Дзярждэп ЗША: Беларусь не карае за гандаль людзьмі і прымушае да працы

Дзярждэп ЗША: Беларусь не карае за гандаль людзьмі і прымушае да працы

Дзяржаўны дэпартамент ЗША абнародаваў штогадовую справаздачу аб гандлі людзьмі ў розных краінах свету. Беларусь з 2015 года не выходзіць з трэцяй групы ў гэтым рэйтынгу — групы, дзе ёсць значныя праблемы з гандлем людзьмі.

У справаздачы нашу краіну называюць "крыніцай, транзітнай тэрыторыяй і краінай прызначэння для мужчын, жанчын і дзяцей, якія зазнаюць сэксуальнае рабства і прымусовую працу", перадае Радыё "Свабода". Беларускія ахвяры гандлю людзьмі часцей за ўсё знікаюць у Расіі, Польшчы, Турцыі ці самой Беларусі.

Таксама ў справаздачы адзначанецца, што ўрад Беларусі не цалкам выконвае мінімальныя стандарты па выкараненні гандлю людзьмі і не прыкладае вялікіх намаганняў, каб зрабіць гэта. Зрэшты, асобныя пазітыўныя крокі ёсць. Беларускі ўрад актыўна ўдзельнічае ў шматбаковых высілках па барацьбе з гандлем людзьмі, робіць намаганні па абароне беларускіх ахвяраў эксплуатацыі за мяжой, а таксама па скасаванні дэкрэта, які забараняў людзям, занятым у галіне дрэваапрацоўкі, пакідаць свае працоўныя месцы.

Разам з тым, гаворыца ў дакуменце, урад актыўна схіляе грамадзян да прымусовай працы, у тым ліку дзяржаўных службоўцаў, студэнтаў, тых, хто працуе няпоўны працоўны дзень, беспрацоўных, грамадзян, якія пакутуюць на залежнасьць ад наркотыкаў або алькаголю, а таксама крытыкаў уладаў.

"Ужо чацвёрты год запар улады не пераследуюць ніводнага гандляра людзьмі ў адпаведнасці з законам", — канстатуюць аўтары справаздачы. Асобна ў дакуменце згадваюцца "дэкрэт аб дармаедах", прымусовыя суботнікі, прымусовая праца ў войску, удзел школьнікаў і студэнтаў ва ўборачнай кампаніі.

На мапе — краіны паводле рэйтынгу гандлю людзьмі ў справаздачы Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША за 2017 год. Зялёны колер азначае першую групу, дзе праблемаў з гандлем людзьмі амаль няма. Жоўты — другая група з пэўнымі праблемамі з гандлем людзьмі. Аранжавы — другая група з небяспекай пераходу ў трэцюю. Чырвоны — трэцяя, дзе ёсць значныя праблемы з гандлем людзьмі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі