Як робяцца прагнозы надвор’я (фота, відэа)
Еўрарадыё наведала Гідраметэацэнтр і даведалася, адкуль бяруцца прагнозы, што вырошчваюць сіноптыкі і які раён у Мінску самы цёплы.
“Прагноз надвор’я — прадукт, які хутка псуецца. Бо прагноз пастаянна дапаўняецца, — такімі словамі нас сустракае на ўваходзе ля Рэспубліканскага гідраметэацэнтра начальнік службы метэапрагнозаў Дзмітрый Рабаў. — У выпадку нейкіх надзвычайных сітуацый мы ў сукупнасці з МНС і ДАІ маем распрацаваны план “Пасейдон”. Мы перадаём інфармацыю ім, а яны дзейнічаюць згодна з планам — даюць дадатковыя машыны, людзей”.
Рэспубліканскі гідраметэацэнтр размяшчаецца на праспекце Незалежнасці ў некалькіх кроках ад аўтавакзала “Маскоўскі”. Неўзабаве ён пераедзе ў новы будынак ва Уруччы.
“Горад забудоўваецца, з’яўляюцца высотныя будынкі, якія ўплываюць на дакладнасць паказчыкаў, да прыкладу, на вызначэнне ўсходняга, паўночна-ўсходняга ветру…” — тлумачыць неабходнасць пераезду Дзмітрый Рабаў і дадае, што нават па Мінску тэмпература паветра адрозніваецца на 1-3 градусы.
“Самыя цёплыя раёны — Цэнтральны і Заводскі, бо там шмат забудовы і прадпрыемстваў! Самыя халодныя — спальныя раёны. Сухарава, Малінаўка — бы труба, там пастаянна дзьме вецер”.
Колькасць ападкаў, тэмпература, хуткасць і накірунак ветру, а таксама бачнасць вызначаюцца з дапамогай аўтаматычнай станцыі фінскай вытворчасці “Васела”. Усе неабходныя дадзеныя ў рэальным часе перадаюцца сіноптыкам, якія могуць ацаніць надвор’е канкрэтна ў дадзены час.
Дзмітрый Рабаў адзначае, што цяпер у Беларусі дзейнічае 52 метэаралагічныя станцыі.
“Яны зробленыя паводле стандарту, як у Расіі, Украіне, заходніх краінах — усё аднолькавае. Ёсць і аўтаматычныя станцыі, на якія мы паступова пераходзім, якія працуюць у рэальным рэжыме часу. Ёсць яшчэ такія — наземныя. Кожныя тры гадзіны сюды прыходзіць метэаназіральнік — у любое надвор’е, незалежна ад выхадных, і здымае паказчыкі, як гэта робяць назіральнікі па ўсім свеце”.
Сіноптык адзначае, што нягледзячы на прагрэс, пакуль стопрацэнтны прагноз зрабіць немагчыма і наўрад ці калі атрымаецца, бо надвор’е мяняецца вельмі хутка.
“У гэтым годзе надвор’е анамальнае ў нас. Уключаючы чатыры месяцы зімы, вясны амаль не было. Такога ніколі не было, каб адразу пачалося лета. Траўня такога за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў не было. Нашы калегі з Росгідрамета мяркуюць, што класічнай вясны больш не будзе. У нас і восень радуе — вельмі цёплая”.
Уся інфармацыя з наземных метралагічных станцый, а таксама са спадарожнікаў сумежных дзяржаў трапляе ў Цэнтр тэлекамунікацыі і апрацоўкі гідраметэаралагічнай інфармацыі.
Для беларускага надвор’я першую скрыпку грае Атлантыка
“Кухняй надвор’я для нас з’яўляецца Атлантыка, усе цыклоны ідуць адтуль. Але найбольш небяспечныя для нашай краіны — паўднёвыя цыклоны! Яны з’яўляюцца над Чорным морам, прыходзяць у поўнай сіле да нас. Зімой гэта моцныя снегапады, а летам — залевы. З Атлантыкі цыклон ідзе аслаблены — ён над Еўропай выльецца, і ўсё”
Па дарозе заварочваем ў кабінет галоўнага сіноптыка Беларусі. І тут нечакана высвятляецца, што ў невялікім кабінеце Дзмітрыя Рабава болей за 20 відаў раслін: ёсць нават дэкаратыўныя перцы і гранат, які дае плады!
“Кажуць, у мяне вельмі добрая атмасфера, таму, калі які вазон засыхае, нясуць да мяне”, — смяецца Дзмітрый Рабаў і дадае, што не выкарыстоўвае ніякіх хімічных падкормак — толькі рыхленне зямлі і заварка ад кавы.
Дзмітрый паказвае памер перцаў чылі, якія вырошчвае ў кабінеце
Нарэшце — святая святых: сіноптыкі. Частку працы, як аналіз інфармацыі, робіць камп’ютар, але яго прагноз спраўджваецца на 65-75%. Астатняе, дзякуючы досведу і ведам, дапаўняюць спецыялісты. Каб зрабіць адзін прагноз, сіноптыку трэба праглядзець болей за 70 метэаралагічных карт, а адзін прагноз надвор’я на дзень займае дзве гадзіны!
“Каб стаць добрым сіноптыкам, трэба пяць гадоў практыкі, а таксама многа ведаў, у тым ліку, і веданне англійскай мовы, бо частка інфармацыі з краін-суседак прыходзіць па-англійску”, — кажа Дзмітрый Рабаў, але калі пытаемся пра заробкі на такой адказнай працы, ён заплюшчвае вочы, маўляў, працуем на энтузіязме!
Многія замаўляюць прафесійны прагноз надвор’я, у тым ліку, дарожнікі, МНС, ДАІ. Самы дарагі прагноз надвор’я на дзень каштуе мільён, а самы танны — 3 тысячы. Перыядычна — вясной і восенню ім тэлефануюць звычайныя людзі, каб паскардзіцца на прагноз, а таксама пракансультавацца наконт надвор’я.
Напрыканцы сустрэчы Дзмітрый Рабаў дае параду — чытаць надвор’е правільна.
“Улічвайце ўсе фактары! Кажуць, тэмпература — плюс 30, а вецер паўночны і па адчуваннях ужо тэмпература меншая. Калі вы будзеце правільна чытаць надвор’е, вашаму здароўю і маёмасці нічога не будзе пагражаць”.
Дзмітрый Рабаў нагадвае, што цяпер у Беларусі дзейнічае класіфікацыя надвор’я па колерах: ад зялёнага да чырвонага. Прыкладам чырвонага ўзроўню небяспекі можа служыць нядаўні Хаўер.
Прагноз надвор'я разлічвае камп'ютарная мадэль
Аператыўныя дадзеныя з фінскай станцыі
А гэта мясцовы міні супер-камп'ютар
Акрамя сучаснай сістэмы вызначэння працягласці сонечнага ззяння, перастрахоўваюцца і класічнай лупай
Самы дакладны тэрмометр ў Мінску
Вызначаем хуткасць ветра
За сонечны дзень у паветра Беларусі выпарваецца возера Нарач
Тэмпература глебы вымяраецца не толькі на паверхні, але і на рознай глыбіні
Прыбор вымярае сонечную радыяцыю прамую і тую, якая абілася ад зямлі
Фота і відэа: Віталь Ругайн