Чыноўнікі & людзі: што падаражэла за год больш за ўсё?
У чыноўнікаў — паліва ды мэбля, у людзей — прадукты!
Еўрарадыё задае аднолькавае пытанне простым людзям і чыноўнікам: што, на іх думку, даражэла істотней за ўсё за няпросты 2014 год?
Мінчанку Алену сустракаю ў Міхайлаўскім скверы, яна спяшаецца ў школу па старэйшае дзіця, малодшае — у садку.
“Усё расло ў цане, — не адразу ўспамінае Алена. — Мяса болей за ўсё даражэла. Таксама садкі дзіцячыя, камуналка”, — пералічвае жанчына.
Афіцыйна: паслугі дзіцячага садка, за харчаванне ў якіх з 1 красавіка 2014 года бацькі плацяць 100%, падаражэлі на 76,7%.
Топ падаражанняў прадуктаў у 2014 годзе: сала (на 82%), батон (на 69%), свініна без касцей (на 58%), соль (на 40%). Бульба пры гэтым патаннела на 10%. Усяго ж прадукты за год падаражэлі на 19,9%.
Дзве супрацоўніцы “Мінскзелянбуда” болей за ўсё адчулі падаражанне камуналкі.
“Кватэра, то бок камунальныя плацяжы, вельмі падаражэла. А таксама прадукты — яны растуць пастаянна — на тысячу, дзве. Быццам і не заўважаеш, але рост ідзе”, — кажа Таццяна.
Афіцыйна: З 2014 года камунальныя плацяжы павінныя індэксавацца раз на квартал згодна з павышэннем заробкаў. За 11 месяцаў камунальныя плацяжы выраслі на 44,3%. Газ, святло, вада, ацяпленне даражэлі цягам года тройчы. Сярэдні заробак беларусаў з пачатку года прыбавіў 16%.
“Праезд! Праезд вельмі падаражэў”, — не губляецца мінчанка Ала, яна якраз спяшаецца на аўтобусны прыпынак.
Афіцыйна: Пасажырскі транспарт прыбавіў за год 35,2%, з іх гарадскі транспарт падаражэў на 59,2%.
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Гомельска-Навабеліцкай акругі Алена Астапюк кажа, што не заўважыла росту цэн на прадукты, бо мае сваю гаспадарку. Але ўспамінае: найбольшую дзірку ў бюджэце прабілі цэны на паліва і камунальныя плацяжы.
“Для нашай сям’і найбольш падаражэла паліва — муж ездзіць на машыне, таму гэта істотна. А таксама камунальныя плацяжы, бо маем некалькі халадзільнікаў, а так больш нічога”, — кажа дэпутатка.
Афіцыйна: цану павіла ў 2014 годзе прывязалі да курса долара ЗША. Згодна з дадзенымі Белстата, літр паліва падаражэў на 25%.
А вось дэпутат парламента па сталічнай Кальварыйскай выбарчай акрузе Міхаіл Савановіч кажа, што не ведае, колькі грошай цяпер ідзе на жыццё.
“Ніколі не задумваўся над гэтым. Я не аналізаваў, і мне гэта нецікава. Заўважаў, што многа чаго даражэла, усё паўсюль даражэе. Што далей?” — кажа дэпутат і перарывае размову.
Памочнік першага намесніка Мінгарвыканкама Віталь Валер’евіч нядаўна пабудаваў дом за кальцавой, архіважнае для чыноўніка пытанне цяпер — мэбля.
“Каб будавацца ў Мінску, трэба працаваць у амерыканскім банку, — прызнаецца дзяржслужачы. На яго думку, болей за ўсё падаражэла мэбля. — Да прыкладу, канапа нармальная цяпер каштуе 12 мільёнаў, а раней каштавала сем!”
Афіцыйна: Мэбля за год падаражэла на 5,1%.
Ніхто з апытаных чыноўнікаў ды мінчукоў не згадаў пра дэвальвацыю рубля. З пачатку года за долар давалі 9520 рублёў, а цяпер 11850 па курсе Нацбанка. Гэта не ўлічваючы 20% камісіі на набыццё валюты.