Адабранне дзяцей у рабочых “Белшыны”: бацьку вернуць грошы за сацыяльны прытулак
У судзе Бабруйска завяршыўся гучны працэс, дзе вырашаўся лёс дзяцей Настассі Навоевай і Генадзя Гарленкі. Абодва — рабочыя “Белшыны”.
Аддзел адукацыі Ленінскага раёна горада звярнуўся ў суд, каб канчаткова адабраць дзяцей у мамы і пазбавіць тату бацькоўскіх правоў. Чыноўнікі лічылі жанчыну псіхічна нездаровай, а бацьку абвінавачвалі ў тым, што ён самаўхіліўся ад выхавання. Але суд адмовіў.
Перад гэтым Камітэт судовых экспертыз правёў псіхіятрычныя і псіхалагічныя даследаванні абаіх бацькоў. Ніякіх адхіленняў выяўлена не было. Да таго ж, як на судзе адзначыла пракурор, чыноўнікі самі дзейнічалі непаслядоўна. Напрыклад, своечасова не паведамілі бацьку, што змясцілі дзяцей у сацыяльны прытулак.
“Я дабілася справядлівасці і чакаю 14 сакавіка, калі пастанова суда набудзе моц. Лічу, што на перасуд яны (аддзел адукацыі, — Еўрарадыё) не пададуць. Хачу ціха забраць дзяцей, хоць спакойна жыць мне ўсё адно не дадуць”, — кажа Настасся Навоева.
Малыя Іван і Ульяна прабылі ў сацыяльным прытулку блізу 11 месяцаў. За іх утрыманне плаціў бацька. Таму суд пастанавіў кампенсаваць Генадзю Гарленку пэўную суму (дакладны яе памер Еўрарадыё пакуль не вядомы). Аднак, паводле дзяржаўных нарматываў, за утрыманне дваіх дзяцей у прытулку бацька павінен быў заплаціць больш за 22,6 мільёна рублёў.
“Гэтым займаецца бухгалтэрыя, колькі было налічана грошай. У мяне на руках няма матывіровачнай часткі пастановы суда і з сітуацыяй я пакуль да канца не разабралася”, — паведамляе Еўрарадыё Ала Калеснічэнка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйска.
Падобна на тое, што рашэнне суда стала па-сапраўднаму нечаканым і для Камісіі па справах непаўналетніх Ленінскага раёна Бабруйска. Там, насуперак звесткам з Камітэту судовых экспертыз, лічаць, што Навоева — неўраўнаважаны чалавек і што грошы за ўтрыманне дзяцей у прытулку з аддзела адукацыі спагнаныя не будуць.
Для самога Генадзя Гарленкі фінансавае пытанне не самае важнае.
“Грошы павінны вярнуць, але як яно будзе — невядома. Галоўнае, каб аддзел адукацыі пасля ўсяго гэтага даў нармальна жыць”, — з палёгкай выдыхае Гарленка.
Нагадаем, што гісторыя Настассі Навоевай выбухнула на ўсю Беларусь летась восенню. Стала вядома, што бабруйчанку змясцілі ў СІЗА за… збіццё ўчастковага. А дзяцей забралі ў сацыяльны прытулак. Пры гэтым Навоева сама была сіратой і ў многім цярпела за свой выбуховы і ўпарты характар. Аднак ніхто з суседзяў Настассі не сказаў пра яе нічога дрэннага. З Гарленкам яна разышлася, але бацька дзяцей сплачваў аліменты і дапамагаў у іх выхаванні.
Аказалася, што інцыдэнт з міліцыянерам меў месца ў момант, калі Навоевай у бабруйскім шпіталі адмовіліся вяртаць дзяцей. Пазней у сеціве з’явіліся фотаздымкі сутычкі з участковым. Мяркуючы па фота, якраз міліцыянер жорстка скручваў жанчыну, прытым, не ў шпіталі, а на прыпынку грамадскага транспарту.
За гвалт над чалавекам у пагонах Навоева была асуджаная да “хіміі” без накіравання ў месца пазбаўлення волі. Пазней стала вядома пра штраф, які мацеры-адзіночцы далі за збіццё яшчэ аднаго міліцыянера, яе былога сужыцеля.
За Навоеву многія заступіліся. Знайшліся добразычліўцы, якія дапамаглі ёй з аплатай юрыдычных паслуг. Але на апошнім судзе і маці, і бацька абараняліся без адвакатаў. І перамаглі.