"Дзіцяці няма розніцы, якая радзіма ў мульціку — Расія ці Беларусь"

"Дзіцяці няма розніцы, якая радзіма ў мульціку — Расія ці Беларусь"

29 кастрычніка ў сталічны пракат выходзіць расійскі мультфільм “Крэпасць: Шчытом і мячом”, які выклікае неадназначныя эмоцыі, некаторыя бачаць у ім нават “палітычную замову”. І не дзіва: нашы продкі з Рэчы Паспалітай у мульціку паказаныя ворагамі, з якімі ваююць “добрыя і справядлівыя” рускія, абараняючы Смаленск.

Мультфільм намаляваў расійскі мультыплікатар Аляксандр Баярскі, аўтар “Іллі-Мурамца і Салаўя-Разбойніка”, “Дабрыні Мікіціча і Змея-Гарыныча” і іншых экранізацый рускіх казак. Дырэктар Кінавідэапраката Васіль Коктыш кажа, што, нягледзячы на палеміку ў прэсе, не збіраецца адмаўляцца ад паказу: маўляў, стварылі праблему, хаця ніхто яшчэ фільм не глядзеў! Ды і ўвогуле, мяркуе Васіль Пятровіч, дзецям усё адно, якая ў іх радзіма:

“Мы цяпер укладваем у вушы дзяцей, што гэтае кіно прыніжае беларусаў. Вы яго глядзелі? Не глядзелі. Дык чаго ж вы плявузгаеце заўчасна? Тым больш, там нічога няма. Там герой смелы, адважны, змагаецца за сваю радзіму. І там не відаць дзіцяці, якая Радзіма Расія гэта ці Беларусь. Якая яму розніца!? Ён глядзіць на карцінку і глядзіць на героя. І герой там станоўчы. Хто там і каго прыніжае ў фільме? У такім выпадку мы ў "Анастасіі Слуцкай" татараў пакрыўдзілі… Мы ж нікога не прымушаем хадзіць: калі вам не падабаецца кіно дык не ідзіце! Калі вы лічыце, што вашым дзецям наносіць шкоду гэтае кіно, дык не прыводзьце іх і не непакойцеся за ўвесь свет. Не трэба браць адказнасць за ўвесь свет, будзьце адказныя за сябе”.

Па словах Коктыша, ён заўсёды выступае за тое, каб кіно ў Мінску было шмат, і кіно было рознага кшталту. Менавіта ён паклапаціўся пра паказ у сталіцы скандальнай “Німфаманкі” Ларса фон Трыера. Дзякуючы яго намаганням у хуткім часе мінчукі змогуць паглядзець і "Каханне" Гаспара Ноэ:

“Чаму мы мусім кіно хаваць? Усё адно ўсе фільмы ёсць свабодна ў інтэрнэце!”, — перакананы дырэктар Кінавідэапраката. Наконт таго, што ў “Крэпасці” продкі беларусаў паказаныя ў вобразе ворагаў, Коктыш не бачыць нічога страшнага і раіць пакрыўджаным стварыць беларускае кіно з супрацьлеглым сэнсам:

“Гэта мастацкі твор. У свой час усе зачытваліся гістарычнымі раманамі Пікуля. Там праўды не было. Палякаў ён там выстаўляў не ў лепшым свеце, але ніхто ні на каго не крыўдзіўся. Мяне здзіўляе гэты псеўдапатрыятызм”.

"Дзіцяці няма розніцы, якая радзіма ў мульціку — Расія ці Беларусь"

Дарэчы, Васіль Пятровіч вельмі абураны пасіўнасцю беларусаў, якія лічаць сябе патрыётамі і якія збольшага праігнаравалі нашумелае нацыянальнае кіно “Мы, браты”.

“Кіно ўжо і не такое бездапаможнае — ну хаця б з-за цікавасці можна паглядзець?! — абураецца дырэктар Кінавідэапраката. — Натуральна, што мы чакалі больш гледачоў. Я беларус па нацыянальнасці, і мне неабыякава нічога, што тут адбываецца. Калі вы, беларусы-патрыёты, крытыкуеце амерыканскае кіно, расійскае кіно і кажаце, што ў нас нельга яго паказваць, мне не зразумела, чаму ж вы не ідзяце на сваё, беларускае?! Хаця б з-за цікаўнасці схадзіце!”.

Крытычныя водгукі на фільм, якія з’явіліся пасля прэм’еры, наўрад ці вінаватыя ў слабой наведвальнасці стужкі: тут справа ў беларускім менталітэце, перакананы Васіль Коктыш:

“Ды і калі водгукі кепскія, хочацца ж даведацца, што там на самой справе — ці праўда гэта ці не?! Вось гэтая абыякавасць да свайго мяне засмучае. Таму што кіно зроблена, кіно беларускае. І чаму мы не грузіны, я не ведаю?! Грузіны на грузінскае кіно ў свой час хадзілі натоўпамі. Яны лічылі проста сваім грамадзянскім абавязкам схадзіць на грузінскае кіно. Цяпер, праўда, Грузія не здымае, а мы здымаем. І нам усё адно кепска! Добрае, кепскае кіно — гэта ўжо іншае пытанне. Я не кінакрытык. Але, канечне, як кінапракатчык, я хацеў бы каб на беларускае кіно хадзілі”.

Колькі сабраў у пракаце блокбастар “Мы, браты” таямніца за сямью пячаткамі. Васіль Коктыш кажа, што за лічбамі трэба звяртацца ў Міністэрства культуры. У Мінкульце раяць запытацца ў праваўладальнікаў. А праваўладальнік, кампанія “Нонстоп Медыя”, настойвае: паказ “Мы, браты” у Беларусі быў некамерцыйным , таму пра касавыя зборы гаворкі ісці не можа.

Фота: regnum.ru, minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі