Беларусы не заўважылі, што заробак вырас
Адразу на 300 000 рублёў.
Паводле дадзеных Белстата, сярэдні заробак за ліпень па краіне пабольшаў ажно на 300 000 рублёў да 5,4 мільёна рублёў, ці на 5,6%.
А вось у гасцінічным бізнесе заробак вырас ажно на паўмільёна — да 4 мільёнаў. Тэлефаную ў "Прэзідэнт-гатэль" — дзе-дзе, а там заробкі павінны быць нават большымі за сярэднія па краіне.
“Чатыры налічваюць, на рукі тры мільёны. Ёсць начныя змены. Вы праўда хочаце быць пакаёўкай? Гэта ж генеральная прыборка і штодзень!” — адгаворваюць мяне ўладкоўвацца пакаёўкай. Мо гатэль і 5-зоркавы, але заробак у 330 долараў да статусу не дацягвае.
Даярка і настаўніца з 20-гадовым стажам атрымліваюць прыкладна аднолькава — 4 мільёны.
Настаўніца гісторыі з Магілёўскай вобласці гаворыць з Еўрарадыё пра заробак толькі ананімна. Кажа, што грошай у кашальку асабліва не пабольшала — 3,6 мільёна. Заробак настаўніцы недацягвае нават да сярэдняга па краіне.
"Канечне, не задавальняе заробак. Але мо ў вас у Мінску заробкі трохі большыя. Калі я працую 21 гадзіну, атрымаю 3,6 мільёна, але я працую, удзельнічаю ў канферэнцыях, грамадскім жыцці, мы адказваем за дзяцей, займаем іх да паўдня. А што за заробак у маладых спецыялістаў! Не дзіва, што не затрымліваюцца".
Настаўніца нават не можа прадказаць, калі на заробак пасля ўсіх выдаткаў на камуналку, на падрыхтоўку да школы зможа купіць пральную машыну — яе даўно пара мяняць.
Пытаюся, ці згодна настаўніца з тым, што іх заробак, як і заробак калгаснікаў, амаль аднолькавы. Але тут жанчына ліберальная.
"Яны таксама працуюць, калі іх не будзе, нам не будзе чаго купляць. Колькі настаўнікі павінны зарабляць на стаўку? Мо мільёнаў пяць, а астатняе — справа кожнага, хто колькі заробіць", — разважае настаўніца.
Весялей за ўсё раслі заробкі ў лётчыкаў — у іх заробак вырас з 9,6 да 11,4 мільёна, а таксама фінансістаў — з 8,2 мільёна да 8,7 мільёна рублёў.
Дарэчы, лідарства па самых нізкіх сярэдніх заробках за першыя паўгода — каля 3,3 мільёна — па краіне ўтрымліваюць Браслаўскі (Віцебская вобласць) і Краснапольскі (Магілёўская вобласць) раёны. У лік лідараў па самых высокіх заробках уваходзяць Салігорскі раён — 7,3 мільёна, і Мінск — 6,3 мільёна.