"ЕС бясплатна прапаноўвае Беларусі еўрапейскія вакцыны, але яна іх не прымае"
У межах "Усходняга партнёрства" Еўрасаюз бясплатна прапанаваў Беларусі заходнія вакцыны ад каранавіруса, аднак Беларусь іх не прыняла. Пра гэта заявіў амбасадар ЕС у Беларусі Дзірк Шубель.
Па яго словах, на барацьбу з пандэміяй краінам "Усходняга партнёрства" ЕС выдзеліў 2,5 мільярды еўра. У гэтую суму ўваходзіць прадастаўленне вакцын краінам напрамую і па праграме COVAX, якая прадугледжвае забеспячэнне роўнага доступу да прычшэпак. Беларусі таксама было прапанавана ўзяць удзел у праграме COVAX, аднак беларускія ўлады ніяк не адрэагавалі на прапанову.
Цяпер Еўрапейская камісія рыхтуе чарговую партыю — да 12 мільёнаў вакцын для краін "Усходняга партнёрства". Часту з із атрымае і Беларусь. Для гэтага, кажа Шубель, уладам трэба даць згоду на ўвоз і выкарыстанне еўрапейскіх вакцын і дамовіцца, каб вакцыны былі бязвыплатна перададзеныя ад адной з краінаў ЕС.
"Спадзяемся, што ўлады Беларусі скарыстаюцца гэтай магчымасцю, таму што вакцыны — для людзей. Палітыка тут ні пры чым", — падсумоўвае амбасадар ЕС у Беларусі.
Тым часам беларускія ўлады заяўляюць пра паспяховую вакцынацыю сярод насельніцтва Беларусі. Маўляў, амбіцыйныя планы пра тое, што да канца 2021 года ў краіне будзе прышчэплена 5 мільёнаў чалавек, збываюцца. Але ці так гэта насамрэч? Чытайце наш новы тэкст пра тое, як у Беларусі статыстыка перашкаджае вакцынацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.