Ад дзяржавы — 35%: чыноўнікі прапануюць рамантаваць асфальт у складчыну
Ямы, ліквідаваць якія ў чыноўнікаў "няма сродкаў" / фота чытача Еўрарадыё
Жыхары вёскі Юхнаўка Мінскага раёна скардзяцца, што адказныя службы не латаюць ямы ў асфальце. Такая самая праблема ў суседніх пасёлках Гарадзішча і Дубраўка. Калі звяртаюцца з пытаннямі да мясцовых чыноўнікаў, тыя прапануюць вяскоўцам складвацца грашыма на рамонт дарожнага пакрыцця.
— З улікам таго, што фінансаванне, скажам так, такое, якое ёсць, мы прапануем рамонт дарог з сумесным капіталам: 65 адсоткаў вашых сродкаў, 35 адсоткаў дзяржаўных. І тады мы бяромся і робім дарогу аж да асфальту, — дае тлумачэнні Юрый Кустаў, выканаўца абавязкаў старшыні Калодзішчанскага сельвыканкама.
— На прыклад, у мяне ў бюджэце ёсць сто рублёў, — працягвае чыноўнік. — За сто рублёў я, умоўна, магу зрабіць тры дарогі. Каму ў гэтым выпадку мне аддаць прыярытэт: Юхнаўцы, Гарадзішчу, Калодзішчам?
У той жа час прыходзяць людзі з ініцыятыўнай групы, маўляў, мы ўкладваемся на 65 адсоткаў, дапамажыце нам тэхнікай і людзьмі. Мы ўкладваемся. І ў выніку для дзяржавы гэтая дарога атрымліваецца ў тры разы таннейшая. За сто рублёў я зраблю не тры дарогі, а дзесяць.
Але навошта аддаваць прыярытэт нейкай вёсцы, калі дарогі можна адрамантаваць па чарзе згодна з планам рамонту?
— Планаў цяпер няма, іх скасавалі. Іх проста няма, — апраўдваецца Юрый Кустаў. — Хочаце, я падам заяўку ў "Мінрайгаррамаўтадар". Але якая заяўка, такі і адказ прыйдзе: "Цяпер няма фінансавання. Чакайце, калі з'явіцца". Кажу проста і адкрыта і абяцанкамі я вас таксама карміць не буду. У "Мінрайгаррамаўтадар" мы перыядычна заяўкі падаём. У плане грэйдавання [выраўноўвання дарог адвалам. — Еўрарадыё] яны іх перыядычна праводзяць.
Уладальнікі аўто ў Беларусі плацяць транспартны падатак. З яго сродкі павінны размяркоўвацца на рамонт і падтрыманне дарожнай інфраструктуры: палова ў цэнтральны рэспубліканскі бюджэт і палова ў мясцовыя бюджэты. Няўжо ў Калодзішчанскім сельвыканкаме на дарогі няма грошай?
— Дык адкуль яны возьмуцца? — адказвае Юрый Кустаў. — Вось мы цяпер робім мост. А гэта ўсё звёны аднаго ланцуга. Грошы не растуць на дрэвах, іх трэба зарабляць.
На сённяшні дзень стаўка транспартнага падатку ў Беларусі залежыць ад вагі транспартнага сродку, колькасці пасадачных месцаў, віду і прызначэння транспарту. У залежнасці ад гэтых параметраў фізасобы-аўтамабілісты плацяць ад 41 да 223 рублёў у год, а юрыдычныя асобы — ад 70 да 325 рублёў. У 2021 годзе агульная сума транспартнага падатку, выплачанага беларусамі, склала 42 мільёны рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.