COVID-19, эканоміка і чыноўнікі: куды траціліся грошы "Усходняга партнёрства"

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель / Фота з сацыяльных сетак
Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель / Фота з сацыяльных сетак

28 чэрвеня беларускі МЗС заявіў, што Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве Еўрапейскага Саюза "Усходняе партнёрства". Еўрарадыё ўзгадала, якія праекты ЕС праводзіў у апошнія гады ў нашай краіне ў рамках "Усходняга партнёрства".

Барацьба з COVID-19

Калі ў 2020 годзе пачалася пандэмія каранавіруса, ЕС падаў Беларусі дапамогу ў выглядзе масак, ахоўных касцюмаў, кіслародных апаратаў на суму 3,5 млн. еўра.

ЕС прафінансаваў падтрымку для шасці краін "Усходняга партнёрства". Меркавалася, што ў 2020-2022 гадах Еўрасаюз выдаткуе на барацьбу з COVID-19 у краінах "Усходняга партнёрства" 35 млн. еўра.

Устойлівасць клімату

Праект EU4Climate у Беларусі разлічаны на 2020-2022 гады. Яго бюджэт складаецца толькі з ўкладу ЕС — амаль $1,3 млн.

Мэта праекта — праводзіць сумесную з ЕС палітыку па зніжэнні выкідаў. Рэалізуецца з дапамогай рэгіянальных ініцыятыў па дыверсіфікацыі эканомікі і зялёным росце.

Эканамічны рост

Ініцыятыва ЕС для краін "Усходняга партнёрства" "Мэры за эканамічны рост" праводзілася ў 2017-2020 гадах. Чаканы аб'ём інвестыцый у беларускія праекты склаў 1,6 млн. еўра.

Ініцыятыва была накіравана на павышэнне патэнцыялу мясцовых улад, стварэнне ўмоў для эканамічнага росту і зніжэння ўзроўню беспрацоўя.

Крэдыты на інфраструктуру

У 2018 годзе Беларусь і Еўрапейскі інвестыцыйны банк дамовіліся на пазыкі ў памеры 160 млн. еўра. Гэтыя грошы Беларусь абавязалася выдаткаваць на сацыяльную і эканамічную інфраструктуру, развіццё прыватнага сектара. Частка грошай меркавалася выдаткаваць на барацьбу са зменамі клімату.

200 тысяч еўра на чыноўнікаў

З 2015 па 2017 год Еўрасаюз і Савет Еўропы рэалізавалі тры праекты з бюджэтам у 200 тысяч еўра. 

Паводле першага праекту, прадастаўлялася дапамога ўладам па вывучэнні прававых сцэнарыяў на выпадак, калі Беларусь далучыцца да Еўрапейскай хартыі рэгіянальных моў і моў меншасцей.

Другі праект быў накіраваны на паляпшэнне ацэнкі рызык адмывання грошай, фінансавання тэрарызму і расследаванне эканамічных злачынстваў.

Іранічна, што трэці праект быў звязаны з правамі чалавека. Юрысты, праваахоўнікі і студэнты з Беларусі вывучалі еўрапейскую сістэму абароны правоў чалавека.

Разам з 2015 года ЕС меў намер ўкласці ў Беларусь каля 6,4 млн. еўра. Колькі з гэтых грошай асвоена, сказаць дакладна нельга, бо некаторыя праекты былі разлічаны і на 2022 год.

"Усходняе партнёрства" заснавана ЕС у 2009 годзе. Яго стваралі для таго, каб умацаваць адносіны Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі