Чаму агурок у Варшаве каштуе на траціну менш за беларускі?

Чаму агурок у Варшаве каштуе на траціну менш за беларускі?

Агурок беларускай вытворчасці ў мінскіх супермаркетах каштуе больш за 55 тысяч. Польскі агурок на паліцах варшаўскіх супермаркетаў мае цану 37 тысяч рублёў (7 злотых). Чаму беларускі агурок такі дарагі?

Прадстаўнік адной з парніковых гаспадарак у ваколіцах Мінска кажа, што больш за ўсё цану агурка павялічвае кошт на газ. Да таго ж у Беларусі менш цёплых дзён, чым у той жа Польшчы. Значыць, ацяпляць парнікі трэба на некалькі тыдняў даўжэй, што не можа не ўплываць на кошт.

Прадстаўніца прадпрыемства "Шчара-Агра", якое вырошчвае агуркі, кажа, што за 2015 год выдаткі на газ з’ядалі каля 18%, электраэнергія — 5%, зарплаты больш за ўсё — 43%, угнаенні — 8%. Яшчэ 26% на іншыя патрэбы — насенне, тара. Па яе словах, знізіць цэны магчыма было пры большых аб’ёмах вытворчасці.

“Калі ўраджайнасць большая і аб’ёмы вялікія, тады сабекошт адзінкі будзе меншым”, — кажа прадстаўніца.

Клімат Беларусі і Польшчы насамрэч не надта адрозніваецца. Сярэднегадавая тэмпература Кракава (поўдзень Польшчы) — +8,7 градуса. Мінска — +6,7 градуса.

А вось адрозненні ў цэнах на энерганосьбіты ёсць. У Польшчы кубаметр газу каштуе ў сярэднім 1,65 злотых (8,5 тысяч рублёў), 1 кВт/г электрычнасці — 0,65 злотых (3,3 тысячы рублёў). У Беларусі для парнікоў кубаметр газа каштуе 6 тысяч рублёў, 1 кВт/г электрычнасці — каля 2 тысяч. Танней амаль у два разы!

Сярэдні заробак у Польшчы — 3033 злотых (15,6 млн рублёў на беларускія), у Беларусі — толькі 7,4 млн рублёў. Таксама ўдвая менш.

Дык чаму беларускі агурок каштуе на чвэрць даражэй?

Чаму агурок у Варшаве каштуе на траціну менш за беларускі?
Выява: biedronka.pl

Разам з тым, у польскіх супермаркетах ёсць агуркі, якія прадаюцца за 21 тысячу (4 злотых) за кілаграм. Гэта агуркі іспанскія. Як тлумачыць Еўрарадыё рэдактар выдання Fresh-Market.pl Марэк Славінскі, пакуль для польскіх агуркоў не сезон.

“Пераважная большасць вытворцаў не выйшла на рынкі — не сезон. Цягам месяца на паліцы супермаркетаў пастаўкі мясцовай гародніны павялічацца, але цяпер на паліцах пераважна імпартная прадукцыя”.

Навошта тады беларусам айчынныя “залатыя” агуркі ўзімку, калі можна проста імпартаваць? Тым больш што турэцкія агуркі ў Мінску каштуюць 44 тысячы за кілаграм.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі