Ці ўсім жадаючым знайшлі працу? Рэпартаж з раённых аддзелаў працаўладкавання

Ці ўсім жадаючым знайшлі працу? Рэпартаж з раённых аддзелаў працаўладкавання

Адзінаццатая раніцы чацвярга, 4 траўня. У інфармацыйнай зале міжраённага аддзела працаўладкавання Савецкага, Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў Мінска на вуліцы Коласа ― чалавек дваццаць. Людзі розных узростаў сядзяць у чарзе да спецыялістаў або ля камп'ютараў праглядаюць вакансіі.

"Хто апошні ў гэты кабінет?" — пытанне, якое найчасцей разбівае цішыню сумнай залы. Падаецца, што свае гісторыі адзін аднаму за час "уліку" у аддзеле (а ў многіх гэта нават не месяцы) яны ўжо расказалі, але журналісту гатовыя распавесці па-новаму.

"Мне падшукалі працу, далі нумар тэлефона. Я два тыдні туды званіла — то дырэктара няма, то ён у камандзіроўцы. Ну, нарэшце дамовіліся, — эмацыйна распавядае саракагадовая Аксана, інвалід трэцяй групы, якая можа працаваць толькі седзячы. — Паехала туды ў панядзелак, кажу, што згодная ў іх працаваць. А ён: "А вы ў запой не сыдзеце?" Я кажу: "Я не п'ю". Ён: "Калі вы закадаваліся?". У аўторак выйшла на працу шыць сувеніры. Дзедаў марозаў ― можа, бачылі? Умоваў няма, сталоў няма, кроіць няма дзе. Пыл, бруд. Ну такая брыдота, што кашмар. Прапрацавала там тры з паловай дні і сышла, хоць і абяцалі 260 рублёў у першы месяц".

Аксана, швачка, кухар, кладаўшчык ("кім толькі не працавала!") без працы другі год, раз на месяц забягае ў аддзел адзначацца. Вось і сёння сыходзіць з чарговай вакансіяй — камплектоўшчык тканін.

"Пазваню, пабачым, што там", — развітваецца жанчына.

Адзначанне у кабінетах — адна з найбольш нудных працэдур у свеце, па назіраннях Еўрарадыё.Беспрацоўны, які зарэгістраваны ў аддзеле працаўладкавання, заходзіць, называе сваё імя і безуважна і маўкліва чакае, пакуль спецыяліст шукае прапановы працы. Гэта можа цягнуцца хвілін 15-20, пасля чаго яму даюць накіраванне да патэнцыйнага працадаўцы. Потым заходзіць чарговы "дармаед".

"Тое, што тут яны выдаюць накіраваннігэта чыста адпіскі, — запэўнівае Уладзімір, кіроўца з 27 гадамі стажу "па Еўропе". — Я паўтара года на ўліку, і не магу знайсці працу! Натуральна, за 200 рублёў можна знайсці, але за гэтыя грошы не пражывеш. І тое, прыходзіш, а яны: "Мы ўжо ўзялі па кастынгу". Словы такія навучыліся вымаўляць. Альбо прыходзіш у заапарк, а там так і кажуць: "Вы нам не патрэбныя". З кіроўцамі размаўляю, аказваецца, што адзін ідзе працаваць на дзвюх машынах, каб зарабіць, і прадпрыемства таксама гэтым карыстаецца".

Да размовы далучаецца знаёмы Уладзіміра Дзмітрый, які апошнім часам працаваў ахоўнікам, але новае кіраўніцтва разагнала супрацоўнікаў. Тры месяцы Дзмітрый у пошуках працы, прыходзіць сюды штодзень, гартае газету з прапановамі, якую тут выдаюць, нават да кіраўніка раёна хадзіў прасіць дапамогі — безвынікова, нідзе не бяруць.

