Бюджэтныя месцы ва ўніверсітэтах зноў скарачаюць
Універсітэты сёлета зноў скароцяць колькасць бюджэтных месцаў — на сто студэнтаў менш змогуць вучыцца бясплатна. Скарачэнні закранулі будаўнікоў, а для медыкаў наадварот месцаў стала больш.
"Гэта звязана са скарачэннем месцаў па некаторых спецыяльнасцях, напрыклад, па будаўнічых спецыяльнасцях, дзе ў нас дастаткова спецыялістаў", — падсумоўвае першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.
Ускосна пра гэта 3 траўня кажа і Аляксандр Лукашэнка. Па словах кіраўніка краіны, вышэйшая адукацыя павінна быць элітарнай.
"Мы будзем заўсёды зыходзіць з гэтай патрэбы па колькаснаму і якасным складзе нашых абітурыентаў, будучых студэнтаў", — казаў тады Аляксандр Лукашэнка.
Якія спецыяльнасці сёлета прызналі неэлітарнымі і скарацілі
Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт скарачае металургаў і ліцейшчыкаў. А найбольш набірае айцішнікаў: 140 месцаў супраць 115 у мінулым годзе. Сочаць за словамі кіраўніка краіны, бо на нарадзе ён таксама кажа пра павелічэнне колькасці месцаў на IT-спецыяльнасцях.
"Скарачэнне найбольш закранула механіка-тэхналагічны факультэт. Мы б яшчэ скарацілі, але больш нельга", — расказваюць у прыёмнай камісіі Гомельскага тэхнічнага.
Агулам на бюджэце тут будзе 370 месцаў.
У БДУ план прыёму амаль такі ж, як у мінулым годзе, як і ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.
Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова скарачае бюджэтныя месцы для гісторыкаў і павялічвае іх колькасць для педагогаў пачатковых класаў.
"Скарачаецца набор на гісторыю, бо незапатрабаваныя на рынку, скарачаецца па філалогіі. Але гэта не шмат. Павялічаны набор на “пачатковыя класы", — тлумачаць у прыёмнай камісіі.
Цяпер у сацыяльна арыентаванай краіне за ўласныя грошы вучыцца больш студэнтаў, чым за кошт бюджэту. З 63 тысяч месцаў для абітурыентаў толькі каля 28 тысяч — бясплатныя. І нават калі колькасць выпускнікоў школ павялічваецца, колькасць бюджэтныя месцаў скарачаецца.