“Дзівасілавага ці абляпіхавага мёду ў Беларусі не можа быць!”

Тыдзень таму Мінгандаль закрывае 26 кірмашоў мёду, адна з прычын — мёд на гэтых кірмашах быў не зусім мёдам.

У краме “Мядок”, што непадалёк ад метро “Фрунзенская”, кансультант Вікторыя, кажа, што пасля закрыцця пакупнікі пачалі цікавіцца якасцю мёду.

“Прыходзяць, кажуць што вось, закрылі кірмашы, задаюць пытанні — ці ёсць у нас сертыфікаты, як правільна выбраць мёд.  У нас усе сертыфікаты — усе аналізы на цукар, на цэзій, на цяжкія металы, праверкі робяцца”, — запэўнівае Вікторыя. Кансультант рэкамендуе пры выбары мёду арыентавацца на колер, смак, пах.

“Мёд мае асаблівы пах, смак. Не павінна быць нейкім прысмакаў, моцна кіслых ці горкіх смакаў. Да таго ж цяпер (у гэты час) мёд не можа быць вадкім, толькі акацыевы ды каштанавы мёд можа быць вадкім. Хоць нашаму народу падабаецца менавіта вадкі мёд. Ў красавіку такога натуральнага мёда амаль няма”, — з ходу выдае рэкамендацыю Вікторыя. Яна заўважае, што для Беларусі характэрныя такія мяды, як лугавы, лясны, кветкавы, ліпавы, мёд з грэчкі, а вось, да прыкладу, сланечнікавы мёд, які цяпер ёсць у краме, — не беларускі, а прывезены з Расіі.

У красавіку мёд ужо выглядае крышталізаваным — нібы зацукраваны, натуральнага мёду не так шмат. Цяпер пасечнікі чакаюць новага сезону. Пра гэта Еўрарадыё распавядае і старшыня беларускага аб’яднання пчалаводаў Міхаіл Халадзінскі. Пчаляр рэкамендуе спытаць пашпарт пасекі — у дакуменце павінна быць указана, дзе знаходзіцца пасека, павінная стаяць адзнака аб ветэрынарным кантролі, аб тым, што пчолы не хворыя. Таксама даведка з сельскага савета, што ў чалавека пасека ёсць. Але і гэтыя факты не могуць даць 100% гарантыі, што мёд з пасекі.

“Бывае так, што мёд свой чалавек прадаў і прадае ўжо той, што набыў недзе ва Украіне, танны мёд, прадае тут як свой”, — пчаляр заўважае, што ў Беларусі цяпер ёсць самы розны мёд — з Украіны, Расіі і нават Кітая!

“Два тыдні па чыгунцы, і мёд з Кітая ў вас”, — кажа Міхаіл Халадзінскі. Літр якаснага добрага беларускага мёду цяпер каштуе каля 100 — 120 000 рублёў. Украінскі мёд будзе значна таннейшым.

Таксама Міхаіл раіць звярнуць увагу на тое, што ў Беларусі не можа быць мёду з дзівасілу, ядлоўцу, абляпіхі, глогу. Тлумачэнне тут простае — гэтыя расліны не растуць у Беларусі ў такіх колькасцях, каб сабраць вялікія аб’емы мёду.

“Прадаюць, да прыкладу, абляпіхавы мёд, але абляпіха — не такі моцны меданос. Гэта можа быць натуральны добры мёд, але са сланечніку і з Украіны. Перакупшчыкі гэтым грашаць, каб прыцягнуць увагу, што гэта карысна для здароўя”, — кажа пасечнік. Ён звяртае ўвагу, што натуральны мёд не вельмі хутка тае ў роце, раствараецца поўнасцю ў вадзе, а таксама трохі пяршыць у горле. Пах у натуральнага мёду звычайна вельмі тонкі, пах мёду штучнага больш рэзкі і адразу заўважны. Самы натуральны мёд прадаецца ў сотах.

У крамах звычайна сочаць за тым, каб ў мёду былі сертыфікаты. Але 100-працэнтную гарантыю дасць толькі знаёмы пчаляр:

“Калі ён налье вам слоік мёду проста на месцы. Тады будзе гарантыя, што ў мёдзе няма ніякіх прымесяў”.

На што арыентавацца пры выбары мёду:

1. Кансістэнцыя — у красавіку натуральны мёд ужо закрышталізаваны.

2. Мёд мае тонкі, нямоцны пах, вас павінен насцярожыць пах рэзкі і моцны.

3. Мёд, асабліва грэчневы, трохі “дзярэ” горла.

4. Натуральны мёд не расслойваецца, але можа мець белыя прожылкі — гэта якраз паказчык добрага якаснага мёду.

5. Натуральны мёд не адразу раствараецца ў роце, можна мець прымесі — да прыкладу, крылца пчалы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі