Бойка ці дыялог: што дапаможа беларускай апазіцыі вырашыць канфлікт?
Спойлер: крызіс у дэмсілах можа быць вырашаны ўжо 8–9 жніўня / фота прэс-службы Ціханоўскай
На Канферэнцыі ў Вільні, якую арганізуе Офіс Святланы Ціханоўскай, крызіс у беларускай апазіцыі можа быць вырашаны. Аднак у гэтым абмеркаванні павінны ўдзельнічаць усе бакі канфлікту, упэўненая кандыдатка гістарычных навук і незалежная экспертка Роза Турарбекава.
"Відавочна, што гэтыя палітычныя актары — НАУ Латушкі, Каардынацыйная рада, Цапкала, — яны павінны дасягнуць згоды ў фармаванні нейкіх новых інстытуцыйных рамак сумеснага дзеяння. Не ведаю якога — не бяруся меркаваць. Я не знаходжуся ўнутры, я нікога не кансультую.
Як назіральнік, я спрабую адказаць на пытанні, якія мне задавалі мае сябры, мае калегі, мае студэнты, якія таксама знаходзяцца цяпер у стане расчараванасці. Вельмі многія мне расказваюць пра тое, што вось паміж палітычнымі актарамі адбываюцца вось гэтыя дэбаты. Гэта сведчыць пра тое, што ідзе раз'яднанне. Я спрабую растлумачыць, што ў людзей, мабыць, назапасіліся за два гады адно да аднаго пытанні і нявырашаныя праблемы".
На думку Турарбекавай, Канферэнцыя — ідэальная пляцоўка, каб вырашыць усе спрэчкі цывілізаваным шляхам:
"Агучце, калі ласка, свае разыходжанні, але без абраз. Таму што гэта ўсё выглядае вельмі дрэнна, гэта ўсё ў цэлым псуе імідж дэмакратычных сіл — усіх без выключэння: і таго, хто абвінавачвае, і таго, каго абвінавачваюць. На самай справе ідзе гульня ўсіх супраць усіх. Вырашаць гэтую праблему трэба такім чынам, каб адбыўся нармальны цывілізаваны дыялог, дыскусія, у выніку якой яны б змаглі прыйсці да кампрамісу".
Канферэнцыя "Новая Беларусь", якую арганізоўвае Офіс Святланы Ціханоўскай, пройдзе 8–9 жніўня ў Вільні. Праходзіць яна будзе на фоне разборак у асяроддзі дэмакратычных сіл: палітыкі, у ліку якіх Павел Латушка і Валерый Цапкала, крытыкуюць працу Офіса Ціханоўскай і патрабуюць фінансавы аўдыт аб яго дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.