Як трапіць на альтэрнатыўную службу ў Беларусі

Палата прадстаўнікоў 13 траўня прыняла ў другім чытанні законапраект аб альтэрнатыўнай службе. Плануецца, што маладыя людзі, якія не захочуць ісці ў войска, змогуць працаваць у сферы сацыяльнай абароны, медустановах, лясной гаспадарцы і сферы ЖКГ.

Што такое альтэрнатыўная служба

Гэта адмысловы від працоўнай дзейнасці ў інтарэсах грамадства і дзяржавы, якая здзяйсняецца прызыўнікамі замест ваеннай службы ў войску.

Хто зможа служыць альтэрнатыўна

Праходзіць альтэрнатыўную службу будуць толькі тыя прызыўнікі, якія дакажуць, што не могуць ісці ў войска па рэлігійных перакананнях. Але на думку міністра абароны Андрэя Раўкова, у Беларусі “альтэрнатыўшчыкаў” будзе набірацца не болей за 100 чалавек штогод.

Колькі давядзецца служыць

Для людзей без вышэйшай адукацыі тэрмін альтэрнатыўнай службы складзе 36 месяцаў, а для выпускнікоў ВНУ — 2 гады. То бок у два разы даўжэй, чым служба ў войску. Грашовае ўзнагароджанне плануецца ў памеры 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу. На сёння гэты паказчык складае крыху больш за 2 мільёны 200 тысяч.

Дадатковыя прывілеі

Апроч знаходжання па-за казармамі, законапраект прадугледжвае, што “альтэрнатыўшчыкі” змогуць атрымліваць бясплатныя медпрэпараты, як і вайскоўцы тэрміновай службы. Таксама за імі на час службы і на год пасля яе застанецца чарга на паляпшэнне жыллёвых умоваў.

Ну і падчас ўсяго тэрміну службы вы не трапіце ў лік дармаедаў!

Калі набудзе моц

Альтэрнатыўная служба ў Беларусі з’явіцца не раней за канец 2015 года (законапраект мусяць ухваліць у Савеце Рэспублікі, пасля чаго ён трапіць на подпіс прэзідэнта. Затым трэба будзе чакаць яго афіцыйнага апублікавання, ад якога неабходна адлічыць яшчэ паўгода. Толькі тады ён набудзе моц).

Фота: gazeta.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі