Дакумент: Электрычка ўрэзалася ў цягнік "Масква — Брэст" на хуткасці 45 км/г
У распараджэнне Еўрарадыё трапіла хроніка падзеяў, складзеная пасля крушэння цягніка №3 "Масква — Брэст" на захадзе сталіцы Расіі. Дакумент апісвае тое, што адбываецца ў электрычцы №6919, якая 8 красавіка каля 22:40 сутыкнулася з цягніком №3 на перагоне Кунцава-1 — Філі.
Здарэнне названае "несанкцыянаваным сыходам". З дакумента вынікае, што электрычкай кіравалі два чалавекі. Стаж працы машыніста І.В. Дзюжыкава — усяго каля года. Але досвед працы памочніка машыніста В.А. Келямбета нашмат большы — каля 9 гадоў.
Электрычка адправілася са станцыі "Масква-пасажырская-Смаленская" па раскладзе. Праз некалькі хвілін машыніст пераканаўся ў спраўнасці тармазоў цягніка.
Аднак у 22:14, калі электрычка была недалёка ад станцыі Кунцава-1, адбылася няштатная сітуацыя, якая прывяла да спрацоўвання клапанаў аўтастопу. Цягнік спыніўся на токоразделе, машыніст апусціў токапрымач і паспрабаваў зарадзіць тармазную магістраль, "адпусціўшы" тармазы.
Але "праз неадключэнне ЭПК [электрапнеўматычныя клапаны аўтастопу. — Еўрарадыё]" ціск у тармазной магістралі ўпаў. "Праз няўдалыя дзеянні машыніст Дзюжыкаў І.В. дапусціў спусташэнне тармазной магістралі. З прычыны чаго адбыўся несанкцыянаваны рух цягніка назад, на перагон Кунцава — Філі з наступным сутыкненнем пры хуткасці 45 км/г з лакаматывам цягніка №3 спалучэннем "Масква — Брэст", — сказана ў хроніцы. У апошнім абзацы дакумента пералічаныя іншыя памылкі, дапушчаныя машыністам.
У выніку крушэння некалькі вагонаў сышлі з рэек. Больш за 50 чалавек пацярпелі, 15 з іх былі шпіталізаваныя. Сярод пацярпелых было шэсць грамадзянаў Беларусі. Да раніцы 9 красавіка ў лякарнях Масквы заставалася шэсць чалавек, стан якіх ацэньваўся як сярэдне цяжкі.
"Лакаматыўнай брыгады былі прынятыя ўсе захады, каб перавесці пасажыраў з хваставых вагонаў у галаўныя і пазбегнуць іх траўміравання", — сказана ў хроніцы. Мяркуючы па відэа, знятым адной з пасажырак электрычкі, перад сутыкненнем з цягніком людзі сапраўды паспелі пакінуць апошнія вагоны. У электрычцы працуе гучная сувязь — чуваць, як машыніст кажа: "Нічога не атрымліваецца!".
Электрычка каціцца па рэйках больш за чатыры хвіліны, потым адбываецца сутыкненне: