Абмеркаванне антыкарупцыйнага закона: “Улада павінна мяняцца"
Праект новага антыкарупцыйнага закона быў выстаўлены на грамадскае абмеркаванне яшчэ ўлетку, але дата яго прыняцця дагэтуль не вядомая.
Праект новага закона “Аб супрацьдзеянні карупцыі” быў апублікаваны ў друкаваных СМІ і інтэрнэце задоўга да абмеркавання ў Палаце прадстаўнікоў. Нагода — жаданне абмеркаваць яго з грамадствам і ўнесці прапанаваныя людзьмі папраўкі. Прайшло чатыры месяцы, сесія дэпутатаў у разгары, а пра новы антыкарупцыйны закон пакуль не чуваць. У Генеральнай пракуратуры, якая ў тым ліку займалася распрацоўкай праекту, Еўрарадыё расказваюць, што цяпер акурат узгадняюць усе прапановы.
“Калі адбудзецца абагульненне ўсіх гэтых прапановаў і вынясенне канчатковага рашэння, мы пакуль не можам сказаць. Але пакуль гэтага не будзе зроблена, мы не можам каментаваць. Такое прынятае рашэнне”, — кажуць у прэс-службе ведамства.
І дадаюць, што прапановаў паступіла вельмі шмат. Дасылалі як у дзяржаўную газету, што апублікавала праект, так і непасрэдна ў Генпракуратуру. Абмяркоўваюць праект новага антыкарупцыйнага закона і на форумах у інтэрнэце. Сярод найбольш папулярных прапаноў — свабодны доступ да інфармацыі аб прыбытках чыноўнікаў.
“Прапаную абавязаць усе дзяржаўныя арганізацыі публікаваць фінансавыя дакументы аб выдатках бюджэтных сродкаў, а ў адкрытым доступе — на афіцыйных сайтах гэтых устаноў, для ажыццяўлення грамадскага кантролю расходу бюджэтных сродкаў”, — піша Алег на “Прававым форуме Беларусі”, адгалінаванні сайта pravo.by.
Некаторыя прапануюць пайсці яшчэ далей і публікаваць нават падрабязныя біяграфіі чыноўнікаў, каб тыя не маглі таемна раздаваць ніжэйшыя пасады сябрам, родным і землякам.
“Лічу, што біяграфіі ўсіх дзяржслужачых і дзяржаўных службовых асоб усіх рангаў ад самага ніжэйшага да самага вышэйшага, павінны быць у вольным доступе. А то бывае, скардзіцца нехта вышэйстаячаму, да прыкладу, пракурору на ніжэйстаячага, а аказваецца, што гэтыя пракуроры даўно знаёмыя (вучыліся разам, жылі ў адным горадзе ці вёсцы, служылі і г.д.) і нават сябруюць. У такім выпадку са 100% упэўненасцю можна сказаць, што не можа быць і гаворкі пра непрадузяты разгляд вашай скаргі”, — піша Ларыса.
Абмяркоўваюць праект закона і на сайце дзяржаўнай газеты. Прычым, водгукі часам поўныя скепсісу і больш арганічна выглядалі б на якім-небудзь "апазіцыйным" сайце, чым на старонцы газеты Адміністрацыі кіраўніка краіны.
“Закон патрэбны, але спадзявацца, што карупцыя знікне, наіўна. У нас дамінуе дзяржаўная ўласнасць, а значыць, кумаўство, крадзеж і карупцыя. Я б сказаў, што да карупцыі нашы чыноўнікі яшчэ не дараслі)), проста нахабна крадуць і пілуюць бюджэт. Прыклады ўсе прыведзеныя ў гэтай жа газеце. Адна мадэрнізацыя абышлася народу ў мільярды параскраданых грошай. Улада павінна мяняцца раз на пяць гадоў, інакш абрастаюць мохам, сувязямі і карупцыйнымі схемамі. У Швейцарыі мяняюцца кожны год. Жывуць і квітнеюць”, — выказвае прапанову на сайце дзяржаўнай газеты Аляксандр .
Паралельна з дзяржаўнымі органамі сваё бачанне барацьбы з карупцыяй у Беларусі прадставіла апазіцыя. “Антыкарупцыйная платформа” распрацоўвалася пры ўдзеле ўсіх буйнейшых апазіцыйных і незалежных грамадскіх арганізацый і была прадстаўленая ў канцы лістапада. Юрась Губарэвіч з Руху “За Свабоду” гаворыць, што публікацыя інфармацыі аб прыбытках чыноўнікаў можа перашкодзіць карупцыйным схемам.
“Публікацыя інфармацыі пра прыбыткі чыноўнікаў вядзе да празрыстасці. І дае магчымасць знайсці адказ на пытанне, чаму чыноўнік, які афіцыйна зарабляе тысячу долараў у месяц, за некалькі гадоў працы можа пабудаваць сабе катэдж коштам паўмільёна долараў”.
А вось калі будзе прыняты новы закон “Аб супрацьдзеянні карупцыі” і ці адбудзецца гэта да Новага года, пакуль не вядома. Дэпутаты ў кулуарах толькі абмяркоўваюць нюансы законапраекта. У Генпракуратуры таксама кажуць, што пэўнай даты няма.
“Ведаеце, гэта, магчыма, адбудзецца бліжэй да Новага года. Магчыма”.
Тым часам пятая сесія ў Палаце прадстаўнікоў завершыцца 19 снежня. Калі закон не прымуць да гэтай даты, чакаць яго прыйдзецца да вясны.