Фельчар "хуткай": на "звычайныя" выезды дагэтуль ездзім без сродкаў аховы

Хто будзе ратаваць, калі захварэюць самі медыкі?
Хто будзе ратаваць, калі захварэюць самі медыкі?

11 красавіка міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік расказаў, што COVID-19 пацверджаны ў 301 беларускага медыка. Гэта значыць, кожны сёмы, хто на той момант быў заражаны каранавірусам, — доктар. Тамсама міністр сказаў, што медыкі ў дастатковай ступені забяспечаны сродкамі аховы.

Пасля брыфінгу з Еўрарадыё звязалася супрацоўніца падстанцыі хуткай дапамогі ў Мінску. На наша пытанне, чым мы можам дапамагчы, жанчына адказала, што больш ісці ўжо няма да каго. Наш карэспандэнт сустрэўся з ёй і запісаў гэтую размову.

Імя і прозвішча нашай суразмоўніцы ёсць у рэдакцыі, але мы не паведамляем іх з боязі за яе кар'еру.

Еўрарадыё: Скажыце, што паслужыла падставай з намі звязацца? 

Фельчар: Мы гатовыя працаваць, але мы баімся за тое, што адбываецца цяпер. Калі медыкі ў стацыянарах яшчэ сяк-так забяспечаны, то нам выдзяляюць толькі пэўную колькасць сродкаў індывідуальнай аховы. Калі транспартуюць хворага на COVID-19, то ты апранаешся цалкам па ПЧК [процічумныя касцюмы. — Еўрарадыё]. На звычайны выклік едзеш без сродкаў аховы. Напрыклад, ездзілі супрацоўнікі на выклік з вострым апендыцытам, пацыент аказаўся з каранавірусам, а яны былі проста ў масачках-пальчатках. Гэта ненармальна. Мы хацелі б, каб нас таксама апраналі, каб усё было так, як мае быць.

Еўрарадыё: Ці звярталіся вы да начальства?

Фельчар: Да галоўнага доктара трапіць цяпер немагчыма. Уся адміністрацыя інфікаваная. Таму на цяперашні момант мы не можам нават нічога схадзіць папрасіць.

Нас не так шмат, "хуткай" у Мінску ўсяго 11 падстанцый, на кожнай падстанцыі ад 10 да 20 брыгад. Ёсць брыгады, якія не ўкамплектаваны, таму што людзі захварэлі. Ёсць людзі, якія працуюць па адным чалавеку на брыгадзе, іх робяць проста перавозачнымі. Хто потым будзе працаваць? Калі так будзе і далей, мы можам усе злегчы, мы тады зусім нікому не дапаможам.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, начальства ігнаруе вашы просьбы?

Фельчар: Не тое каб ігнаруе. Проста няма такой колькасці, каб нас усіх апрануць. Персанал у бальніцах таксама мае такую праблему. Даходзіць да таго, што аднаразовыя касцюмы замочваюць у хлёрцы, мыюць і пад бактэрыцыднымі лямпамі дэзынфікуюць. Гэта ненармальна.

Я не скажу, што ў нас няма абсталявання. У нас ёсць апаратура, мы гатовыя да гэтага. Але паўнавартасных сродкаў аховы ад інфекцыі мы не маем. Цяпер ёсць пацыенты, якія не маюць клінічных праяў. Цяпер вірус можа быць у кожнага, калі будзеш ехаць на выклік без мер засцярогі — рана ці позна сто адсоткаў будзе заражэнне.

Еўрарадыё: А па іншых пытаннях вам ішлі насустрач?

Фельчар: Умовы на рабоце мы часта ствараем самі. Душ паставілі за свой кошт, таму што ніхто з кіраўніцтва не сказаў: "Вось вам грошы, пастаўце душ, каб вы маглі прыняць яго, бо вы працуеце суткі".

Маску далі, калі СААЗ [Сусветная арганізацыя аховы здароўя. — Еўрарадыё] прыехала, а калі трэба было даць гэтыя маскі? Чалавек прыязджае на "тэмпературу", а там-COVID-19. Гэта ненармальна, усе пакутуюць.

Я ўчора паслухала канферэнцыю [брыфінг Міністэрства аховы здароўя з прадстаўніком СААЗ 11 красавіка. — Еўрарадыё], і мне стала вельмі балюча і крыўдна. Ніхто ў нас не бачыў гэтай камісіі.

Еўрарадыё: Дактарам цяпер многія неабыякавыя людзі гатовыя аказваць дапамогу. Ці звярталіся вы да валанцёраў з просьбай дапамагчы са сродкамі аховы?

Фельчар: Зараз звярнуліся хлопцы з нашай падстанцыі па дапамогу, нам людзі за свае грошы закупілі касцюмы. Мы папрасілі, каб нам прывезлі маскі, касцюмы, акуляры, таму што добрых масак на падстанцыі ўжо няма. На маску, якую выдалі ў дыспетчарскай, проста страшна глядзець.

Акрамя дапамогі валанцёраў, нам дапамагаюць манашкі са Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра, прыносяць вечарам паесці.

Фельдшер “скорой”: на “обычные” выезды до сих пор ездим без защиты
Тая самая выдадзеная медыцынская маска

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём гэтай няпростай сітуацыі і за тым, ці атрымаюць адрасаты запытаную дапамогу.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі