Чаму падаюць цэны на нафту і як гэта ўплывае на беларусаў

Чаму падаюць цэны на нафту і як гэта ўплывае на беларусаў

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў расказаў Еўрарадыё, адкуль у бюджэце на 2016 год узялася лічба 50 долараў за барэль.

 

Што такое цана нафты?

Пад цаной на нафту часцей за ўсё разумеюць цану барэля нафты аднаго з маркерных гатункаў звычайна паўночнаморскай (еўрапейскай) нафты Brent або, радзей, амерыканскай нафты WTI. Цэны на іншыя гатункі могуць залежаць ад іх якасці, (шчыльнасці і ўтрымання серы), а таксама месцазнаходжання нафты. Расійская нафта мае марку Urals і каштуе, як правіла, на 2-3 долары менш, чым еўрапейская Brent.

Некаторыя арганізацыі, у прыватнасці Energy Information Administration (EIA, ЗША), у якасці сусветнай цаны нафты выкарыстоўваюць сярэднюю цану нафты, якая закупляецца паўночнаамерыканскімі нафтаперапрацоўчымі прадпрыемствамі.

Чаму нафта вымяраецца ў барэлях? Традыцыя. Па-англійску барэль — гэта бочка. Аб’ём — прыкладна 160 літраў. Акрамя нафты ў барэлях у Брытаніі таксама часам гандлююць півам і элем.

 

Чаму нафта ізноў патаннела

8 снежня цана нафты Brent упершыню з 2009 года ўпала ніжэй за 40 долараў — да 39,82. Эксперты лічаць, што цана нафты ў найбліжэйшы час працягне падаць і можа дасягнуць нават 38 долараў за барэль. Прычына — рашэнне АПЕК аб павелічэнні фармальнай квоты на здабычу нафты з 30 млн барэляў да 31,5 млн у суткі. АПЕК — гэта міжнародная арганізацыя, створаная нафтаздабывальнымі краінамі для стабілізацыі цэнаў. У склад АПЕК уваходзяць 12 краін: Іран, Ірак, Кувейт, Саудаўская Аравія, Венесуэла, Катар, Лівія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Алжыр, Нігерыя, Эквадор і Ангола. Рашэнне АПЕК можа быць перагледжанае толькі на наступным паседжанні ў чэрвені 2016 года. То бок да гэтага часу цэны значна наўрад ці павысяцца.

Але гэта яшчэ не ўсё. Па інфармацыі агенцтва Reuters, у сакавіку 2016 года адбудзецца яшчэ адно падзенне цэнаў на нафту, звязанае з ростам запасаў і падзення попыту. Прычына ў цёплай зіме ў Еўропе. Паводле прагнозаў экспертаў, цана аднаго барэля нафты можа апусціцца нават да 35 ці ўвогуле да фантастычных 20 долараў.

Чаму падаюць цэны на нафту і як гэта ўплывае на беларусаў

Чаму ў праекце бюджэту Беларусі на 2016 год закладзены кошт 50 долараў на барэль

Дакладны адказ ведаюць толькі аўтары яго праекта. Альбо дэпутаты. Адзін з іх, Валерый Барадзеня, расказвае Еўрарадыё, што, плануючы кошт 50 долараў, арыентаваліся на… суседзяў:

“Заўсёды ёсць нейкая рызыка. Але вось якая яна… Мы можам і 50, і 40 долараў за барэль закласці. І 20 можам, і 30. Можам чатыры варыянты пралічыць. Таму хай эксперты пралічваюць Але мы бачым, што нават еўрапейскія эксперты, маскоўскія не могуць даць надзейных прагнозаў. Я думаю, гэта звязана з тым, што дагэтуль не прыняты бюджэт. Але рызыка заўсёды ёсць у прагназаванні. Але ці можа Беларусь уплываць на кошт нафты хоць неяк? Напэўна, не. Таму бярэм інфармацыю з сусветных агенцтваў. Глядзім, хто з суседзяў які кошт заклаў у свае бюджэты”.

З суседзяў 50 долараў за барэль нафты заклалі расіяне. А вось Казахстан рыхтуецца да нашмат горшага для сябе варыянта. Днямі ва ўрадзе саюзнай нам краіны абмеркавалі праект бюджэту на наступны год, у якім кошт нафты пазначаны ў памеры 30 і нават 20 долараў.

Чаму падаюць цэны на нафту і як гэта ўплывае на беларусаў

Беларуская эканоміка залежыць ад кошту нафты, амаль як расійская

Старшы фінансавы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб у прагнозах не такі аптымістычны, як дэпутат Барадзеня. Іосуб гаворыць, што гаспадарка нашай краіны ад падзення коштаў на нафту цярпіць амаль столькі ж, колькі гаспадаркі краін-экспарцёраў. Усё таму, што разам са зніжэннем цэнаў на нафту зніжаюцца і цэны на нафтапрадукты, прычым яшчэ больш інтэнсіўна. А гэта аснова нашага экспарту.

“Вельмі важная для нас крыніца прыбытку — пошліна на экспарт нафтапрадуктаў. Раней яе сабе забірала Расія, цяпер гэтыя сродкі ідуць нам у бюджэт. А калі падаюць цэны, то падаюць і паступленні з пошліны. І пошліна з экспарту нафтапрадуктаў — гэта наша адзіная ўнутраная крыніца для выплаты знешняга доўгу”, — гаворыць Вадзім Іосуб.

І яшчэ прыводзіць лічбы, што ў наступным годзе Беларусь павінная выплаціць па крэдытах 3,3 мільярда. Больш за 1 мільярд для гэтай сумы плануецца атрымаць з продажу нафтапрадуктаў. Пытанне, ці атрымаецца, калі нафта будзе каштаваць не 50, а 35 ці тым больш 20 долараў за барэль.

Акрамя гэтага цана нафты ўплывае на беларускую гаспадарку праз аслабленне расійскага рынку (там вага гадавога экспарту нафты і газу больш а 50% ад агульнага) — у суседзяў проста няма грошай на нашы цудоўныя МАЗы і трактары МТЗ. Пра сувязь курсаў беларускага і расійскага рубля можна нават не згадваць. Лепш пазайздросціць асцярожным казахам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі