Бабруйскім бацькам не вяртаюць дзяцей, хоць яны выйгралі суд у чыноўнікаў
Настасся Навоева і Генадзь Гарленка з Бабруйска не могуць забраць сваіх дзяцей з прытулку, нягледзячы на рашэнне суда. 4 сакавіка суд Бабруйска адмовіў аддзелу адукацыі Ленінскага раёна горада ў іску аб пазбаўленні Навоевай і Гарленкі бацькоўскіх правоў. Паводле рашэння, аддзел адукацыі не толькі прайграў справу, але і павінен кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей у прытулку. Канкрэтную суму чыноўнікі Еўрарадыё не назвалі. Але па ідэі сума можа быць большай за 20 мільёнаў рублёў.
Генадзь Гарленка атрымаў копію рашэння суда ў панядзелак, 14 сакавіка. Ён і Навоева збіраліся ў той жа дзень забраць дзяцей, Івана і Ульяну, з сацыяльнага прытулку Бабруйска. Спадзяваліся, што судовая пастанова набудзе моц. Малыя, як кажа іх бацька, сядзелі на чамаданах і радаваліся, што хутка вернуцца дадому. Але гэтага не здарылася.
“У рашэнні суда не было ўказана, каму менавіта вяртаць дзяцей — мне, Настассі ці абаім бацькам. Я быў у намесніка старшыні суда, якая мне патлумачыла, што трэба пачакаць”, — уздыхае Гарленка.
Нагадаем, што пра гэту гісторыю даведалася ўся краіна ў верасні 2015 года. Настассю Навоеву змясцілі ў СІЗА пасля канфлікту з участковым. Міліцыянера ў сваю чаргу выклікалі лекары бабруйскага дзіцячага шпіталя, якія адмаўляліся вяртаць дзяцей маме. Пазней за канфлікт з участковым Навоева была асуджана да абмежавання волі, але трапіла пад амністыю.
Еўрарадыё звярнулася ў суд Бабруйска па каментарый. Вядучы спецыяліст Алена Сакалоўская тлумачыць, што рашэнне ад 4 сакавіка пакуль сапраўды не набыло законную моц. Здарылася гэта таму, што 9 сакавіка ў суд звярнуўся прадстаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёна з просьбай выдаць матывіровачную частку пастановы. Гэта разгорнутае апісанне, у якім тлумачыцца, чаму суд прыняў тое ці іншае рашэнне. Цяпер ад серады 16 сакавіка будзе адлічвацца 10-дзённы тэрмін, цягам якога аддзел адукацыі зможа наноў падаць касацыйную скаргу на рашэнне суда.
Такім чынам, як мінімум да 26 сакавіка Іван і Ульяна застануцца ў сацыяльным прытулку.
“Дзеці вельмі засмучаныя, мы спрабуем патлумачыць ім, што адбываецца, але ўжо баімся казаць слова “хутка”, — з роспаччу ў голасе выказваецца Настасся Навоева. — Начальнік аддзела адукацыі мне сказала, што ёй не зразумела, каму аддаваць дзяцей. Але гэта выглядае крывадушшам. Калі яны ў мяне неабгрунтавана дзяцей забіралі, нават не патэлефанавалі іх бацьку”.
Жанчына сцвярджае, што днямі гутарыла з кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Бабруйска Аляксандрам Лісоўскім і яго намеснікам Віталём Грахоўскім. Але нічога ўцямнага ёй не патлумачылі і, нягледзячы на рашэнне суда, плячо не падставілі.
“Вось хто стаіць за гэтым усім? Калі гэта пекла ўжо скончыцца? Я працую, плачу падаткі, чаму яны са мной так абыходзяцца?”, — абураецца Навоева.
Для Генадзя Гарленкі такія дзеянні чыноўнікаў не сталі сюрпрызам. Ён чакаў, што з нязручным прысудам яны проста так не змірацца.
“Я лічу, што аб дзецях чыноўнікі з аддзела адукацыі думаюць не ў першую чаргу. Цяпер яны проста над усімі намі глумяцца. Прайгралі суд і не прынялі гэту сітуацыю спакойна”, — выказваецца Гарленка.
Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму Ленінскага раёна Бабруйска. Ці не лічаць чыноўнікі, што зацягванне справы ў судзе найперш можа дрэнна адбіцца на псіхіцы Івана і Ульяны? Аднак задаць гэта пытанне не ўдалося.
“У нас працуе праверка, не можам з вамі размаўляць”, — аднолькава кінулі трубкі начальнік аддзела Ала Калеснічэнка і яе намесніца Алена Мельнік