Генпракурор і Мінгарвыканкам супраць арганізатараў Дня Волі

Генпракурор і Мінгарвыканкам супраць арганізатараў Дня Волі

Пры разглядзе заяўкі на Дзень Волі ў Мінску Мінгарвыканкам дзейнічаў законна і правільна. Пра гэта генеральны пракурор Аляксандр Канюк заявіў журналісту Еўрарадыё Змітру Лукашуку падчас кароткага інтэрв'ю ў кулуарах Палаты прадстаўнікоў.

Што прапісана ў законе

Парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі рэгулюе закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", прыняты 30 студзеня 1997 года.

У 6 пункце 2 главы закона чытаем наступнае: "Кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа (у нашым выпадку ― Мінгарвыканкама) або яго намеснік абавязаны разгледзець заяву і не пазней чым за пяць дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства ў пісьмовай форме паведаміць яго арганізатару (арганiзатарам) аб прынятым рашэнні... Рашэнне кіраўніка мясцовага выканаўчага і распарадчага органа або яго намеснiка аб дазволе цi забароне правядзення масавага мерапрыемства прымаецца з улiкам даты, месца, часу яго правядзення, колькасці ўдзельнікаў, умоў надвор'я, аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, і іншых абставінаў, якія ўплываюць на забеспячэнне грамадскай бяспекі, па ўзгадненні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання (іх тэрытарыяльнымі падраздзяленнямі), адказнымі за забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі".

Як дзейнічалі заяўнікі акцыі на Дзень Волі і Мінгарвыканкам

"Першую заяўку мы падалі яшчэ ў студзені. На яе прыйшоў незразумелы адказ. Нібыта, яна не была атрыманая, не было нашай заяўкі. Мы даслалі яшчэ адну, таксама ў лютым. На яе ўжо павінны нам былі даць адказ за пяць дзён да дня правядзення мерапрыемства ― 25 сакавіка. Але адказу не было, замест гэтага нас запрасілі на сустрэчу ў Мінгарвыканкам на 20 чысло. У апошні момант яе адмянілі, а нам сказалі, што дашлюць адказ па пошце. Мы пайшлі ў Мінгарвыканкам, каб атрымаць яго на рукі там на месцы, аднак нам нічога не далі. Прызначылі яшчэ адну сустрэчу на іншы дзень, чыноўнік Мінгарвыканкама Уральскі з намі размаўляў. Але за паўтары гадзіны да яе пачатку пазваніў і сказаў, што яна адмененая. Тады большасць заяўнікаў акцыі адмовіліся ад заяўкі. Толькі адзін чалавек, Алесь Макаў, застаўся. Ён пайшоў на трэцюю прапанаваную Мінгарвыканкамам сустрэчу. Яна адбылася за дзень да акцыі ― 24 сакавіка. На ёй далі дазвол сабрацца на Бангалоры", ― расказвае адзін з заяўнікаў акцыі, Зміцер Каспяровіч.

 

У Мінгарвыканкаме Еўрарадыё паабяцалі даць адказ пра тое, як праходзіла ўзгадненне акцыі на Дзень Волі па версіі чыноўнікаў, на працягу гадзіны. Аднак гэтага зроблена не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі