Дзядзенка: У кожным пісьменніку сядзіць графаман, далей усё залежыць ад таленту
Даведка Еўрарадыё: Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў 1972 годзе ў Оршы. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў рэдактарам на БТ і журналістам "Нашай нівы". Друкаваўся ў часопісах "Полымя", "Першацвет", "Паміж", "Спадчына". Аўтар краязнаўча-генеалагічнага даведніка "Аршанская шляхта", адзін з суаўтараў кнігі "Наша страва". У 2015 годзе ўбачыла свет яго першая мастацкая кніга "Гісторыя ў прыцемках".
Буду сціплым ― па 10-бальнай сістэме я б паставіў сваёй кнізе 9
Я не інтэлектуал. Я найманы работнік інтэлектуальнай сферы, пралетарый інтэлектуальнай сферы. Я пішу кніжкі цікавыя для сябе і для іншых. Буду сціплым ― па 10-бальнай сістэме я б паставіў сваёй кнізе 9, бо 10 ― гэта для класікаў, а для сучаснікаў ― 9. У плане літаратурнай канкурэнцыі ў Беларусі поле неаранае! Таму канкурэнтаў Змітру Дзядзенку няма!
Гэта мая першая мастацкая кніга. У яе ўвайшло некалькі твораў. Аповесць "Голем з Малой Мар'ямпольскай" была закончаная на пачатку 2006-га года. Гэты містычны дэтэктыў тады быў апублікаваны ў "Дзеяслове". Аповесць "Вуаерыст" закончаная на пачатку 2015-га, а апавяданне "Яйкі птушкі Рух" было напісанае ў прамежку паміж гэтым. Такім чынам, дзевяць гадоў. Але менавіта за гэты час сабралася твораў на нармальную кнігу, а не проста зборнік. Прычым, усе творы, на маю думку, аб'яднаныя адным стрыжнявым матывам ― містыка і загадкі з пэўным гістарычным ухілам.
Напрыклад, гісторыя з яйкамі птушкі Рух увогуле нарадзілася са старажытнагрэчаскага міфа пра нараджэнне Леты, Апалона і Алены Прыўкраснай. Гісторыя вуаерыста вырасла з даўняй маёй цікавасці да таго, як зараджаўся беларускі рух у мяне на Радзіме. Там, дарэчы, у тэксце цытуюцца арыгінальныя абвесткі з тагачаснай прэсы. З невялікімі зменамі ў прозвішчах дзейнічаюць рэальныя персанажы. Сапраўды быў рэальны ротмістр Якабіні, які ствараў Першы беларускі конны полк, а потым, паводле дакументаў, савецкая ўлада вырашыла яго арыштаваць. Вось я шукаў звесткі па мемуарах і дакументах, што ж там адбылося. І атрымалася так, што ротмістр Якабіні збіраўся падтрымаць органы БНР і ледзь не арыштаваць камісараў, якія перад наступам немцаў уцякалі з Менска ў Смаленск. У выніку ён быў пазбаўлены сваёй пасады і быў ледзь не арыштаваны.
З вокнаў сваёй радзільні я зазіраў на двор хаты Караткевіча
Было б дзіўна адмаўляць нейкі ўплыў Уладзіміра Караткевіча, тым больш, што ўжо з вокнаў сваёй радзільні я зазіраў праз плот на двор яго хаты, якая стаіць побач, і спрабаваў падгледзець "творчую кухню". З другога боку, я не імкнуся наследаваць Караткевічу. Было б вельмі дзіўным цяпер пісаць пад Караткевіча, бо і час змяніўся, і людзі змяніліся, і стаўленне да нейкіх падзеяў змянілася... Але тым не менш, мы выходзім з Караткевіча. Як расійская проза выйшла, паводле аднаго выказвання, з "Шыняля" Гогаля, так і сучасная беларуская літаратура, схільная да белетрыстыкі, Караткевіча ўлічвае. Акрамя таго, я люблю Борхеса. І гэта, напэўна, таксама паўплывала на кнігу.
Мне падабаецца аўдыторыя ў электрычках з пазнакай 14+
Мне цікава пісаць белетрыстыку. Па вялікім рахунку, мая кніга пісалася зыходзячы з таго, што я хачу прачытаць у іншых, але не магу знайсці ў беларускай літаратуры. Гэта, магчыма, той самы пасыл, што і ў Караткевіча пры напісанні яго гістарычных твораў, калі нейкія цікавыя, але невядомыя шырокай публіцы падзеі закладаюцца ў закручаны сюжэт. Як з тым самым "Вуаерыстам", дзе згадваецца і пра наяўнасць кітайцаў у Беларусі у 1917-18 гадах і пазней, і пра леваэсэраўскае паўстанне ў Оршы. Мне проста вельмі цікавыя такія забытыя або невядомыя рэчы рабіць у займальным сюжэце.
Мне падабаецца аўдыторыя ў электрычках з пазнакай 14+. Прыгодніцкая літаратура цікавая тым, што яна скіраваная на шырокую аўдыторыю. Элемент маскультавасці дазваляе аўтару размаўляць з рознымі пластамі грамадства, неяк не замыкацца на сваёй вузкай тусоўцы.
Напісаць кнігу ― залежыць ад таленту, уседлівасці і "гемарою". Выдаць цяжэй
Наколькі беларускаму пісьменніку сёння складана напісаць і выдаць кнігу? Напісаць ― залежыць ад таленту, уседлівасці і "гемарою". Выдаць цяжэй. Мне дапамог Саюз пісьменнікаў, які выдаў кнігу ў сваёй серыі "Кнігарня пісьменніка".
Хадзіць на працу, а пасля па вечарах пісаць кнігу ― напэўна, гэта форма своеасаблівага адпачынку, рэлаксу, калі галава проста пераключаецца на іншае, на стварэнне іншага свету, нейкіх персанажаў і герояў. Напэўна, у кожным пісьменніку сядзіць графаман, а далей усё залежыць ад ступені яго таленту. Мне цікава чытаць сучасных маладых аўтараў, якія спрабуюць неяк больш па сучаснаму глядзець на свет, на Беларусь. Напрыклад, Сяргей Балахонаў, які называе сябе апошнім беларускім постмадэрністам, ― гэта аўтар, які спрабуе паглядзець на нашу краіну з нетрадыцыйнага пункту гледжання.
Не ведаю, чаму ў беларускай літаратуры не ствараюць фантастыку. У нас моцна культывуецца позірк назад, а не ў будучыню
У беларускай літаратуры надзвычай мала фантастыкі і практычна няма science fiction. Ёсць крыху сацыяльнай фантастыкі ў Віктара Марціновіча, як бы яго творчасць ні ацэньваць. А science fiction патрабуе не толькі больш-менш добрых ведаў у навуковай сферы, але і канцэптуальнага мыслення. Як, напрыклад, Станіслаў Лем з яго навукова-фантастычнымі творамі. Гэта не проста пісьменнік, але і глыбокі мысляр. Я не ведаю, чаму ў беларускай літаратуры не ствараюць фантастыку. Магчыма, што ў грамадства няма запатрабаванасці на погляд наперад, у будучыню. У нас вельмі моцна культывуецца позірк назад. Прычым, культывуецца з розных бакоў: адны ідэалізуюць Савецкі Саюз, іншыя ― залаты век ВКЛ і Рэчы Паспалітай. З гэтым, верагодна, і звязана, што гістарычных твораў у нас з'яўляецца больш-менш дастаткова. Менш з'яўляецца нейкіх вострасацыяльных сучасных твораў. З іншага боку, як нехта разумны сказаў, кожны твор з гістарычнай тэматыкай ― гэта твор, які ставіць нявырашаныя раней задачы, што дагэтуль застаюцца актуальнымі.
Смешна сёння казаць пра нейкі літаратурны працэс, калі на ўсю краіну па вялікім рахунку існуе адзін літаратурны часопіс "Дзеяслоў". Літаратурная крытыка як школа, як з'ява, як жанр амаль выбіта. Літкрытыка ― тое, што мусіць разбірацца ў новых актуальных творах і сучасных працэсах. А калі няма літкрытыкі ― пра які працэс можна казаць?
Усё ж такі беларуская літаратура ― гэта найперш літаратура па-беларуску
Усё ж такі беларуская літаратура ― гэта найперш літаратура па-беларуску. З іншымі мовамі Беларусі ― гэта як сем гарадоў, якія біліся за Гамера ў Грэцыі. Галоўнае, каб было напісана таленавіта. За Алексіевіч цяпер беларуская літаратура і культура б'ецца, бо гэта таленавіта. За Чаргінца не б'ецца і не робіць намаганні, каб зрабіць гэта сваім. Таму Алексіевіч ― наша, як грамадзянка Беларусі, як прадстаўніца беларускай культуры. Я не згодны з усімі яе выказваннямі, але гэта не значыць, што я яе неяк адпрэчваю. Кожны чалавек змяняецца пад уплывам нейкіх знешніх абставінаў, змяняе свае погляды. Істэрыка вакол Алексіевіч ― гэта, хутчэй, унутраная фрустрацыя, несупадзенне чаканняў, таму што мы неяк прывыклі, што беларуская культура ― гэта культура найперш па-беларуску. А тут атрымалася, што не столькі беларуская культура, колькі культура Беларусі.
А культура Беларусі сапраўды шматнацыянальная, шматмоўная і разнастайная. Пры ўсім тым, наколькі Алексіевіч піша пра Савецкі Саюз і яе кнігі растуць з савецкай рэчаіснасці, усё ж такі яна ― наша сучасніца і прадстаўніца культуры Беларусі. Давайце папросім Алексіевіч, каб яна сваю нобелеўскую прамову сказала па-беларуску. Я за тое, каб выкарыстоўваць падобныя нагоды на карысць Беларусі і беларушчыны. Гэта сітуацыя як з Шагалам. Пакуль беларусы на яго не заявілі свае правы, ён быў руска-французскім мастаком. Або як з тымі самымі прадстаўнікамі французскай школы, як Хаім Суцін...
З мяне кепскі футуролаг, але, магчыма, цяпер беларуская літаратура рыхтуецца да чарговага ўсплёску
Я спадзяюся, што сёння ёсць спажывец беларускай культуры, ёсць людзі, якім беларуская культура цікавая ў розных праявах. Іначай не было б такога вышыванкавага бума, які адзначаўся апошнім часам. Не было б такіх вялікіх натоўпаў у Галерэі "Ў" на розных мерапрыемствах. З мяне кепскі футуролаг, але, магчыма, што цяпер беларуская літаратура знаходзіцца ў такім перыядзе, калі яна рыхтуецца да свайго чарговага ўсплёску. Запатрабаванасць ёсць ― з'явяцца і аўтары.
Прэзентацыя кнігі: 3 снежня, Мінск, Кнігарня "Ў", 19.00.
Книгу можна набыць на сайце knihi.by.