Беларусы адным кадрам знялі мастацкі фільм з акцёрамі з інваліднасцю

Беларусы адным кадрам знялі мастацкі фільм з акцёрамі з інваліднасцю

У Мінску знялі мастацкую сацыяльную кароткаметражку "Душы мёртвыя" пра людзей з абмежаваннямі і рэакцыю на іх беларускага грамадства. Стужка, знятая адным кадрам (як у Сакурава, Бергмана і Іньярыту), распавядае пра сучаснае беларускае прадпрыемства, супрацоўнікамі якога з'яўляюцца людзі-інваліды: іх наймаюць з-за падатковых ільготаў (інвалідаў граюць 13 маладых людзей з абмежаваннямі). Паспяховае прадпрыемства рыхтуецца да свята, але невялікая непрыемнасць пераверне ўсё з галавы на ногі і пакажа сапраўдныя твары герояў.


Аўтары фільма — рэжысёр Віктар Красоўскі, сцэнарыст Сяргей Анцалевіч і аператар Аляксандр Алейнікаў — сцвярджаюць, што ў кіно няма галоўных герояў і што яно не прымусіць гледача плакаць, але задумацца — дакладна. Але для таго, каб стужка дайшла да беларускага гледача ў найлепшым выглядзе ды яшчэ праехалася па замежных фестывалях, каманда звярнулася да патэнцыйнай публікі з просьбай дапамагчы фільму зрабіць якасны постпрадакшн.


"Пры планаванні здымкаў мы адразу паставілі сабе задачу, што краўдфандынг стане часткай тэхналагічнага працэсу. У Беларусі не вельмі развітая традыцыя грамадскага ўдзелу ў стварэнні кіно. Але, на мой погляд, гэта адзін з варыянтаў развіцця незалежнага беларускага кіно, калі такі ўдзел стане нармальным. Напрыклад, некаму падабаюцца камедыі — будуць скідвацца на камедыі, то бок, набываць загадзя квіткі на фільм, які яшчэ не зняты, — такі сучасны спосаб вытворчасці. Гэта нармальна. Крыху з будучыні. Беларусы адаптуюцца і прывыкнуць", — разважае падчас прэс-канферэнцыі ў Прэс-клубе прадзюсар фільма Леанід Каліценя

 

Каб зняць "Душы мёртвыя", чатыры стваральнікі фільма склаліся па 250 долараў. На постпрадакшн (агучка, колеракарэкцыя, камп'ютарная графіка, прамоўшн), на які можна скінуцца на краўдфандындынгавай платформе "Улей", трэба назбіраць яшчэ як мінімум дзве тысячы. За 50 дзён каманда "Душаў мёртвых" спадзяецца сабраць больш за патрэбную суму, каб было за што прасоўваць стужку. У планах на 2016 год — пракат карціны па фэстах, паказ на "Лістападзе" і дэманстрацыя ў беларускіх кінатэатрах, у тым ліку ў абласных гарадах. "Праз свой фільм мы збіраемся прывіць моду на беларускае кіно ў гледачоў", — амбітна заяўляюць стваральнікі.


Краўдфандынг — не асабліва папулярная сярод беларусаў з'ява. Але поспех таго ці іншага праекта, запэўніваюць прадстаўнікі "Улья", залежыць ад прапановы. Напрыклад, дагэтуль ніводзін кінапраект, у тым ліку і нашумелы "ГараШ" Андрэя Курэйчыка, не меў поспеху на беларускай платформе, бо "вельмі павярхоўна падышоў да рэалізацыі задумы". 


"Цяпер мы назіраем станоўчую рэакцыю на сацыяльныя праекты, — распавядае менеджар "Улья" Аляксандра Зверава.І гэта не дзіва, бо прасцей пераканаць чалавека дапамагчы таму, хто не можа дапамагчы сабе сам, чым пераканаць у падтрымцы вытворчасці нейкага прадукта, які можа быць чалавеку нецікавым. Магу сказаць, што нашы людзі ўсё ж гатовыя ўдзельнічаць у краўдфандынгавых праектах. Галоўнае, што ім прапаноўваюць".


За першыя два дні фільм "Душы мёртвыя" сабраў усяго 3% з патрэбных дзвюх тысяч долараў. Яго канкурэнт, таксама кароткаметражка — з Вольгай Скварцовай і Сяргеям Пукстам "Называйце гэта як хочаце", мае 54 дні ў запасе і палову сабранай патрэбнай сумы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі