“З'яўляюцца заўчаснымі”: МУС патлумачыла, чаму адмаўляе папраўкі ў артыкул 328

“З'яўляюцца заўчаснымі”: МУС патлумачыла, чаму адмаўляе папраўкі ў артыкул 328

2 красавіка стала вядома, што Савет міністраў не ўзгадніў папраўкі ў артыкул 328 Крымінальнага кодэкса. Прычына — пазіцыя Міністэрства ўнутраных спраў. Нягледзячы на грамадскую дыскусію, якую ўзнялі ўдзельніцы “Матчынага руху 328”, МУС мэтанакіравана выступае супраць змякчэння пакаранняў па 2-й і 3-й частках наркатычнага артыкула.

Еўрарадыё папрасіла МУС аргументаваць сваю пазіцыю. 2 красавіка мы атрымалі адказ за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Генадзя Казакевіча.

Пазіцыя МУС заключаецца ў тым, што жорсткае антынаркатычнае заканадаўства, прынятае ў 2014 годзе (тады дэкрэт №6 узмацніў крымінальную адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў), “дазволіла не толькі стабілізаваць наркасітуацыю ў краіне, але і дамагчыся штогадовай станоўчай дынамікі”. Сцвярджэнне падмацоўваецца статыстыкай.

 

“З'яўляюцца заўчаснымі”: МУС патлумачыла, чаму адмаўляе папраўкі ў артыкул 328
Адказ МУС на запыт Еўрарадыё

Пры гэтым у міністэрстве лічаць, што праблема распаўсюджвання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў не страчвае сваёй актуальнасці.

“Улічваючы выкладзенае, прапановы аб зніжэнні тэрмінаў пакарання, звязаных з пазбаўленнем волі, па артыкуле 328 КК з'яўляюцца заўчаснымі”, — працягваюць у ведамстве.

Акрамя таго, міністэрства ўказвае на артыкул 70 Крымінальнага кодэкса, які дазваляе суду пакараць злачынцу меншым тэрмінам, чым прадугледжвае КК.

“З улікам асобы вінаватага і пры наяўнасці выключных абставін, звязаных з мэтамі, матывамі, роллю асобы і яе паводзінамі падчас або пасля здзяйснення злачынства, якія істотна змяншаюць ступень грамадскай небяспекі дзеяння, суд можа прызначыць пакаранне ніжэй самай нізкай мяжы, прадугледжанай адпаведным артыкулам КК, альбо прызначыць больш мяккі від пакарання, чым прадугледжана гэтым артыкулам.

Такім чынам, на нашу думку, у Рэспубліцы Беларусь сфарміраванае дзейснае заканадаўства, яго палажэнні адэкватныя сітуацыi, якая складваецца, і не патрабуюць карэкціроўкі”, — падсумоўваюць у МУС.

За тое, каб апусціць ніжэйшы парог пакарання па “наркатычным” артыкуле 328, выступаюць удзельніцы “Матчынага руху 328”. Яны лічаць, што далёка не ўсе асуджаныя па 3-й частцы артыкула насамрэч належалі да арганізаваных злачынных груп, і выступаюць за перагляд прысудаў, якія атрымалі іх дзеці.

Сёння “Маці-328” пікетавалі Палату прадстаўнікоў і сустракаліся з дэпутатамі Васілём Чэканам і Валянцінам Міхневічам. Абодва дэпутаты упэўнівалі родных асуджаных па артыкуле 328, што асабіста выступаюць за змякчэнне адказнасці, аднак не могуць уплываць на пазіцыю МУС. На сустрэчы было вырашана, што прадстаўніцы “Матчынага руху 328” Таццяна Канеўская і Ліяна Шуба будуць запрошаныя на пасяджэнні працоўнай групы па абмеркаванні антынаркатычнага заканадаўства.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі