсанте" выйшла публікацыя Дзмітрыя Бутрына пра тое, што Расія і Беларусь стануць канфедэрацыяй. А Уладзімір Жырыноўскі прыкладна тады ж расказваў у інтэрв'ю, як Беларусь і Расія ў адзіным парыве зліюцца ў адну дзяржаву.
У іншых мерапрыемствах "Ганзейскай элегіі", арганізаваных у Мінску, з беларускага боку ўдзельнічалі кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар'яна Шчоткіна, першы намеснік беларускага міністра культуры Наталля Карчэўская, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка.
З расійскага боку прысутнічаў намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры Віктар Смірноў. Ён удзельнічае ў фарміраванні агульнай адукацыйнай прасторы ў рамках Саюзнай дзяржавы.
Чым большы тэрмін, тым лягчэй абалваньваць абывацеляў
Тэма "фальсіфікацыі" і "перапісвання гісторыі" пастаянна ўсплывае ў прамовах афіцыйных асоб Расіі. У верасні 2019 года старшыня Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства (РВГТ) Сяргей Іваноў заяўляў, што спробы фальсіфікаваць або перапісаць прычыны і вынікі Другой сусветнай вайны ў Еўропе будуць працягвацца напярэдадні 75-годдзя перамогі:
"Я прадбачыў велізарную колькасць фальсіфікацый, калі сатэліты па Вашынгтоне ці Бруселі спрабуюць усё паставіць з ног на галаву і перайначыць вынікі і прычыны пачатку Другой сусветнай вайны. Не трэба здзіўляцца, што і далей так будзе. Чым большы тэрмін, тым лягчэй абалваньваць абывацеляў, якія не ведаюць і нічога не хочуць ведаць пра гісторыю і што было на самай справе".
Праз пару месяцаў пасля гэтых заяў расійскі амбасадар Дзмітрый Мезенцаў расказаў, што сёння Беларусь і Расія перажываюць неймаверны ціск з боку тых палітычных дзеячаў Захаду, якія хочуць перапісаць гісторыю:
"Гэта для нас наказ не дапускаць перапісвання гісторыі, пераасэнсавання ролі салдата Вялікай Айчыннай вайны, які вызваліў Еўропу і свет ад фашызму".
Часам Расія з абароны (чытай: абароны свайго бачання падзей ВАВ) пераходзіць у наступ. Напрыклад, нядаўна Уладзімір Пуцін называў польскага амбасадара ў Германіі 1930-х "сволаччу" і "антысеміцкай свіннёй". Па словах кіраўніка Расіі, той падтрымліваў ідэю Адольфа Гітлера выслаць яўрэяў у Афрыку. На гэтую заяву рэзка адрэагавалі не толькі ўлады Польшчы, але і Еўрапарламент. На думку еўрапейскіх дэпутатаў, Пуцін сказіў гістарычныя факты.
Цяпер жа расійскае Міністэрства культуры вырашыла выдаткаваць 66 тысяч долараў на супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.