"Мы хадзілі і на гарадскія кірмашы вакансій, і сюды, у раённыя. Кажуць, калі хочаце зарабіць, бярыцеся за любую працу. Як тут зарабіць, 200 рублёў? Калі на ўлік не станеш — плаці падатак. Дык што, красці ісці? Няхай бы ўжо на курсы пасылалі, але не: трэба адстаяць паўгода на ўліку, а за што жыць тады? Замкнёнае кола, — разважаюць мужчыны. — Кітайцы будуюць горад. Дык няхай бы беларусы будавалі! Некалі нават з раёнаў на працу ў горад не бралі. Але мы хвалімся, што ў нас працуюць замежнікі, украінцаў запрашаем, візы адмяняем! Куды ён глядзіць! Для чаго мы бярэм усіх і самі сядзім без працы!?"

Ці ўсім жадаючым знайшлі працу? Рэпартаж з раённых аддзелаў працаўладкавання

Спіс вакансій, калі пагартаць у камп'ютары, уражвае. Паводле яго, можна ўладкавацца і балерынай, і дызайнерам, і дырэктарам, і мастаком, і швачкай, і інжынерам, і кіроўцам. Бадай, толькі журналістаў у спісе аддзела працаўладкавання няма. Вось і Таццяна, якая два тыдні таму перастала працаваць прыбіральшчыцай, выпісала для сябе дзевяць варыянтаў працы і адрасоў з тэлефонамі.

"Зборшчык вырабаў з пластмасы, паштальён, кантралёр, стораж, вахцёр, фарбоўшчык (не ведаю, што менавіта трэба фарбаваць), мыйшчык посуду, камплектоўшчык вырабаў, буфетчык, пакаёўка, — пералічвае жанчына. — Хацела б, вядома, заробак вышэйшы — дачка вучыцца ва ўніверсітэце, трэба плаціць за навучанне. Я па спецыяльнасці мантажнік радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў, працавала некалі на гадзіннікавым заводзе... Шукаю любую працу. Вось, была прыбіральшчыцай. Працавала ў лютым, а заробак у 111 рублёў атрымала толькі ў красавіку! Ну што гэта!? Таму сышла".

Па словах нашых суразмоўцаў, бывае, ім прапануюць часовыя працы, напрыклад, на некалькі месяцаў. Але многіх гэта не задавальняе — потым жа зноў давядзецца сюды прыходзіць і працягваць пошукі. Ёсць яшчэ варыянт сезонных прац — ездзіць у калгас. Але тут таксама не ўсё проста.

"Я аднойчы паспрабаваў дык там ужо поўная брыгада "сваіх", — распавядае Уладзімір. — Гляньце, які тут штат сядзіць, а толку ад яго няма — пры саўдэпіі стварылі, так яно і засталося. А для народа... Хто з гэтым не сутыкаўся, гэта незаўважна. Але гэта сапраўды праблема, бо працы няма".

Васіль, які таксама стаіць у чарзе "адзначыцца", лічыць, што нашай краіне кваліфікаваныя кадры цяпер не патрэбныя. Сам ён да гэтага працаваў на "адказных працах" і пайсці працаваць абы-куды не збіраецца:

"Я пагаджуся на працу, дзе буду рабіць падобнае да таго, чым я займаўся дагэтуль, і па грашах гэта мусіць быць хаця б палова таго, што ў мяне было — гэта 800-900 рублёў. Таму што ў мяне ўсё ж дзве замежныя мовы і паўтары вышэйшыя адукацыі. Мне прапаноўвалі працаваць з інвалідамі-калясачнікамі, адказваць на званкі ў нейкай арганізацыі за 300 рублёў. Але не. Тут прапануюць толькі нешта ці для тых, у каго нізкая кваліфікацыя, ці тое, куды ніхто не хоча ісці".

Тым часам новая міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч першага траўня распавяла журналістам, што па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікі "дайшлі да кожнага чалавека", і што ўсе, хто хацеў працаваць, працаўладкаваныя. Паводле яе слоў, за красавік узялі на працу больш за 85 тысяч чалавек, і на рынку працы цяпер "вельмі стабільная сітуацыя".

Пры гэтым на канец сакавіка, паводле Белстата, у Беларусі былі зарэгістраваныя беспрацоўнымі 43 тысячы 400 чалавек.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі