Ці забароняць беларусам карыстацца Skype, Viber і іншымі мэсэнджарамі?
15 сакавіка на Нацыянальным прававым партале з'яўляецца навіна, што ў Беларусі стварылі сістэму супрацьдзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі. Сама навіна выклікае шмат пытанняў, бо толькі цытуе асобныя вытрымкі з указа № 98.
У Беларусі пачынаюць гадаць, што ж маецца на ўвазе. Некаторыя прыходзяць да высновы, што нешта забаранілі і, магчыма, нават Skype і Viber, а таксама ананімайзеры і VPN.
Але IT-спецыяліст Аляксей Чарняеў піша, што не адшукаў ва ўказе забароны мэсэнджараў і ананімайзераў. Праўда, відавочна, што ёсць забарона спуфінгу тэлефонных нумароў, гэта калі вы для званка выкарыстоўваеце нумар, не аформлены на вас. Так напрыклад, адбываецца, калі тэлефанаваць са скайпа ці вайбера на звычайны мабільны нумар.
Тэкст указа, які можа праліць трошкі святла, з'яўляецца толькі ўначы. Але дадае яшчэ больш пытанняў. Эксперты і юрысты нічога не могуць патлумачыць дакладна і таму ўстрымліваюцца ад нейкіх каментарыяў. Ідзе абмеркаванне на ўзроўні версій, што ж у выніку можа забараняць гэты ўказ.
Патлумачыць дакумент можа толькі Аператыўна-аналітычны цэнтр. Але там нічога не каментуюць. “Пішыце запыт, адкажам цягам 10 дзён”, — адказваюць у ААЦ. Што ж запыт напісаны, але адказу, відаць, і давядзецца чакаць тыя самыя 10 дзён.
Ці забароняць карыстацца Skype, Viber і іншымі мэсэнджарамі?
Дакладна можна сказаць, што зусім карыстацца гэтымі праграмамі не забароняць. Таксама ва ўказе няма нічога пра самі VPN і ананімайзеры. Бо гаворка ідзе толькі пра злучэнне аднаго абанента з іншым.
Можна дакладна сказаць, што ўказ накіраваны на барацьбу з так званай “левай” тэрмінацыяй. Такое меркаванне выказаў эксперт аднаго з беларускіх правайдараў. Тэрмінацыя — гэта калі званок у Беларусь, напрыклад, з Польшчы ці ЗША ідзе праз інтэрнэт, тут яго прымае GSM-шлюз, у якім стаяць беларускія sim-карты і далей праз іх званок ідзе на беларускі мабільны нумар.
З такой праблемай цяпер сутыкнулася Украіна, дзе мабільныя аператары губляюць вялікія грошы на замежных званках.
Тэарэтычна пад забарону могуць трапіць званкі з мэсэнджараў на гарадскія і мабільныя тэлефоны ў Беларусі, а таксама званкі з Беларусі праз мэсэнджары на замежныя нумары (пры гэтым са Skype на Skype можна).
Таксама ўказ можа забараніць аказанне SIP-паслуг (гэта танныя званкі праз інтэрнэт на мабільныя і правадныя тэлефоны за мяжу, відэа- і аўдыёканферэнцыі).
Можа пацярпець адпраўка SMS з сайтаў, бо там вы не выкарыстоўваеце нумар, зарэгістраваны на вас. Тая ж сітуацыя з антывызначальнікам нумароў. Але паколькі сам аператар сувязі ведае ваш рэальны нумар, гэта можа і не трапіць пад указ.
Яшчэ адзін цікавы момант указа: аператараў абавязваюць на сталай аснове выяўляць парушэнні на сваіх сетках, “у тым ліку прымяняючы сродкі і сістэмы, заснаваныя на прынцыпах аналізу паводзінаў абанента, сістэмы поўнага аналізу сеткавых пакетаў”.
Гэта тэхналогія Deep Packet Inspection, якая дазваляе адсочваць усе пакеты і ідэнтыфікаваць і блакіраваць, напрыклад, BitTorrent, Skype, VoIP, SIP-тэлефанію.
Але гэта ўсё развагі, і каментаваць указ ніхто не спяшаецца. Усе чакаюць афіцыйных тлумачэнняў. Чаму б не выдаць разам з указам, напісаным эзопавай мовай, тлумачэнні да яго. Тады б не ўзнікала домыслаў і панікі. Тым больш што ўказ выдадзены "ў мэтах рэалізацыі правоў грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў прыватнае жыццё".