Феміцыд ва Усходняй Еўропе: назваць забойствы жанчын правільным словам

Арт-інтэрвенцыя супраць хатняга гвалту ў Мінску / "Маршыруй, дзетка"
Арт-інтэрвенцыя супраць хатняга гвалту ў Мінску / "Маршыруй, дзетка"

Феміцыд — так называюцца забойствы жанчын, здзейсненыя з нянавісці па прыкмеце полу. Гэта той выпадак, калі жанчын забіваюць блізкія людзі, якім належыць больш за ўсё давяраць — сваякі, мужы або бойфрэнды.

Кожны дзень у свеце адбываецца 137 такіх забойстваў. Многія даследчыкі феміцыду лічаць гэтыя лічбы заніжанымі — таму што вельмі часта афіцыйная статыстыка пакідае за дужкамі сапраўдную прычыну забойства жанчыны. Актывісты ў многіх краінах свету патрабуюць прыняцця законаў аб феміцыдзе — гэта дазволіла б лепш разумець матыў злачынстваў, здзейсненых супраць жанчын, і гарантавала б больш дбайнае іх расследаванне.

 

"Ці магло такое здарыцца з мужчынам?"

 

No video provider was found to handle the given URL. See the documentation for more information.

Законам і дзяржаўным інстытутам невядома паняцце "феміцід"; а актывістам, якія змагаюцца з гендарна матываванымі забойствамі, часцей за ўсё даводзіцца абапірацца на публікацыі або тэлесюжэты крымінальнай хронікі і іншыя адкрытыя крыніцы.

Ёсць розныя методыкі, якія дазваляюць распазнаць феміцыд у масе іншых злачынстваў. "Часам дастаткова проста задацца пытаннем: ці магло б такое здарыцца з мужчынам? Калі не, значыць, гэта феміцыд", — кажа беларуская феміністка Вольга Гарбунова. Рэпартаж Еўрарадыё, у які ўвайшло гэтае інтэрв'ю, расказвае пра тое, як менавіта змагаюцца са злачынствамі па прыкмеце полу беларускія актывісткі — ва ўмовах адсутнасці законаў супраць хатняга гвалту і з прэзідэнтам, які фактычна сабатуе ўсе дыскусіі вакол абмеркавання самой магчымасці прыняцця такіх законаў.

Дабрадзейнасці, якія забіваюць 

Даследчыкі феміцыду падкрэсліваюць: корань праблемы — у гендарнай няроўнасці. Жанчын забіваюць таму, што мужчыны лічаць, што маюць права кантраляваць паводзіны жанчын і не церпяць свабодных дзеянняў і непадпарадкавання. А патрыярхальныя грамадствы перадаюць гэтыя ўстаноўкі з пакалення ў пакаленне — як невылечнае генетычнае захворванне, якое рана ці позна цябе заб'е.

Сціпласць і пакорлівасць — каштоўнасць гэтых якасцяў да гэтага часу ўнушаюць сваім дочкам мільёны азербайджанскіх бацькоў.

"Ёсць такая азербайджанская прыказка: калі адзін чалавек — "агонь", то другі павінен быць "вадой". І ў ролі "вады" заўсёды павінна выступаць жанчына. Жанчынам заўсёды прышчаплялася, што маўчаць у адказ на гвалт, быць сціплай і паслухмянай — гэта правільна", — кажа Гульнара Мехціева, гендарная актывістка з Азербайджана.

З гэтай прычыны многія жанчыны, якія церпяць гвалт, нават не разумеюць, што тое, што адбываецца з імі, — няправільнае і злачыннае. Больш падрабязна пра гэта расказвае рэпартаж Мэйдан-ТБ

Закон ратуе не заўсёды

Жорсткія забойствы жанчын адбываюцца і ў тых краінах, грамадствы якіх як быццам дасягнулі разумення, што гвалт — гэта дрэнна. Пра такія выпадкі расказвае рэпартаж "Грамадскага" з украінскага горада Запарожжа. Украіна была першай краінай ва Усходняй Еўропе, у якой з'явіўся закон аб прадухіленні гвалту ў сям'і — гэта адбылося ў 2001 годзе. Праз 18 гадоў хатні гвалт крыміналізавалі, і цяпер за пабоі гвалтаўнік можа атрымаць да двух гадоў турмы. Але толькі добра напісаныя законы не ўратуюць жыцця, лічаць праваабаронцы. Для таго каб зрабіць закон больш эфектыўным і гарантаваць яго выкананне, трэба працаваць з паліцыяй, суддзямі і пракурорамі.

Адвага звярнуцца ў паліцыю

Але і гэта не дапаможа, калі грамадства лічыць, што гвалт дома — справа сямейная. У адным з даследаванняў, праведзеных у Малдове, пра якое расказвае рэпартаж ЗдГ, больш за траціну рэспандэнтаў прызналіся, што не выклічуць паліцыю, даведаўшыся пра гвалт у сям'і сваіх знаёмых. Іншае даследаванне ў гэтай краіне паказала, якая невялікая колькасць ахвяр, якія адважыліся звярнуцца па дапамогу ў паліцыю. Многія жанчыны церпяць збіццё гадамі, часам дзесяцігоддзямі. Даследаванні — і малдаўскія, і глабальныя — паказваюць, што большасць ахвяр феміцыду даўно цярпелі гвалт у сям'і і вымушаныя былі з ім мірыцца.

Чаму закон аб феміцыдзе неабходны

Ёсць і такое сумнае назіранне даследчыкаў: многія з загінулых жанчын неаднаразова звярталіся ў паліцыю, але так і не атрымалі дапамогі. Рэпартаж JAMnews з Грузіі расказвае пра адзін з абуральных выпадкаў — калі праваахоўныя органы зацягваюць расследаванне, пакрываючы забойцу.

Дзякуючы намаганням жаночага руху Грузія прайшла доўгі шлях у распрацоўцы законаў, накіраваных на барацьбу з гвалтам супраць жанчын. У цэлым яны цалкам прагрэсіўныя, але паняцце "феміцыд" у іх па-ранейшаму адсутнічае. Грузінскія актывісткі лічаць, што вылучэнне феміцыду ў асобны артыкул Крымінальнага кодэкса гарантуе, што пракуратура не зможа ігнараваць сапраўдны матыў злачынства, як гэта часта адбываецца цяпер.

Над праектам у рамках "Медиасети" працавалі: Дзімітры Аваліяні, Надзя Апенька, Вольга Булат, Аляксандр Васюковіч, Таццяна Зяленская, Ігар Іанэску, Маша Калеснікава, Андрэй Новікаў, Дзіяна Петрыяшвілі, Давід Піпія, Ліза Сівец, Ягор Танкоў, Элен Хачапурыдзэ, Алёна Чуркэ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі