Як я назіраў за падлікам галасоў з-за кустоў і стужкі "Stop" (фота, відэа)
"Вы толькі нікому не перашкаджайце", — адразу папярэджвае мяне старшыня выбарчай камісіі на участку 630 акругі №108 ў Мінску Іна Ясінская, калі я рэгіструюся як журналіст, каб паназіраць за падлікам галасоў.
Далей адбываецца чаканы дыялог.
Іна Ясінская: Калі нехта з членаў камісіі будзе нервавацца праз тое, што вы здымаеце, я вас мушу выдаліць.
Я: Сёння старшыня ЦВК сказала, што журналісты могуць здымаць і фота, і відэа.
Іна Ясінская: Ёсць жа чалавечы фактар. Добра, будзеце здымаць там.
Там — гэта школьны калідор, дзе падлік галасоў бачны праз досыць высокія дэкаратыўныя расліны. Яшчэ калідор адгароджаны стужкай "Stop".
На ўчастку некалькі назіральнікаў, у тым ліку двое ад кампаніі "Права выбару". Яны адразу зачытваюць прапанову лічыць галасы адкрыта, каб быў бачны кожны бюлетэнь.
Назіральнікаў ставяць на адлегласць у, нібыта, тры метры. Адмяраюць проста крокамі. А на скаргі назіральнікаў адказваюць проста: "Няма рулеткі".
У выніку, калі да першага назіральніка і ёсць тры метры. То да апошняга пяць ці нават шэсць. Але падлік пачынаецца. На стол высыпаюць першую урну з датэрміновымі галасамі. Назіральнікі просяць вызваліць бліжэйшы да іх край стала. Нечакана вызваляюць. Але галачкі ў бюлетэнях усё адно не бачныя.
У намесніка старшыні камісіі ўзнікае пытанне: "Што за чалавек тут здымае?". Пытанне пра мяне. Старшыня камісіі яго супакойвае. Усё ж не выганяць, як у мінулым годзе з участка інтэрнатаў Тэхналагічнага ўніверсітэта.
Максім Місько, старшыня Фонду міру і былы вайсковец, перамагае з вялікім адрывам. У кандыдата ад апазіцыі Юрася Губарэвіча — зусім мала.
У асноўны дзень галасавання назіральнікі налічваюць пад трыста чалавек, якія прыйшлі на ўчастак і апусцілі бюлетэні ў урну. А члены камісіі — больш за шэсцьсот. Лічбы назіральнікаў і камісіі супадаюць толькі па урне, з якой хадзілі па дамах.
Па падліках назіральнікаў, выбары на гэтым участку не адбыліся.
Лічаць галасы асноўнага дня выбараў. Бліжэйшы да назіральнікаў край стала просяць вызваліць разоў шэсць. Вызваляюць, але туды зноў і зноў становіцца нехта з членаў камісіі. Праз фотаапарат я бачу толькі спіны членаў камісіі.
Па калідоры гуляе нікому не знаёмы мужчына, ён не назіральнік, не журналіст, не з камісіі.
Назіральнік: А хто гэты чалавек, што ён тут робіць?
Старшыня камісіі: Гэта кіроўца, машыну водзіць. Павязе бюлетэні з аховай.
Адна з назіральніц спрабуе сфатаграфаваць працэс падліку, ёй не даюць і папярэджваюць: "У нас тут журналіст здымае ўжо, хопіць”.
Падлік усіх галасоў займае больш за гадзіну. Да вывешвання пратакола назіральніца ад "Права выбару" спрабуе падаць скаргу.
Назіральніца: Вы мусіце адказаць на маю скаргу да вывешвання пратакола, бо пасля яго вывешвання ваша камісія перастане існаваць.
Старшыня Іна Ясінская: Вам адкажуць цягам трох дзён, бо гэта не тычыцца падліку галасоў.
Назіральніца: Тычыцца, скарга наконт адлегласці з якой мы сачылі за падлікам. Не было трох метраў.
Старшыня Іна Ясінская: У нас няма, чым замерыць. І наогул, гэта ж толькі рэкамендацыя.
Скаргу ўсё ж прымаюць, але не адказваюць. І вывешваюць пратакол. Прагаласавала 1096 чалавек.