Зацкавалі праверкамі: бацькі патрабуюць вярнуць у школу дырэктара
Экс-дырэктар школы ў Аношках / onoshki.schools.by
Бацькі вучняў з Аношак пад Нясвіжам хочуць вярнуць у школу дырэктара Сяргея Брылевіча. 6 снежня ён быў звольнены — напісаў заяву "па ўласным жаданні". Бацькі перакананыя — 38-гадовы дырэктар быў вымушаны пайсці. 1 верасня ён вёў лінейку, поўны планаў і жадання працаваць...
"Чалавека проста зацкавалі праверкамі, — пішуць бацькі ў сваім звароце, пад якім стаіць 42 подпісы. — За два тыдні — шэсць праверак. Хто вытрымае такі тэмп? Ды ніхто! Але гэта ж не 90-е, што можна так знішчыць чалавека".
Узяў крэдыт, каб зрабіць рамонт у школе
Два гады таму Сяргей Брылевіч пераехаў з сям'ёй у Аношкі з суседняга раёна. Тут ён атрымаў месца дырэктара ў Аношкаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — сярэдняя школа. Па словах бацькоў, кожны працоўны дзень ён пачынаў з візіту ў дзіцячы сад — там правяраў тэмпературу паветра, гутарыў з персаналам і з мамамі і татамі, якія прыводзілі дзяцей.
Бацькі пішуць, што, калі ў школьнай сталовай трэба было мяняць акно і рабіць рамонт, а ў РАНА сродкаў на гэта не знайшлося, дапамог кіраўнік мясцовай аграгаспадаркі. Але грошай не хапіла. Тады Сяргей Брылевіч узяў на сябе крэдыт і вырашыў пытанне. Дырэктару даводзілася касіць газоны, тынкаваць сцены ў спартзале, рамантаваць ганак, які разваліўся. Калі праверка паказала на дрэннае асвятленне ў старшай групе дзіцячага сада, бацькі скінуліся на свяцільні, а дырэктар разам з заўгасам усталёўвалі іх у свой выхадны дзень.
"Як жа можна цяпер маўчаць бацькам, калі чалавек стараўся для нашых дзяцей, а яго выставілі на вуліцу. Як ён цяпер будзе плаціць крэдыт і карміць сям'ю?" — абураюцца бацькі.
"Проста так нічога не застанецца"
У сваім звароце бацькі скардзяцца на начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама Алену Клішэвіч. На іх думку, менавіта яна прымусіла Сяргея Брылевіча пайсці.
Аляксандр Балцянкоў, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама, які курыруе сацыяльную і ідэалагічную сферу, кажа, што, вядома, звярнуў увагу на крытыку ў адрас Клішэвіч.
"Проста так нічога не застанецца. Гэта нашы рабочыя пытанні. Павывучаем, паглядзім, пагаворым з усімі. Але тут такая рэч: меркаванне бацькоў можа быць адным, дырэктара — іншым, — кажа Аляксандр Балцянкоў. — Па словах таго ж Сяргея Брылевіча, палова фактаў, якія прыводзяць бацькі навучэнцаў у сваім лісце, не пацвярджаецца. Калі б ён вырашыў пайсці з-за праверак, дакладна б мне сказаў".
Экс-дырэктар не стаў скардзіцца на праверкі і ў каментары Еўрарадыё.
"Усё нармальна, — коратка адказвае Сяргей Брылевіч. — У мяне ёсць абставіны, па якіх я напісаў заяву па ўласным жаданні. Гэта чыста сямейныя, мае асабістыя абставіны. Так што сітуацыя такая, дзякуй".
"Проста чалавек захацеў папрацаваць педагогам. Так бывае"
8 студзеня Аляксандр Балцянкоў асабіста сустрэўся з Сяргеем Брылевічам, каб праясніць сітуацыю.
"Ён расказаў, што не хоча працягваць працаваць дырэктарам па сямейных абставінах, — тлумачыць намеснік старшыні. — Ён застаецца працаваць у школе настаўнікам геаграфіі і сацыяльным педагогам. Тое, што вы прачыталі ў лісце, маўляў, яго пакінулі без працы, гэта поўная хлусня. Як ён расказаў мне, рашэнне не звязана з праверкамі, я б нават сказаў, маніторынгам. Проста чалавек захацеў папрацаваць педагогам. Так бывае. Улічваючы яго стаж, думаю, заробак у яго будзе дастойны, не нашмат ніжэйшы, чым на кіраўнічай пасадзе".
"Калі чалавек хоча звольніцца па ўласным жаданні, хіба можна яму забараніць? Ён мае на гэта права", — каментуе начальнік аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Алена Марцінкевіч.
Па яе словах, узровень адукацыі ў Нясвіжскім раёне добры, у тым ліку дзякуючы Алене Клішэвіч.
Аднак бацькі вучняў Аношкаўскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа не згодныя з такой пастаноўкай пытання. Яшчэ 5 снежня яны напісалі ў Мінаблвыканкам, днямі — адправілі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.