ЖРЭА: Калі хочаце праблем, замаўляйце паслугі ў нас

ЖЭСы могуць усё што заўгодна: і лямпачку “прыбіць”, і провад прыкруціць. Платных паслуг камунальнікі прапаноўваюць з ліхам: адзін ЖЭС можа зрабіць болей за 150 розных прац!

Але ў ЖРЭА Цэнтральнага раёна сталіцы нечакана раяць “праз іх нічога не рабіць”!

“Я б, па праўдзе, вам не рэкамендавала ў нас замаўляць, — пераконвае супрацоўніца. — У нас вельмі маленькія заробкі і, адпаведна, вельмі некваліфікаваныя кадры працуюць. Ну, калі якая дробязь — лямпачку ўкруціць ці пракладку змяніць, а калі нешта істотнае, дык лепей прыватнікаў папрасіце! Я і сама працую ў гэтай сістэме і нічога не раблю праз нашых майстроў. Калі хочаце праблем, замаўляйце, натуральна, у нас”.

Кошты ў прыватных “мужоў на гадзіну” кусаюцца — плаціць за паслугу пачынаеш ужо на стадыі замаўлення: адна хвіліна па тэлефоне, да прыкладу, каштуе амаль 4 тысячы рублёў. Яшчэ нічога не парамантавалі, а грошыкі ўжо аддасі. Іншая справа — ЖЭСы, тут кошты меншыя амаль удвая, але ж антырэклама.

У камунальнікаў пытаемся, хто замаўляе платныя паслугі і ці карыстаюцца яны папулярнасцю.

“Ну, хто пабагацей — той замаўляе такія працы ў прыватнікаў, канечне, а сярэдні клас, так бы мовіць, — у нас”, — кажуць у ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна і прыводзяць прыклад, што яшчэ колькі гадоў таму вельмі карысталася попытам такая паслуга, як усталёўка лічыльнікаў вады. Зімой грошы бралі за расчыстку снегу на стаянцы, а цяпер збольшага кансультуюць наконт паломак.

Адна кансультацыя каштуе каля 10 тысяч рублёў. Укруціць лямпачку, да прыкладу, каштуе 2 тысячы, замяніць ванну — болей за 200 тысяч, але гэту паслугу замаўляюць не часта.

“А шкада”, — скардзяцца камунальнікі. Штомесяц “зверху” кожнаму ЖЭСу даводзіцца план на выкананне платных паслуг. Калі яны не спраўляюцца — пазбаўляюць часткі прэмій.

“У нас вялікі ЖЭС, шмат дамоў, таму і план у нас вялікі — 68 мільёнаў за месяц”, — распавядаюць у ЖЭСе № 126 Фрунзенскага раёна. Але заўважаюць, што спраўляюцца: на лямпачках, кансультацыях ды рамонтах.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі тлумачаць, што, згодна з прынятай летась пастановай, камунальнікі на месцах не даюць справаздачу па заробленых грошах і міністэрства гэтыя сродкі не падлічвае. Чыноўнікі паўтараюць, што часта ЖЭСы выходзяць у нуль, і тое, што яны зарабляюць — мізэр, бо трэба яшчэ расплаціцца з тымі, хто працы выконваў.

Камунальнікі ЖРЭА № 1 Фрунзенскага раёна таксама кажуць: даходы ад платных паслуг застаюцца на прадпрыемстве. Частка грошай ідзе на аплату матэрыялаў, частка на заробкі.

“З гэтых грошай выплачваюцца заробкі, грошы ідуць на пакрыццё выдаткаў. Калі нешта застаецца, гэта ідзе ў прыбытак прадпрыемства”, — на прадпрыемстве кажуць, што амаль не зарабляюць і жывуць за кошт субсідый дзяржавы ды жыхароў, якія, як вядома, каторы год пакрываюць выдаткі на аплату камунальных паслуг толькі на 25%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі