Бізнэс — чыноўнікам: Трэба загадзя браць курс на стратнасць?

Мінгандлю дазволіў павышаць кошты на імпартныя тавары, але не больш, чым скокнуў долар, мінус 5%. Дазволеная рэнтабельнасць — 3%.

Афіцыйна:

“На імпартныя тавары, набытыя пасля 18 снежня 2014, дапускаецца павелічэнне адпускной цаны не больш, чым на працэнт змены курса беларускага рубля да курса валюты дагавора на дату пастаноўкі на ўлік, паменшанага на 5 працэнтаў, пры ўжыванні рэнтабельнасці продажу не больш як 3 працэнты”, — вырашыла Мінгандлю сумесна з Мінэканомікі.

Але ў аўтасалонаў, турфірм ды проста бізнесоўцаў засталіся пытанні да чыноўнікаў, на якія пакуль няма адказаў. Еўрарадыё сабрала самыя балючыя пытанні.

Пытанні ад аўтасалонаў:

— Ці зніжаць кошт на 5%, як тое рэкамендуе Мінгандлю?

— Як лічыць рэнтабельнасць, калі кошт машыны ў доларах?

— Ці можна пазначаць курс у доларах па курсе Нацбанка на сайтах кампаній?

Такія пытанні паўстаюць, калі звяртаешся ў аўтасалоны Geely і Ford, бо кошт на аўтамабілі Geely на сайце кампаніі пазначаныя ў доларах. Машына GEELY SC7 абыдзецца ў 12490 долараў. У доларах курс не змяніўся, а ў рублях вырас больш чым на 30%, атрымліваецца, у абыход пастановы Мінгандлю. Новы Ford Focus III еўрапейскай зборкі ў салоне цяпер прадаюць за 14700 долараў. І “кошт змяняцца не будзе”. Але падаражанне ў рублях — тыя ж 30%.

Пытанні ад турфірм:

— "Белавія" выстаўляе турфірмам кошты ў доларах, таксама ў валюце — кошты на замежныя гатэлі, ці можна турфірмам пазначаць кошты ў доларах?

— Ці трэба турфірмам паніжаць кошты ў доларах на 5% і адкуль тады браць рэнтабельнасць у 3%, калі за гатэлі і самалёты — кошты ў валюце?

Летні тур у Балгарыю на 8 дзён падаражэў следам за еўра — 383 з вылетам з Мінска. Калі ў снежні гэта было 5 мільёнаў 200 тысяч, то цяпер — амаль 7 мільёнаў. І гэта ніяк не падпадае пад формулу Мінгандлю.

Пытанні ад вытворцаў і імпарцёраў:

— У кожнай пазіцыі свая рэнтабельнасць, некаторыя ў мінусе. Трэба загадзя браць курс на стратнасць?

— Чаму менавіта мінус 5% трэба аднімаць ад курса?

— Як чытаць гэтую пастанову?

Такія пытанні да чыноўнікаў маюць на бабруйскім “Чырвоным харчавіку” і на“Фруктэсце”.

Пакуль жа ў Мінэканомікі раяць Еўрарадыё “пачакаць тлумачэнняў, якія з’явяцца ў бліжэйшы час”. Што праўда, сёння нічога не абяцаюць.

Фотаipc-dzhankoy.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі