Актывістам прафсаюза РЭП сям'і Стрыжакоў на мяжы зладзілі асабісты дагляд
Гомельскіх актывістаў прафсаюза РЭП Андрэя і Яўгенію Стрыжак увечары 13 сакавіка затрымалі на беларускай-літоўскай мяжы. Гэта адбылося на памежным пераходзе "Каменны Лог", паведаміў у сацсетках Андрэй Стрыжак.
"Зайшлі на пагранпераход у 20.45 і выйшлі ў 23.50, ніхто не патлумачыў прычыны, па якіх нас знялі з рэйсу. Наладзілі асабісты дагляд (распранулі да майткоў і дагледзелі ўвесь багаж). Канфіскавалі тры кактусы, якія мы везлі ў падарунак (фітасантарны кантроль строга ахоўвае дзяржаўны суверэнітэт), а яшчэ нам забілі гэтую ноч, за якую трэба яшчэ нейкім чынам дабрацца да Гомеля. Увогуле, прыгоды цалкам вартыя 13-га чысла, але бывае і горш. Дзеянні намесніка начальніка Гродзенскай мытні Сазонава В.П., які санкцыянаваў дагляд, будуць абскарджаныя", — напісаў прафсаюзны актывіст.
Прычыну гэтага дагляду актывістам не паведамілі.
Праваабарончы сайт "Вясна" паведаміў, што гэта не адзіны такі выпадак за апошнія дні. 7 сакавіка на станцыі Гудагай былі знятыя з цягніка для асабістага дагляду намесніца старшыні прафсаюза РЭП Зінаіда Міхнюк і каардынатар моладзевай сеткі РЭП Ганна Дусь, якія ехалі з Вільні ў Мінск.