Абітурыентка, якая здавала мову на тэстах: А што там доўга можна пісаць?
Чаму абітурыенты выбіраюць беларускую мову і ці цяжкія заданні на тэсце, Еўрарадыё спыталася ў абітурыентаў, якія 14 чэрвеня прыйшлі на ЦТ па мове.
14 чэрвеня ў абітурыентаў пачалася ўступная кампанія: сёння яны здаюць першае тэставанне — па беларускай мове. Сёлета на гэты тэст запісалася каля 24 тысяч чалавек, хаця яшчэ ў мінулым годзе жадаючых здаваць беларускую мову было амаль на 3 тысячы болей.
Каля 700 абітурыентаў здаюць тэст у галоўным корпусе БДУ ў Мінску. Яшчэ частка здае іспыт у педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
Некаторыя будучыя студэнты прыязджаюць з бацькамі, некаторыя самі, а нехта нават спазняецца на тэст і воляю правяраючых на ўваходзе іх прапускаюць у будынак, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэставанне.
Яшчэ некалькі секунд і гэты хлопец спозніцца на іспыт! Бяжы, хлопча, бяжы!
Аляксандр прыйшоў здаваць мову па простай прычыне.
"Бо гэта родная мова наша, таму і здаю. Маю вышэйшую педагагічную адукацыю, але хачу яшчэ юрыдычную адукацыю, бо гэта прыкольна. На беларускай мове размаўляю толькі з тымі, хто размаўляе на мове, а так, не вельмі часта", — кажа Аляксандр і накіроўваецца ў будынак.
Будучы матэматык Зміцер будзе здаваць мову, бо яе лягчэй здаць.
"Люблю беларускую мову, і па статыстыцы беларускую мову здаваць лягчэй, чым рускую. Рэпетыцыйнае тэставанне не здаваў, толькі матэматыку і фізіку, але можна я не буду казаць пра вынікі? Хацелася, каб яны былі вышэйшымі", — кажа Зміцер.
"Я вучылася на ней, я да яе прывыкла. Буду паступаць у Беларускі нацыянальны гасударственны ўніверсітэт турызма і гасцепрыімства", — спрабуе сябе ў беларускай мове Вераніка. Гэта не першая яе адукацыя, а беларускую мову выбрала, бо мова падабаецца.
"Люблю беларускую мову" і "мову лягчэй здаваць" — самыя папулярныя адказы абітурыентаў.
Дзяўчаты нясуць спісы тых, хто заўтра будзе здаваць ЦТ па рускай мове - такіх у гэтым годзе значна больш — каля 77 тысяч абітурыентаў!
У 11.00 дзверы ВНУ зачыніліся. А ўжо праз 22 хвіліны выйшаў першы абітурыент. Як высветлілася, хлопцу стала дрэнна ў аўдыторыі ды яшчэ і перахваляваўся — з іспыту пайшоў на сваіх нагах і прыйдзе здаваць беларускую мову ў рэзервовы дзень, 5 ліпеня.
Першая ж абітурыентка, якая тэст скончыла, выйшла праз 50 хвілін. Ганна Помінава распавядае Еўрарадыё, што тэст па беларускай мове быў для яе вельмі лёгкім.
"А што там доўга рабіць?" — пытаецца дзяўчына. Яна марыць стаць настаўніцай пачатковых класаў, як і яе маці — будзе паступаць у педагагічны універсітэт імя Максіма Танка. Да тэста рыхтавалася таксама з мамай.
Вікторыя выйшла з аўдыторыі прыкладна праз гадзіну дзесяць хвілін − на тэст адводзіцца дзьве гадзіны.
"Было вельмі душна ў аўдыторыі, — цяжка ўздыхнула дзяўчына. — Не ведаю, як вытрымала. Заданні былі даволі лёгкімі, але зараз вам не змагу ўспомніць ніводнага прыкладу".
Яшчэ адна абітурыентка прыйшла на экзамен у прыгожай сукенцы — Вольга Зінюк вучылася ў беларускамоўнай школе, родам з Гродзенскай вобласці. І для яе тэст па беларускай мове не стаў цяжкім выпрабаваннем.
"Я буду паступаць у аграрны ўніверсітэт у Гродне. У мінулым годзе прахадны бал быў там 150 балаў, мне павінна хапіць. Здаецца, я на балаў 50 напішу беларускую мову. Мне заданні былі лёгкімі, самым цяжкім было заданне часткі Б, трэба было ўключыцца", — радасна кажа Вольга.
Для Віктара экзамен па беларускай мове — таксама свята, ён прыйшоў на тэст у касцюме і пры гальштуку. Віктар працуе будаўніком, кажа, што ёсць свой бізнэс, а вось адукацыі вышэйшай няма. І заўважае, што для яго беларуская мова стала выпрабаваннем.
"Я скончыў школу ў 1996 годзе і тады вышэйшую адукацыю не атрымоўваў. А цяпер спатрэбілася — хачу паступіць на гістарычны факультэт. Канечне, тэст па беларускай мове прымусіў у некаторых заданнях падумаць: даўно вучыўся, таму некаторыя моманты для мяне цяжкія", — заўважыў Віктар.
Як адзначалі Еўрарадыё многія абітурыенты, тэст па беларускай мове быў для іх нескладаным. Спадзяемся, і вынікі будуць лепшымі, чым леташнія, калі амаль з 27 тысяч абітурыентаў толькі 15 чалавек напісалі тэст на 100 балаў.