Абітурыентка: Пайду на інжынера-эканаміста, буду праграмкі пісаць
Падчас запісу на тэсціраванне абітурыенты збіраюцца на міжнародныя адносіны і ў маркетолагі, але не ведаюць, што будуць рабіць на будучай працы.
“Пайду на інжынерна-эканамічны. Эканаміст з веданнем праграміравання, мяркую, — гэта няблага. Складана ўявіць, чым буду пасля займацца. Праграмкі пісаць, магчыма”, — тлумачыць Еўрарадыё абітурыентка Ганна, якая толькі што запісалася на тэсціраванне.
На пробных іспытах яна мае 338 балаў разам са школьным атэстатам. А каб прайсці ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на абраную спецыяльнасць і вучыцца бясплатна ёй трэба 300.
Сёлетняя выпускніца гімназіі Уладзіслава ідзе на Міжнародныя адносіны, каб вывучаць міжнароднае права. Але не ведае, чым хоча займацца пасля заканчэння ВНУ!
“Можа, і не па спецыяльнасці буду працаваць. Пайшла туды, бо цікаўлюся міжнародным правам, філасофіяй, гісторыяй”, — адказвае Уладзіслава.
На пробным тэсціраванні разам з атэстатам гімназістка мае 315 балаў. Не дацягвае да “бюджэту” на міжнародных адносінах, леташні прахадны там — 374 балы па трох тэстах і атэстаце.
Наста, якая сёлета заканчвае школу, запісваецца на тэсціраванне, каб здаць матэматыку, беларускую і нямецкую мовы. Хоча паступіць у Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва на міжнародны маркетынг.
Але чым дакладна хоча займацца пасля вучобы, адказаць не можа. Затое інстытут прыватны, ніякага размеркавання!
А вось выпускнік каледжа электронікі Максім дакладна ведае, чым будзе займацца пасля вучобы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце на інжынера-праграміста.
“Я ў дзяцінстве камп’ютары любіў. Цяпер ужо працую з графічнымі рэдактарамі. А пасля вучобы займуся стварэннем сайтаў”.
Абітурыентка Воля з дапамогай тэсціравання хоча змяніць прафесію. Цяпер займаецца гандлем, заканчвала гандлёвы каледж, але хоча быць… эканамістам. Але куды паступаць, яшчэ не вырашыла.
За першыя два дні запісу на тэсціраванне ў БДУ прыйшлі крыху больш за 100 абітурыентаў. Гэта толькі 1—2% ад усіх, каго БДУ гатовы прыняць на іспытах, паведамляюць у галоўнай ВНУ краіны.
І адзначаюць, што большасць — выпускнікі школ. Патэнцыйных завочнікаў, хто хоча змяніць спецыяльнасць ці проста атрымаць вышэйшую адукацыю, пакуль мала. І сапраўды, за дзве гадзіны, праведзеныя перад камісіяй па запісе на тэсціраванне, заўважаю не больш за 15 абітурыентаў.
Фота: sevkray.ru