Збіты вучань спецвучэльні: Уцякалі, каб паскардзіцца ў МУС на наша кіраўніцтва
26 лістапада шасцёра выхаванцаў уцяклі з магілёўскай спецвучэльні закрытага тыпу №2. Іх затрымалі праз тры гадзіны, а яшчэ праз дзень адзін з уцекачоў, Андрэй апынуўся ў бальніцы са зламаным пазваночнікам. Еўрарадыё паразмаўляла с хлопцам пра тое як, па яго словах, яго збівалі.
Еўрарадыё: Што стала прычынай уцёкаў?
Андрэй: Тое, што ўсё забаранілі, з нас здзекаваліся, мы не хацелі больш там знаходзіцца. І цяпер магу паўтарыць тое ж: мы не хочам там знаходзіцца. Мне сказалі, што ў чацвер альбо ў пятніцу мяне выпішуць і адправяць назад у СПТВ, але я туды не хачу.
Еўрарадыё: У вас быў нейкі план ― уцяклі вы, і што далей думалі рабіць?
Андрэй: А далей мы проста хацелі напісаць ліст у МУС. Бо даслаць ліст з вучэльні са скаргай на кіраўніцтва гэтай вучэльні немагчыма ― ён проста нікуды не дойдзе. Там жа ўсё чытаюць! Я маці адправіў ліст 23 лістапада, а па надпісах, адпраўлены ён быў толькі 29 чысла.
Еўрарадыё: Мінадукацыі заявіла, што сваю траўму вы атрымалі калі скакалі праз плот падчас уцёкаў. Сапраўды было менавіта так?
Андрэй: Не, на самой справе, гэта не так. Калі б зламаў сабе пазванок, звалішыўся з плоту, я з такой траўмай не змог бы хадзіць, не мог бы ад міліцыі ўцякаць. А так, я ж яшчэ колькі часу ад міліцыі ўцякаў! А вось на наступны дзень, пасля таго, як мяне збілі, я хадзіць не мог ― нагу за сабой валок.
Еўрарадыё: Няўжо вас сапраўды так жорстка білі?
Андрэй: Нас злавілі і прывезлі назад у СПТВ № 2. Паасобку заводзілі ў асобны пакой, дзе няма відэакамер. Збівалі мяне тры чалавекі. Калі я зайшоў у той пакой, два разы ўдарылі па спіне, і я паваліўся на падлогу. Далей мяне ўжо білі нагамі: Баравікоў біў мяне ў галаву, а Лінцэвіч і Барэйка білі па ўсім целе.
Еўрарадыё: Білі за тое, што ўцяклі?
Андрэй: Калі збівалі, то патрабавалі, каб сказаў, што быў арганізатарам уцёкаў. Я сказаў, што нічога не ведаю і што казаць нічога не буду. А калі мяне адпраўлялі ў бальніцу, то Казімірыч сказаў: “Гэта для вас яшчэ толькі пачатак”.
Еўрарадыё: Ці часта ў вучняў здараліся канфлікты з супрацоўнікамі адміністрацыі?
Андрэй: Там пастаянныя канфлікты. Найперш таму, што там забараняюць усё, што магчыма, хаця не павінны забараняць. Нават лісты перыядычна забараняюць дасылаць. Могуць ні за што біць. Мяне раз збілі шнуром за тое, што проста сядзеў у канцы цэху, хоць я не навучаюся на вытворчасці…
Еўрарадыё: У каментарыях з нагоды ўсяго, што з вамі здарылася, часам пішуць, што, маўляў, і правільна гэтыя зэкі атрымалі…
Андрэй: Гэтыя людзі проста не былі на нашым месцы. Патрапілі б яны сюды, адчулі б, як нам цяжка. Нас жа накіравалі сюды, каб мы выправіліся. Але ў такім месцы, з такім стаўленнем да нас адміністрацыі выправіцца немагчыма.
Еўрарадыё: Няўжо вучні ні разу самі не правакавалі супрацоўнікаў адміністрацыі, не “ставілі іх на месца”?
Андрэй: Навошта нам гэта? Мы ж сюды прыехалі не іх ставіць на месца, а для таго, каб авалодаць прафесіяй, зразумець, што былі вінаватыя, прызнаць свае памылкі. Але пасля таго, што здарылася, вяртацца туды няма ніякага жадання. Думаю, гэта ж скажуць усе хлопцы, якія там знаходзяцца.
Еўрарадыё: Чым, на твой погляд, скончыцца гэтая гісторыя?
Андрэй: Тым, што гэтых пакараюць, а нас пакінуць у СПТВ і яшчэ дададуць тэрмін. Думаю, што ў самой вучэльні стане пасля ўсяго яшчэ больш строга.
У дачыненні да дырэктара спецвучэльні закрытага тыпу №2 і яго намесніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Іх вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Па гэтым артыкуле прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.