Фестываль “Бардаўская восень” адзначыў 20-годдзе

У Бельску Падляскім прайшоў 20-ы фестываль “Бардаўская Восень”. За 20 гадоў мерапрыемства стала сапраўды сур’ёзнай культурнай з’явай, якая рэгулярна адкрывае новыя імёны і натхняе моладзь на творчую рэалізацыю. Адмыслова да юбілею Еўрарадыё сабрала ўспаміны арганізатараў ды неабыякавых людзей пра фестываль і яго ўклад у беларускую культуру.


Арганізатар фэсту Ігар Лукашук:
“Арганізацыя наступнай Восені пачынаецца з размоваў на папярэдняй, бо кожны з удзельнікаў нешта новае ўносіць, каментуе, натхняе мяне. “Восень” ствараюць тыя, хто ўдзельнічае, і хто пра яе нешта гаворыць. Словы не падаюць у паветра. Мая задача — слухаць і арганізоўваць. “Бардаўская восень” — гэта не толькі фестываль бардаў, гэта фестываль аўтарскай песні, і ён заўжды будзе гатовы прыняць на свае пляцоўкі новыя плыні ды новых бардаў”.


Аўтар культавага “Народнага альбома” і нязменны сябра журы фестывалю Міхал Анемпадыстаў дзеліцца ўспамінамі:

“Канцэрт “Народнага альбома” ў Бельску быў сапраўды вельмі важным для нас. Тады, пасля канцэрту, мы пачулі лепшыя словы за часы яго існавання: “Дзякуй за канцэрт, сёння мы адчулі гонар за тое, што беларусы”. Для мяне “Бардаўская восень” — фестываль, які штогод дазваляе адчуць гэты гонар. Бо мы часта забываем, бо мы даволі сціплая нацыя, мы адчуваем часцяком непаўнавартаснасць, ды і суседзі дапамагаюць яе адчуць. Але я ўсё жыццё пераконваюся, што беларуская культура такая ж вартасная, як іншыя. “Бардаўская Восень” дапамагае адчуць нам, хто мы такія. Бо песня дапамагае выказаць тое, што не выказаць словамі. Цягам 20 гадоў беларуская культура, у тым ліку, на “Бардаўскай восені” стваралася і была ў працэсе разумення намі самімі. 20 гадоў — гэта ўжо культурная з’ява. Тут заўжды добрае надвор’е, гэта аазіс, дзе заўсёды свеціць сонца... І толькі гітары робяцца ўсё больш якаснымі, а футляры ўсё даражэйшымі...”


Узгадвае адзін са стваральнікаў фэсту Багдан Сіманенка:


“Дапамагалі сябры, мясцовыя людзі. Найперш трэба было знайсці бардаў. Потым — прывезці, накарміць, даць пераначаваць і даць паспяваць. Мы дамаўляліся ў розных месцах, з рознымі людзьмі. Трэба было знайсці бульбу, мяса нейкае. Другая справа, грошы. Таксама збіралі. Тут бульбу збіралі, там — грошы... Нехта даў 100 баксаў. Толькі потым я даведаўся, што гэтыя 100 баксаў збіралі Мішка Андрасюк з жонкай на новую лядоўню”.


Бард і пастаянны госць “ВосеніАлесь Камоцкі распавядае, як усё пачыналася ў 90-х:


“Першыя гады былі шалёнымі, але Багдан (Баглан Сіманенка, адзін са стваральнікаў фэсту. — Еўрарадыё) рабіў усё ўпэўнена. Былі 90-я, і ў Мінску быў таксама фестываль, была гэткая плынь, што беларускае трэба рабіць, і людзі пісалі тады адмыслова па-беларуску, было з 50 удзельнікаў. Сюды мы прыехалі тады цэлым аўтобусам. Але там мы зрабілі адзін фестываль, а вось тут — Багдан пацягнуў справу далей, і зрабіў другі, і трэці. А 20 — гэта ўжо няслаба. І 14 з іх зрабіў ужо Ігар Лукашук. Што будзе праз 20 гадоў? Я не ведаю. Тады ў мяне была маленькая дачка. Цяпер у мяне маленькі ўнук... Добра, што ёсць, што ўспомніць, але я хачу ўспамінаць пра будучыню”.
 


Лідар гурта BosaeSonca кіраўнік беларускага адбору на фэст Алесь Кот-Зайцаў дзеліцца, як спрычніўся да арганізацыі фестывалю:


“З нейкага часу я пераняў справу Алеся Камоцкага і пачаў ладзіць у Беларусі адборачны тур на “Бардаўскую Восень”. Для мяне стала адкрыццём, што 20-30% усіх канкурсантаў штогод рыхтуюць матэрыял адмыслова для фестывалю. Людзі проста ведаюць, што гэта культурная з’ява, якая заслугоўвае ўвагі, і пішуць адмыслова для яе. Гэта не толькі традыцыя, гэта з’ява жывая і патрэбная сёння. Гэта робіць будучыню. Адбываецца пераход з пакалення ў пакаленне, і не ў кожнага фестывалю ёсць такая рыса”.



Фота: са старонкі фестывалю на FB

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі