Беларуская Акадэмія: шанц на еўрапейскую адукацыю тым, хто не хоча з'язджаць
“Ідэя нашага праекта — даць магчымасць беларускай моладзі, не з’язджаючы з радзімы, атрымаць еўрапейскую адукацыю”, — расказвае Еўрарадыё прафесар, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава.
Пасля таго як восенню 2020 года з ВНУ Беларусі пачалі праганяць студэнтаў і выкладчыкаў, жанчына прапанавала акадэмічнай супольнасці стварыць віртуальную Беларускую Акадэмію — анлайн-платформу, якая дапаможа наладзіць адукацыйны працэс.
Ад агучвання плана да яго рэалізацыі прайшло ўсяго некалькі месяцаў — ужо ў лютым у Акадэмію на спецыяльнасць “Адміністрацыя” было залічана 25 студэнтаў. З чэрвеня пачаўся набор яшчэ на некалькі спецыяльнасцяў, у тым ліку на дзве магістарскія.
На што могуць разлічваць абітурыенты і чым Беларуская Акадэмія адрозніваецца ад ужо наяўнага ЕГУ — расказвае Святлана Куль-Сяльверстава.
Святлана Куль-Сяльверстава: Ідэю стварэння віртуальнага ўніверсітэта яшчэ ў 2017 годзе агучыў Аляксандр Мілінкевіч, а ў 2020-м яна зноў стала актуальная. Пасля пратэстаў моладзь пачала масава з’язджаць за мяжу. Гэта было чакана: з’явіліся праграмы і стыпендыі, якія не толькі падтрымліваюць маладых беларусаў, але і стымулююць іх адток.
Трэба было нешта прыдумаць, каб, з аднаго боку, заахвоціць моладзь заставацца ў краіне, з другога — даць магчымасць атрымаць адукацыю. Я стала ініцыятаркай стварэння віртуальнай Беларускай Акадэміі, і мяне падтрымалі шмат іншых выкладчыкаў ды навукоўцаў. Польскі фонд “Акно на Усход” аказаў нам адміністрацыйную падтрымку, выступаючы як юрыдычная асоба пры фармальнасцях, якія нам трэба выконваць.
Еўрарадыё: Раскажыце пра прынцып працы Беларускай Акадэміі і чым яна адрозніваецца ад ужо наяўнага ЕГУ?
Святлана Куль-Сяльверстава: На сёння ЕГУ не мае акрэдытацыі ў Літве* і там ёсць пытанні па атрыманні дыпломаў. Наша ініцыятыва ідзе крыху іншым шляхам. Мы не стварылі новую структуру ў сэнсе навучальнай установы з рэктарам, прарэктарам, кабінетамі і гэтак далей, а, паколькі ўжо даўно жывём у лічбавай рэальнасці, прапануем адукацыю праз платформу ў інтэрнэце.
Ад імя фонда “Акно на Усход” мы падпісваем дамовы з замежнымі ВНУ, якія адкрываюць для нас спецыяльнасці. На сёння гэта Вышэйшая школа менеджарскіх кадраў у Коніне, Вышэйшая гуманістычная школа ў Шчэціне і Вышэйшая школа фінансаў і кіравання ў Беластоку. Мы дамаўляемся, і гэтыя ВНУ бяруць на працу нашых выкладчыкаў, плацяць ім грошы і прымаюць абітурыентаў. Нават калі Акадэмія “ляснецца”, студэнты застаюцца вучыцца ў еўрапейскіх ВНУ.
Выкладанне ў Акадэміі ідзе на рускай, беларускай, англійскай і часткова польскай мовах. Але руская і беларуская ў прыярытэце — такі прынцып.
Выкладчыкі праводзяць лекцыі і семінары па праграме Балонскай сістэмы, якая зацверджана ў дадзеных ВНУ, але ў нас ёсць магчымасць карэктаваць яе ў адпаведнасці з беларускімі рэалямі.
Напрыклад, калі выкладаецца тэма “Канстытуцыйнае права”, частка матэрыялу даецца аб тым, як гэтае права функцыянуе ў Еўрасаюзе, частка — як у Беларусі. У выніку студэнты атрымліваюць еўрапейскую адукацыю і дыпломы, якія каціруюцца ва ўсёй Балонскай сістэме: і ў Канадзе, і ў Аўстраліі, і ў Літве, і ў Штатах…
Еўрарадыё: Хто і на якіх умовах можа вучыцца ў Беларускай Акадэміі? Гэта праект выключна для тых, хто пацярпеў у час пратэстаў?
Святлана Куль-Сяльверстава: Не, мы кіруемся Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і прапісаным у ёй правам на адукацыю, якое ёсць у кожнага грамадзяніна. У Акадэміі могуць вучыцца нават небеларусы, калі яны гатовыя атрымліваць адукацыю па-руску і па-беларуску.
Колькі вам гадоў — таксама не важна. Калі раптам вы ўсё ж з’ехалі з Беларусі, вы ўсё роўна можаце вучыцца ў нас, хоць мы і стымулюем кожнага заставацца на радзіме. Што тычыцца ўмоў, тут галоўнае мець доступ у інтэрнэт.
Вучоба ў нас платная. Канешне, мы хацелі б, каб усё было бясплатна, бо разумеем, што не кожны чалавек мае грошы на вучобу. Але наш праект добраахвотны. Нас ніхто не фінансуе: трэба плаціць выкладчыкам, аплачваць працу спецыялістаў, якія ствараюць нам магчымасць весці гэты праект, і, канешне, падаткі.
Адукацыя за год на бакалаўрыяце ў Акадэміі каштуе менш за 1000 еўра, на магістратуры — крыху больш, але можна плаціць два разы за год. Гэта ў два разы танней, чым для іншых студэнтаў-замежнікаў, якія вучацца ў нашых партнёрскіх ВНУ.
Канешне, часам атрымліваецца дамовіцца на стыпендыі, але на ўсіх іх не хапае.
Еўрарадыё: На якія спецыяльнасці вы набіраеце студэнтаў і якія гарантыі, што дыпломы яны ўсё ж атрымаюць?
Святлана Куль-Сяльверстава: Першая спецыяльнасць бакалаўрыята, што ў нас з’явілася, — “Адміністрацыя”. У Беларусі яна ёсць толькі ў Акадэміі пры прэзідэнце. Гэта спецыяльнасць вельмі запатрабаваная на еўрапейскім рынку. Тут збольшага студэнты вывучаюць прававыя дысцыпліны, але ёсць і гуманітарныя прадметы, і эканоміка.
Другая спецыяльнасць — “Бізнес-менеджмент і медыяцыя”. Між іншым, тут мы супрацоўнічаем са швейцарскім універсітэтам і па яго праграме. Спецыяліст, які вывучыўся на гэтую спецыяльнасць, — бізнесмен, які можа праводзіць карпарацыйныя перамовы і гасіць канфлікты. Медыятары — гэта цэлая запатрабаваная перфарацыя ў Еўропе з высокім заробкам.
“Менеджмент у тэлемедыях і журналістыцы” — спецыяльнасць, цікавая не толькі патэнцыйным журналістам, але, напрыклад, блогерам, рэкламістам і тым, хто хоча кіраваць медыйнымі праектамі.
Што тычыцца магістарскіх спецыяльнасцяў, на сёння іх дзве. Першая — “Прафесійна-псіхалагічнае кансультаванне і работа з кадрамі”. Адсюль выходзіць спецыяліст, які ўмее падбіраць кадры, дапамагаць чалавеку рабіць кар’еру. У нас у Беларусі, на жаль, няма такой важнай спецыяльнасці.
Другая — “Менеджмент на вытворчасці”. Выпускнік гэтага курса атрымае веды, якія дапамогуць яму займацца шырокім колам пытанняў: ад закупкі сыравіны да продажу ў краме.
Еўрарадыё: Беларуская Акадэмія — магчымасць не толькі атрымаць адукацыю, але і выкладаць. Раскажыце пра выкладчыкаў.
Святлана Куль-Сяльверстава: З-за сітуацыі ў Беларусі не магу агучыць усе прозвішчы, але мы бяром на працу сапраўдных прафесіяналаў. Сацыялогію ў нас выкладае Генадзь Коршунаў — былы дырэктар Інстытута сацыялогіі, адзін з першых сацыёлагаў у Беларусі.
Філасофію — прафесар Марына Мажэйка, мае цэлую філасофскую школу.
Псіхалагічныя дысцыпліны выкладае Лідзія Лысюк. Яна каардынуе магістарскую спецыяльнасць. Усіх называць не буду, але падаткі ўсе плацяць.
Яшчэ нам патрэбны эколаг і прававеды-міжнароднікі. “Культуралогію” трымаю і не аддаю нікому пад адну вядомую і шанаваную прафесарку, якая цяпер, на жаль, фізічна не можа з намі скантактавацца. Думаю, беларусы зразумеюць, хто гэта. Гэты курс пад яе захоўваецца, і мы яго нікому не аддаём.
*З рэдакцыяй Еўрарадыё звязаўся кіраўнік аддзела камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімас Мілта, які абверг словы Святланы Куль-Сяльверставай наконт адсутнасці акрэдытацыі універсітэта ў Літве:
"ЕГУ — гэта поўнасцю акрэдытаваны ўніверсітэт, які працуе згодна з літоўскім і еўрапейскім заканадаўствам, — адзначае прадстаўнік вучэбнай установы. — Рэгулярную і незалежную інстытуцыйную і праграмную ацэнку ЕГУ ладзіць Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы. Усе бакалаўрскія, магістарскія і доктарскія праграмы, якія ажыццяўляе ЕГУ, паспяхова прайшлі знешнюю ацэнку на адпаведнасць па літоўскіх патрабаваннях у галіне якасці адукацыі. Універсітэцкая ліцэнзія ЕГУ даступная тут (актуальная ліцэнзія выдадзеная 5 красавіка 2019 года). Дэталёвая інфармацыя аб тэрмінах акрэдытацыі асобных навучальных праграм ЕГУ даступна тут.
Асабліва дзіўна, што падман спадарыні Куль-Сяльверставай агучаны літаральна за 5 дзён да сканчэння асноўнага прыёму на бакалаўрскія і магістарскія праграмы ЕГУ.
Такім чынам усе 2577 выпускнікоў, якія скончылі віленскі ЕГУ (а заўтра да іх далучацца яшчэ 115 сёлетніх выпускнікоў) без анякіх перашкодаў прызнаюць уласную адукацыю ў Еўропе і Амерыцы ды спрычыняюцца да ўзмацнення грамадзянскай супольнасці Беларусі, навуковых і мастацкіх дасягненняў ды паспяховых бізнэсаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.