Якія сюрпрызы схаваныя ў дакуменце аб стварэнні ў Беларусі расійскай авіябазы?
Прапанову аб падпісанні пагаднення паміж Расіяй і Беларуссю, якое прадугледжвае стварэнне расійскай авіябазы на нашай тэрыторыі, накіравалі кіраўніку постсавецкай рэспублікі Уладзіміру Пуціну. Адпаведную пастанову падпісаў расійскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Еўрарадыё вывучае, якія сюрпрызы там прыхаваныя.
Найперш ваенны эксперт Аляксандр Алесін звяртае ўвагу на сам факт з’яўлення ў СМІ тэксту гэтага пагаднення. Гэта вельмі падобна на элемент інфармацыйнай вайны, лічыць ён.
“Расія магла пакуль не агалошваць гэтую інфармацыю. Але для таго, каб аказаць уціск на Лукашэнку, гэта было зроблена. Момант яшчэ абраны перадвыбарчы. Калі Расія раней ставілася дастаткова лаяльна да лавіравання Лукашэнкі, то цяпер, калі адносіны з Захадам абвастрыліся і блізкія да стадыі “халоднай вайны”, яна стараецца даўжыню павадка скараціць, нагадаць прэзідэнту, што ён павінен выканаць сваё абавязальніцтва”.
А што ж да самога пагаднення, якія там прыхаваныя падводныя камяні? Да прыкладу, такі вось “фінансавы артыкул”, з якога вынікае, што за размяшчэнне сваёй базы Расія не толькі нічога не заплаціць у беларускі бюджэт, але не будзе нічога плаціць ні за зямлю, ні за электрычнасць, ні за усе астатнія камунальныя паслугі.
“Расійская авіябаза вызваляецца ад выплаты падаткаў, збораў (пошлін) ды іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт Рэспублікі Беларусь і ў пазабюджэтныя фонды”
А як жа 5 мільярдаў долараў у год, якія наш бюджэт нібыта павінен быў займець з расійскай авіябазы?
“У міждзяржаўным пагадненні будзе прадугледжаная кампенсацыя за знаходжанне ў нас гэтай базы — Беларусь атрымае ад Расіі нейкія льготы і прэферэнцыі, прапісаныя ў іншых дакументах. Для прыкладу возьмем расійскія аб’екты ў Ганцавічах і Вілейцы. Там Расія плаціць нам прадстаўленнем тэрыторыі палігонаў: іх інфраструктуры, мішэняў, боепрыпасаў і ўтрыманнем нашых вайскоўцаў падчас вучэнняў на тэрыторыі Расіі”, — спрабуе супакоіць Аляксандр Алесін.
Але ёсць пункт, падчас чытання чкога на памяць міжволі прыходзяць трагедыі з удзелам расійскіх салдат. Да прыкладу, у Арменіі, дзе размешчаная расійская ваенная база.
“Вайскоўцы расійскай авіябазы, якія ўваходзяць у склад каравула, што выконвае баявыя задачы па-за месцамі дыслакацыі расійскай авіябазы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, маюць права прымяняць зброю”.
Як гэта, каравул па-за межамі авіябазы? Прычым, узброены? Ды яшчэ і з правам прымяняць гэтую зброю? Тыя ж пытанні цікавяць і беларускага ваеннага эксперта.
“Што такое каравульная служба за межамі авіябазы, я таксама слаба ўяўляю. Увогуле, нашэнне зброі, а тым больш, яе прымяненне, павінна быць жорстка рэгламентаванае асобнымі пагадненнямі”, — разважае Алесін. І раіць пачакаць канчатковага варыянта пагаднення: магчыма, у выкладзеным дакуменце прыхавалася “недакладнасць фармулёўкі”.
А ці маюць такое права беларускія вайскоўцы? Па словах Алесіна, “каравульны мае зброю, і ў межах паста, які ахоўвае, можа прымяняць зброю ў адпаведнасці з Уставам каравульнай службы”. Але які пост па-за межамі авіябазы можа быць у расіян і якім Уставам яны будуць карыстацца, расійскім ці беларускім? Адказаў ні ў эксперта, ні ў тэксце пагаднення няма. “Юрысдыкцыя авіябазы будзе мець экстэрытарыяльны характар — падпарадкоўвацца законам Расійскай Федэрацыі ўнутры, ці яна будзе падпарадкоўвацца беларускім законам і, адпаведна, вайскоўцы павінны будуць кіравацца Уставам каравульнай службы Беларусі?” — задаецца пытаннем Алесін.
Яшчэ адно: ці магчыма, што ў выпадку “тэрарыстычнай пагрозы”, камандзір расійскай авіябазы выкліча на дапамогу “пскоўскіх дэсантнікаў”? Без узгаднення з беларускім бокам такое немагчыма, сцвярджае Алесін.
“Калі без узгаднення сюды нехта прыбудзе, то гэта будзе раўназначна ваеннаму канфлікту, парушэнню суверэнітэту Беларусі”, — перасцерагае ваенны эксперт. І запэўнівае, што ніякіх паралеляў паміж авіябазай у Беларусі і расійскімі ваеннымі базамі ў Крыме праводзіць не трэба — там і вайскоўцаў было каля 30 тысяч чалавек, і на тэрыторыі ваенных аб’ектаў яны пачуваліся “вельмі свабодна”.
Алесін: “Чарнаморскі флот не знаходзіўся ў аператыўным падпарадкаванні ваеннаму кіраўніцтву Украіны. А з праекта “нашага” пагаднення вынікае, што гэтая частка будзе падпарадкоўвацца камандуючаму беларускімі ВПС і СПА”.
Ну, і што важна: па “абароненасці сродкамі СПА тэрыторыя Беларусі беспрэцэдэнтная ў свеце”. І таму нейкія самастойныя, без узгаднення з Мінскам, дзеянні гэтага расійскага авіяпалка Аляксандр Алесін выключае: “Кажуць, што ён жа можа самастойна ўзляцець. Але ж узляцець не дадуць! І палётаць не дадуць…”.
Ну, і апошняе: тое, што пагадненне накіравалі на подпіс Пуціну, не азначае, што расійскія самалёты сядуць у Бабруйску ў бліжэйшы час. Справа, упэўнены Алесін, можа расцягнуцца не на адзін год.
Фота Змітра Лукашука, www.arms-expo.ru