Дзе можа "ўсплыць" адбітак пальца, пакінуты ў трэнажорнай зале
Фота: sciencemag.org
У Мінску адкрылі кругласутачную трэнажорную залу, увайсці ў якую можна толькі па адбітку пальца. "Падчас першай рэгістрацыі наведвальнік ідэнтыфікуе сябе, прыклаўшы свой адбітак пальца да прылады, якая счытвае адбіткі пальцаў", — сказана ў правілах клуба.
Чаму менавіта адбітак пальца? У зале гэта тлумачаць проста і лагічна: "Адбітак захоўваецца ў нас у лічбавай форме. Па ім вас прапускаюць у залу. Картку можна камусьці перадаць, а так, па адбітку праходзьце ў любы час, нават калі тут ўвечары не будзе адміністратара".
Ідэнтыфікацыя па адбітках пальцаў — гучыць сучасна. Але, чым гэта можа абярнуцца для "гаспадара" пальцаў? Ці можна неяк скарыстацца пакінутымі адбіткамі? І, наогул, ці легальна ў нашай краіне ўстанаўліаць такія правілы?
Адказаць на гэтыя пытанні Еўрарадыё дапамагла практыкуючая крыміналістка, прадстаўніца МУС, якая пажадала захаваць сваё імя ў таямніцы.
У прынцыпе, гэта не забаронена
"У Беларусі дзейнічае закон аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі, — кажа яна. — Фактычна, гэта сістэма, якая дазваляе атрымліваць ўзоры адбіткаў пальцаў рук у пэўнай катэгорыі грамадзян. Яе, напрыклад, праходзяць усе вайскоўцы. Важна, што ў такой сітуацыі патрабуецца падпісаць пэўнае пагадненне. Мы ўсе ведаем, што нас абавязкова рэгіструюць, спасылаючыся на нормы артыкула гэтага закона.
Але гэты закон не распаўсюджваецца на фітнес-залы. У іх адназначна павінна быць прапісанае мясцовымі юрыстамі палажэнне, што кліент дае сваю згоду на выкарыстанне адбіткаў, якія заносяцца ў базу, на апрацоўку гэтых дадзеных".
Калі адна зала ў Беларусі дазваляе сабе "адкатаць пальчыкі" ў наведвальнікаў, ці значыць гэта, што ўвесці падобныя правілы ў сваім бізнесе можа кожны ахвочы?
"Я думаю, што ў прынцыпе, гэта не забаронена, — кажа эксперт. — Галоўнае, каб усё было прапісана ў палажэнні".
Пры рэгістрацыі праз сайт (а іншага спосабу няма) кліент залы сапраўды дае згоду на выкарыстанне сваіх дадзеных. Разам з тым, трэба паведаміць вялікую колькасць інфармацыі пра сябе: імя, прозвішча, адрас, тэлефон.
Правілы ўстанаўліваюцца ў аднабаковым парадку. Хочаце ці не — вашы праблемы
"Любы чалавек, атрымаўшы доступ да вашых адбітках пальцаў, можа здзейсніць злачынства, — папярэджвае суразмоўца Еўрарадыё. — Пытанне ў тым, як ён скарыстаецца атрыманай інфармацыяй. У сістэме МУС былі выпадкі, калі камп’ютарную базу ўзломвалі і пэўныя дадзеныя выкарыстоўвалі [Як менавіта, суразмоўніца не расказвае. — Еўрарадыё]. Таму я думаю, што гэтую сістэму, як і іншыя, таксама можна ўзламаць.
У Беларусі адбіткі грамадзян, якiя прайшлi абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю, захоўваюцца ў базе дадзеных Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Сярод іншых, там ёсць адбіткі пальцаў раней судзімых асоб, невядомых хворых, неапазнаных трупаў. Можна меркаваць, што і туды з нейкай мэтай могуць быць унесеныя змены.
У дадатак, мы пагаджаемся здаваць адбіткі пры атрыманні візы. У амерыканскім пасольстве я атрымлівала візу два разы. Там пыталіся, ці праходзіла я дактыласкапічную рэгістрацыю раней — адказвала, што так. Нягледзячы на гэта, мяне прымушалі здаваць адбіткі зноў. Як далей будуць выкарыстоўваць гэтыя адбіткі пальцаў спецыяльныя службы, нам з вамі невядома. Але нам патрэбны абанемент у трэнажорную залу, нам патрэбная віза, таму мы пагаджаемся. Наколькі гэта законна і што за гэтым можа стаяць, большасць не задумваецца.
Думаю, пасля тэрарыстычных актаў 11 верасня ў ўсім свеце можна заўважыць павышаную ўвагу да сістэмы бяспекі. Правілы ўстанаўліваюцца ў аднабаковым парадку. Хочаце ці не — вашы праблемы".
Ці можна зрабіць копію адбітка пальца і скарыстацца ім?
Вяртаючыся да тэмы "прапускнога рэжыму" у новую трэнажорную залу, эксперт звярнула ўвагу на адзін важны момант.
"Нават калі самі атрыманыя адбіткі не захоўваюцца ні ў якой камп’ютарнай базе, магчымае існаванне сістэмы, якая перакладае іх у графічны тэкст. А калі такое магчыма, не выключана, што спецыяльная праграма зможа распазнаць і перавесці яго назад", — адзначыла яна.
У дадатак, прыкладваючы палец да сканера, мы пакідаем на паверхні сваё потатлушчавае рэчыва.
"На пальцы існуюць папілярныя лініі, усярэдзіне — потавыя залозы, з якіх выдзяляецца пот, які дазваляе потатлушчаваму рэчыву ўтвараць ваш індывідуальны і непаўторны ўзор, які адлюстроўваецца на паверхні. Гэтым здольныя скарыстацца злачынцы. Наступны, хто падыходзіць, да сканера, можа з дапамогай скотча або дактаплёнкі скапіяваць след вашага пальца".
Чаму нам ніхто нічога не тлумачыць?
Пасля выбухаў на Дзень Незалежнасці ў 2008 годзе беларусы "здаюць пальчыкі" рэгулярна. Чаму ні ў міліцыі, ні ў пасольствах ніхто не тлумачыць людзям, дзе можа "усплыць" пакінуты адбітак пальца?
"Я думаю, што прапісаных тлумачэнняў нідзе няма, — кажа спецыяліст з МУС. —Нібыта нам могуць гарантаваць, што акрамя як у асабістай базе візавага цэнтра або пасольства, нідзе адбіткі выкарыстоўвацца не будуць. Але дзе доказы? Думаю, з сабраных адбіткаў можа быць сфармаваная глабальная сетка дадзеных — такі татальны кантроль за людзьмі, за перамяшчэннем, за ўсім. Нейкая глабальны задума. У межах ўсіх гэтых міжнародных працэсаў зала з нейкімі адбіткамі пры ўваходзе проста гасне. Думаю, людзі, якія захочуць туды хадзіць, пагодзяцца".
Як адзначыў эксперт Лабараторыі лічбавых свабод Human Constanta Аляксей Казлюк, з патрэбнымі законамі у гэтай сферы ў нас пакуль што і праўда бяда.
"У суседніх краінах існуюць асобныя законы аб абароне персанальных дадзеных, — адзначыў ён. — Там прапісаныя досыць складаныя правілы, датычныя таго, што можна, а што нельга. У нас пакуль гэтага няма, закон павінен быць распрацаваны да канца года. Па ідэі, у наступным годзе яго могуць прыняць".