Алесін: Калі беспілотнік шпіёнскі, то гэта сур’ёзны міжнародны скандал

Паводле інфармацыі “відавочца”, 28 траўня непадалёк ад вёскі Картыжы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці беларускія ваенныя збілі беспілотнік, нібыта падобны да “БПЛА “Птэра-G0”, са складу беспілотнага авіяцыйнага комплексу “Птэра-СМ” расійскай вытворчасці”. Самае цікавае, што такіх апаратаў няма на ўзбраенні беларускай арміі.

У Міністэрстве абароны Беларусі не пацвярджаюць, але і не абвяргаюць інфармацыю пра збіты беспілотнік.

“Міністэрства абароны вывучае дадзеную інфармацыю. На гэты момант падстаў для каментарыяў у нас няма”, — заяўляе Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Мінабароны Уладзімір Макараў.

Ва Упраўленні ваеннай контрвыведкі КДБ таксама не здолелі ніяк пракаментаваць інфармацыю. Маўляў, сілы супрацьпаветранай абароны ў любым выпадку падпарадкоўваюцца ваенным. А па словах “відавочца”, праз хвілін 10 пасля падзення беспілотніка на месца здарэння прыехалі беларускія вайскоўцы.

Сам факт з’яўлення ў беларускім небе беспілотніка, які не належыць вайскоўцам, не выключаны, кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін. І сучасныя сродкі, каб яго збіць, у нашых сіл супрацьпаветранай абароны ёсць — выпадак з лёгкаматорным шведскім самалётам з мядзведзікамі прымусіў імі абзавесціся. Збіць беспілотнік маглі і з ПЗРК — пераноснага зенітна-ракетнага комплексу, і з комплексаў “Страла-10” ці “Аса”, і з сучасных комплексаў “Тор”, дывізіён якіх нам паставіла Расія. І пасля паражэння цэлі з гэтых комплексаў ад беспілотніка нешта нават яшчэ б і засталося — для яго ідэнтыфікацыі.

Іншая справа — прыналежнасць гэтага беспілотніка, чый ён? Тут ёсць дзве версіі. Першая — шпіёнская.

“Калі нейкая дзяржава адважылася запусціць такі апарат, то гэта пагражае сур’ёзнымі абвастрэннямі ў адносінах паміж дзяржавамі. Калі будзе вызначаная дакладная дзяржаўная прыналежнасць гэтага апарата. Вядзенне выведкі азначае несанкцыянаванае пранікненне ў нашу паветраную прастору”, — папярэджвае Алесін.

                                       Аляксандр Алесін

Да ўсяго, не выключана, што чалавек, які запускаў і сачыў за беспілотнікам (будзем у гэтай версіі лічыць яго шпіёнам), павінен быў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Бо пераважная большасць БПЛА маюць радыус дзеяння 20-30, максімум 50 кіламетраў. Безумоўна, кажа Алесін, ёсць і больш салідныя апараты, якія лётаюць на 100 кіламетраў, але і каштуюць яны вялікіх грошай. Праўда, калі паглядзець на мапу, тое, як недалёка ад расійскай мяжы знаходзіцца вёска Картыжы, то бачна: імавернасць знаходжання ўладальніка беспілотніка за дзяржаўнай мяжой не выключаная.

Праўда, тут арыгінальную думку выказвае пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў: маўляў, мяжы паміж нашымі краінамі няма, і збіваць нейкі “лётны прадмет” на падставе незаконнага перасячэння мяжы няма патрэбы…

                                            Аляксандр Сурыкаў

Але ў гэтай версіі ёсць значны мінус: Аляксандр Алесін не здолеў прыгадаць, каб менавіта ў гэтым раёне было хоць нешта вартае ўвагі замежных шпіёнаў…

Другая версія — бытавая.

“Цалкам можа быць, што гэты апарат належыць фізічнай асобе. Апроч таго, камплектуючыя можна цяпер набыць практычна паўсюль: і малагабарытныя рухавікі, і сістэмы радыёкіравання, тэлекамеры для назірання — для чалавека з вопытам авіяцыйнага мадэлявання самому зрабіць такі беспілотнік не праблема”, -- разважае Алесін.

Набыць і запусціць такі апарат мог, да прыкладу, нейкі фермер — пасевы агледзець ці статак пракантраляваць. Ці, нагадвае Алесін пра недалёкую мяжу з Расіяй, маглі прыехаць “бязбашанныя расіяне, якія часта альбо не ведаюць, альбо свядома ігнаруюць нашы законы”, і запусціць птушку ў неба на радасць дзецям. І мог ён зваліцца сам -- ніхто беспілотнік не збіваў...

Карацей, пакуль няма дакладнай інфармацыі пра тое, ці быў той беспілотнік на самай справе, што ён з сябе ўяўляў па магчымасцях і якая яго прыналежнасць, можна толькі разважаць над гэтымі дзвюма версіямі.

Ну, і даць параду аматарам запускаць самалёцікі ў неба:

“Калі гэта авіямадэль з радыёкіраваннем, якая ўзнімаецца на вышыню 30 метраў і яе радыус да 1 кіламетра, — гэта адно. А калі гэта сур’ёзны апарат, які ўзнімаецца на вышыню 50 метраў і больш, калі яго сродкамі супрацьпаветранай абароны можна выявіць і дальнасць яго складае некалькі дзясяткаў кіламетраў, такі апарат павінен быць зарэгістраваны і на яго палёт павінны быць атрыманы дазвол”. 

А то будзе вось так...

Фота: Змітра Лукашука, tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі