Дзеянні ўрачоў па "справе загінулай веласіпедысткі" прызналі правільнымі

Яшчэ ўвосень Следчы камітэт адмовіў блізкім загінулай Наталлі Сак у крымінальнай справе. Але працягвалася так званая судова-медыцынская экспертыза якасці аказання меддапамогі. Вынікі ўжо вядомыя.

“У дзеяннях урачоў не знойдзена складу злачынства. У распачынанні крымінальнай справы адмоўлена”, — паведамляе Еўрарадыё Аляксандр Герасімаў, афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што ў гэтай справе пастаўленая кропка…

Аляксандр Герасімаў: “Калі нехта са сваякоў пажадае, яны могуць звярнуцца на гэты конт з хадайніцтвам. Узновяцца праверкі і гэтак далей”.

Нагадаем, што трагедыя здарылася з 20-гадовай мінчанкай Наталляй Сак у канцы траўня. На веладарожцы недалёка ад футбольнага манежу дзяўчына, едучы на ровары, сутыкнулася з іншым 40-гадовым веласіпедыстам. Яна была без шлему, упала, ўдарылася галавой. Наталлю даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, урачы не выявілі страшных траўмаў. Пацярпелую паклалі ў звычайную палату. Раніцай яе не стала. Аказалася, медыкі не зрабілі тамаграфію галавы, хоць і мелася інфармацыя пра тое, што дзяўчына страчвала прытомнасць і ў яе былі правалы ў памяці. Медыкі спаслаліся на загад Мінздароўя №1110, згодна з якім, камп’ютарная тамаграфія галаўнога мозгу праводзіцца пацыентам з узроўнем свядомасці 12 балаў і ніжэй па так званай шкале комы Глазга. А ў Наталлі нібыта вызначылі 15 балаў.

Цягам гэтага года ў беларускай медыцыне апроч выпадку з Наталляй Сак здарыліся як мінімум яшчэ два скандальныя трагічныя выпадкі. Усе яны шырока асвятляліся на Еўрарадыё. Пасля наведвання брэсцкага філіялу медцэнтра “ЛАДЭ” з-за анафілактычнага шоку памерла пацыентка. Улетку 11-гадоваму жыхару Дубровенскага раёну няўдала наклалі гіпс. Скончылася гэта ампутацыяй рукі.

Падобна на тое, што нядаўна пра ўсе гэтыя тры выпадкі даведаўся Аляксандр Лукашэнка.

“Усё больш выплёскваецца інфармацыі, што дзякуючы бязладнасці нашых урачоў, то той загінуў, то гэты загінуў, то на руку гіпс наклалі не так — руку пацан страціў, — абурыўся Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам аховы здароўя Жарко. — Ну, зразумела, гэта ж вясковы хлопец, яго ж абараніць няма каму. А мы з вамі адкуль? З вёскі. Таму мяне не можа не насцярожваць звычайнае лячэнне звычайных нашых грамадзян”.

Ці зверне Жарко патрэбную ўвагу на праблемы яго ведамства, пакуль невядома. Унутраныя праверкі па трагічных выпадках найчасцей заканчваюцца поўным апраўданнем людзей у белых халатах. Запыты Еўрарадыё Мінздароўя зазвычай ігнаруе, парушаючы закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

З іншага боку, хапае гісторый пра гераічную і адданую працу людзей у белых халатах. Разам з тым адзначым, што на патрэбы аховы здароўя з бюджэту ідзе менш за 5%. Для параўнання, у Германіі гэта лічба складае аж 17%.

ФОТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі