Як “віцебскі “Артэк” спачатку не сталі ратаваць, а цяпер прадалі за $520
Дзіцячы лагер “Віцязь” — самы вялікі ў Віцебскай вобласці — прадалі з аўкцыёна. 20 гектараў зямлі з рознага кшталту пабудовамі дасталіся новаму ўладальніку ўсяго за 520 долараў.
Чаму лагер, з якога колішні начальнік Віцебшчыны Аляксандр Косінец хацеў зрабіць мясцовы “Артэк”, прыйшоў у заняпад і за бясцэнак быў прададзены фірме, створанай менш як тры тыдні таму?
“Мы там даўно не гаспадары”
Аздараўленчы лагер тэлезавода “Віцязь” знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Віцебска. Першая змена дзяцей заехала туды на адпачынак у 1995 годзе. На 20 гектарах тэрыторыі знаходзіліся футбольнае поле, баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, а таксама сем карпусоў для пражывання.
“Віцязь” быў самым вялікім дзіцячым лагерам у Віцебскай вобласці. Ён быў разлічаны на адначасовы заезд 570 дзяцей. Цяпер там не засталося нават вартаўнікоў: толькі закінутыя будынкі з пазабіванымі вокнамі.
“Мы там даўно не гаспадары, — расказвае Еўрарадыё намесніца генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце завода “Віцязь” Алена Няжурына. — Лагер неаднойчы выстаўляўся на аўкцыён, цяпер яго нарэшце прадалі. У завода былі фінансавыя праблемы: тэрыторыя вялікая, а грошай плаціць не было. Карацей, не пацягнулі фінансава, і кіраўніцтва горада загадала перадаць лагер на баланс Віцебска, каб зрабіць там абласны “Артэк”.
Гэтым салодкім савецкім словам “Артэк” назваў лагер колішні кіраўнік Віцебшчыны Аляксандр Косінец. Усемагутны чыноўнік паабяцаў пералічыць на рамонт лагера грошы, заробленыя Віцебскай вобласцю на рэспубліканскім суботніку 2012 года:
“Тут будзе створаны паказальны лагер абласнога значэння — своеасаблівы віцебскі “Артэк”. Мы зробім усё неабходнае, каб дзіцячы адпачынак быў арганізаваны, каб дзеці раслі моцнымі, здаровымі, інтэлектуальна развітымі. Дзеці — наш галоўны стратэгічны рэсурс”.
Але планы так і засталіся планамі. Перадача дзіцячага лагера гораду зацягнулася. Лукашэнка тым часам прызначыў Косінца кіраўніком сваёй адміністрацыі. Чыноўнік пераехаў у Мінск. А лагер застаўся там, дзе і быў.
“Планавалі выкупіць, але не атрымалася”
Апошняя змена заехала на адпачынак у “Віцязь” летам 2014 года. На той момант лагер ужо знаходзіўся ў аператыўным кіраванні Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.
Незадоўга да таго Віцебскі аблвыканкам прыняў рашэнне пералічыць на рамонт лагера 2,74 млрд недэнамінаваных рублёў (на той час — $272 тысячы) са сродкаў, атрыманых ад правядзення дзяржаўных суботнікаў.
Але гэтых грошай лагер так і не пабачыў, і ніякага рамонту там за апошнія пяць гадоў не было. Куды тады падзеліся сабраныя на суботніках грошы?
“Грошы ў лагер не ўкладваліся са жніўня-верасня 2013 года да 2014 года, — расказвае Еўрарадыё начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Было прынята рашэнне перавесці гэтыя сродкі на лагер “Дружныя рабяты”. Вырашылі, што сродкі з суботнікаў рацыянальна выкарыстаць на той лагер — мы яго ў 2016 годзе запусцілі, і ён дагэтуль працуе”.
Новы гаспадар “Віцязя”
У лютым 2017 года “Віцязь” упершыню выставілі на аўкцыён. З таго часу яго спрабавалі прадаць 14 разоў, але ніхто не купляў.
“Лагер вялікі, і сродкаў на яго не знайшлося, таму прынялі рашэнне аб продажы, — расказвае намесніца начальніка ўпраўлення па распараджэнні дзяржмаёмасцю Віцебскага аблвыканкама Вольга Юшкоўская. — Было паэтапнае паніжэнне, якое дайшло да адной базавай велічыні за кожны аб’ект”.
На пачатку 2020 года лагер нарэшце знайшоў новага гаспадара. Ім стала аршанская фірма “Бланкілья”, якой “Віцязь” дастаўся за 1105 рублёў — $520.
Пра прадпрыемства вядома, што яно зарэгістраванае ўсяго за два тыдні да куплі лагера ў будынку, дзе знаходзіцца... Балбасаўскі выканкам.
“Арганізацыя зарэгістраваная па гэтым адрасе, але тут яны [кіраўніцтва “Бланкільі”. — Еўрарадыё] не сядзяць. Тут іх няма, — адказваюць нам. — Мы выканкам. Мы займаем свае чатыры пакоі — і ўсё”.
Датэлефанавацца да дырэктара “Бланкільі” Андрэя Бадрыліна ў Еўрарадыё не атрымалася. Як піша БЕЛТА, гэтае ТАА створанае з удзелам расійскага капіталу. На базе “Віцязя” кампанія збіраецца адкрыць базу адпачынку. Але сваіх грошай ёй для гэтага не хопіць: для рэалізацыі праекта патрэбны інвестар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.