"Даць накіраванне дактары не могуць": лячыцца ў Беларусі стала вельмі складана
Лякарня ў час пандэміі / Reuters
16 сакавіка Мінздароўя даручыла медычным установам "абмежаваць з улікам наяўных магчымасцяў" мерапрыемствы па дыспансерызацыі, планавыя вакцынацыі, скрынінгавыя мерапрыемствы і аказанне рэабілітацыйнай дапамогі. Ужо паўтара месяцы медыкі кладуць у шпіталі пераважна экстраных пацыентаў.
Шмат каму давялося на нявызначаны тэрмін адкласці запланаваныя аперацыі і абследаванні, а з абвастрэннямі хранічных захворванняў спраўляцца дома.
"Пратрымацца б да канца пандэміі"
— У маёй 55-гадовай мамы нядаўна пачаліся сур'ёзныя праблемы з сэрцам і сістэмай харчавання. У паліклініцы не могуць паставіць дакладны дыягназ і прызначыць лячэнне, таму што патрэбныя абследаванні, — расказвае Еўрарадыё мінчанка Ірына. — Напрыклад, ёй трэба прайсці калонаскапію [эндаскапічнае даследаванне кішачніка. — Еўрарадыё]. Але даць накіраванне дактары не могуць праз адмену планавых абследаванняў. Пры гэтым мама амаль нічога не можа есці, схуднела да 44 кг і сядзіць на леках, якія не вельмі ёй дапамагаюць.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй абследаванні перанеслі на нявызначаны тэрмін. Хворая жанчына — астматык, гэта значыць — у групе рызыкі па COVID-19, таму і сама не вельмі хоча хадзіць у бальніцы і паліклінікі. Але без медычнай дапамогі сімптомы прагрэсуюць, іх абвастрэнне ўжо змушала родных звяртацца ў хуткую дапамогу.
— Трымаем пальцы, каб стан, хоць ён і цяжкі ўжо цяпер, пратрымаўся на таблетках да канца пандэміі. У любой лякарні зараз высокі рызыка падчапіць каранавірус. А ў мамы астма, ішэмічнай хвароба сэрца, гіпертэнзія... Калі б першапачаткова вылучылі некалькі устаноў, дзе б прымалі толькі планавых хворых, магчыма, усё было б прасцей, — лічыць Ірына.
"Калі і нас "закрыюць", хто зможа дапамагчы?"
— Так, цяпер медустановы шпіталізуюць толькі хворых, якім патрэбная экстраная дапамога, калі ёсць пагроза жыццю чалавека, — пацвярджае Еўрарадыё хірург мінскага РНПЦ "Кардыялогія".
РНПЦ пакуль лічацца "чыстымі" ад каранавіруса медустановамі, але і там рэжым працы істотна змяніўся. У "Кардыялогіі" ў адных аддзяленнях нагрузка знізілася праз адмену планавых шпіталізацый, а ў іншых — прыкметна ўзрасла.
— Гэта датычыцца аперацый. Мы праводзім ўвесь спектр аперацый, звязаных з нашым профілем, плюс зараз павялічылася нагрузка па пацыентах з вострым каранарным сіндромам. Гэта значыць, мы аказваем дапамогу тым пацыентам ў перадінфарктным стане, якіх раней шпіталізавалі ў БХМД і іншыя лякарні. Зараз у гэтых шпіталях COVID-19, і пацыентаў прывозяць да нас, — працягвае доктар. — Таксама ў нашых аддзяленнях застаюцца хворыя пад наглядам і на рэабілітацыі — раней гэта ажыццяўлялася ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне і 4-й клінічнай бальніцы.
Кожны пацыент цяпер — патэнцыйна інфікаваны, таму супрацоўнікі РНПЦ "Кардыялогія" працуюць у сродках індывідуальнай абароны. Хірург кажа, што да іх ужо паступалі некалькі хворых, у якіх пасля пацвердзіўся COVID-19, — іх ізалявалі ў боксы і перанакіравалі ў іншыя медустановы. Новы вірус часцяком уплывае менавіта сардэчна-сасудзістую сістэму і абвастрае хранічныя сардэчныя і лёгачныя паталогіі.
— РНПЦ імкнуцца пакінуць "чыстымі" ад COVID-19 да апошняга. Калі і нас "закрыюць", хто зможа аказваць такога кшталту дапамогу? Але сітуацыя вельмі складаная. Хварэюць і нашы дактары, — дадае супрацоўнік РНПЦ "Кардыялогія". — Не толькі ппраз працу з пацыентамі. У шмат каго з іх ёсць сваякі ў іншых медустановах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.