Беларускія афіцэры ўдзельнічаюць у камандна-штабной трэніроўцы ў Пецярбургу
Мерапрыемства накіраванае на павышэнне ўзроўня ўзаемадзеяння злучэнняў Узброеных сіл Беларусі і Расіі.
У Пецярбургу 9 красавіка пачалася сумесная камандна-штабная трэніроўка па ўпраўленню войскамі, у ёй удзельнічаюць беларускія і расійскія афіцэры. Апошнія прадстаўляюць штаб Заходняй вайсковай акругі Расіі.
Як паведамляе РІА "Новости", афіцэры адпрацуюць пытанні сумеснага планавання выкарыстання войскаў "у адпаведнасці з новымі формамі і спосабамі, выпрацаванымі ваеннымі ведамствамі двух краін". Адзначаецца, што мерапрыемства накіраванае на павышэнне ўзроўня ўзаемадзеяння злучэнняў Узброеных сіл Беларусі і Расіі. Трэніроўка працягнецца і 10 красавіка.
Нагадаем, 14-16 красавіка ў Беларусі пройдзе сумеснае батальённае тактычнае вучэнне. Для ўдзелу ў ім прыбыло падраздзяленне расійскіх дэсантнікаў з Пскова. Днямі беларускія і расійскія дэсантнікі здзейснілі масавае дэсантаванне на льдзіну, якая дрэйфуе ў Паўночным Ледавітым акіяне.
Фота: ria.ru