"Беларуськалій" пра наступствы санкцыі — вырастуць цэны на прадукты харчавання

Шахцёры "Беларуськалія" / Еўрарадыё​
Шахцёры "Беларуськалія" / Еўрарадыё​

Калі ЕС увядзе забарону на транзіт і імпарт калійных угнаенняў з Беларусі, гэта прывядзе да дэфіцыту хлоркалію на глабальным рынку і ў перспектыве — да росту сусветных цэн на прадукты харчавання, паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на прэс-службу "Беларускай калійнай кампаніі".

У БКК нагадалі, што "на долю беларускага калію прыпадае больш за 20% сусветнага экспарту".  Узнікне дэфіцыт угнаенняў, на іх пачнуць расці цэны — і, як вынік, даражэй стануць і прадукты харчавання.

У прэс-службе БКК таксама адзначылі, што на рынку цяпер дэфіцыт калію. І, паводле прагнозу Міжнароднай асацыяцыі вытворцаў мінеральных угнаенняў, ён захаваецца да 2050 года.

"У гэтым годзе ўсе вытворцы працуюць на поўных магутнасцях і ўсё роўна не могуць забяспечыць існуючы ў свеце попыт на калій", — гавораць у прэс-службе кампаніі.

На гэтым фоне найбуйнейшая ў свеце канадская кампанія па вытворчасці ўгнаенняў "Nutrien Ltd." мае намер павялічыць сёлета вытворчасць калію, паведамляе агенцтва "Bloomberg". Мяркуецца, што гэты крок дапаможа зняць асцярогі з нагоды недахопу калію на рынку пасля ўвядзення санкцый супраць Беларусі.

Напярэдадні кіраўнікі МЗС краін ЕС узгаднілі сектаральныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі. Паведамлялася, што абмежаванні могуць закрануць калійны, нафтавы і банкаўскі сектары беларускай эканомікі. Агенцтва BNS раней таксама паведамляла, што Еўрасаюз у межах санкцый мае намер забараніць транзіт і імпарт угнаенняў з Беларусі. Абмеркаванне магчымых санкцый у ЕС працягваецца, яно павінна скончыцца ў чацвер, паведамілі дзве крыніцы BNS.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі