Якім апазіцыя абяцала зрабіць Дзень волі-2015 год таму

У сакавіку 2014 года на святкаванне Дня волі сабралася каля 3000 чалавек. Апазіцыянеры назвалі гэта поспехам і паабяцалі у 2015 сабраць яшчэ больш людзей. Старшыня рады беларускай інтэлігенцыі абяцаў Еўрарадыё новыя фарматы святкаванняў. І збіраўся нешта змяніць у 2015 годзе:

“Безумоўна, трэба думаць пра іншыя фарматы, — разважае Уладзімір Колас 26 сакавіка 2014 года. — Гэта маглі б быць і народныя гулянні, і проста запрашаць людзей ісці ў розныя месцы, якія яны самі выберуць. Месцы можна называць, напрыклад, Акадэмічны тэатр, дзе і была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Гучалі такія прапановы і падчас абмеркавання гэтай акцыі, але, на вялікі жаль, яны не знайшлі падтрымкі большасці арганізатараў. Будзем спрабаваць нешта змяніць на наступны год”.

Арганізатары Дня Волі: У наступным годзе паспрабуем нешта змяніць

Аднак у 2015 годзе ён у арганізацыі мерапрыемстваў… ужо не ўдзельнічае. Кажа, што “не паклікалі”. На шэсце ў Мінску не пойдзе, будзе святкаваць за горадам. Колас гаворыць, што няўдачы ў арганізацыі святкаванняў можна патлумачыць недаверам людзей да апазіцыі:

“Цяжка сказаць… Напэўна, у грамадстве пануе пэўнае расчараванне. У тым ліку, у выніку безвыніковай дзейнасці апазіцыі, няздольнасці лідараў да кансалідацыі… Усё гэта спараджае такое адчуванне нейкай безнадзейнасці”.

Так што, новых падыходаў ад арганізатараў удзельнікі шэсця, відаць, не дачакаюцца. Але самі арганізатары дачакаліся сюрпрызаў ад уладаў. Мінгарвыканкам выставіў за Дзень волі рахунак памерам у 20 мільёнаў. Справа ў тым, што сёлета акцыю апазіцыі будуць “ахоўваць” 66 АМАПаўцаў і 15 супрацоўнікаў ДАІ. Яны будуць ісці ўздоўж калоны і "не дапускаць любых правакацыйных дзеянняў", расказвае адзін з заяўнікаў маршу Юрась Губарэвіч з руху “За свабоду”:

“Міліцыя ўпершыню выставіла нам такі каштарыс — раней такога не было. Таксама быў намёк ад “Зеленбуда”. Яны сказалі, што выставяць нам рахунак "за пашкоджаныя насаджэнні". А вось колькі будуць каштаваць паслугі "хуткай дапамогі", пакуль не ведаем... Магчыма, давядзецца збіраць грошы з грамадства, каб не толькі на арганізатараў ляглі гэтыя выдаткі”.

Дзень волі-2015 пройдзе традыцыйна для апошніх гадоў. З той розніцай, што збор удзельнікаў пачнецца ў працоўны час а 15-ай гадзіне. Такі час дазволіў Мінгарвыканкам. Калона ўдзельнікаў пройдзе на мінскую плошчу Бангалор, дзе адбудзецца мітынг. Рок-канцэрт, запланаваны арганізатарамі, адменены.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі