Гомельскі радыёзавод пераходзіць на трохдзённы графік працы
Адкрытае акцыянернае таварыства "Гомельскі радыёзавод" паведаміла работнікам, што з 1 чэрвеня па 31 жніўня на прадпрыемстве ўводзіцца трохдзённы працоўны тыдзень. Адпаведныя лісты прыйшлі з подпісам дырэктара Аляксандара Горбача, перадае Радыё "Свабода". Гэты крок дырэктар патлумачыў "вытворчымі, арганізацыйнымі і эканамічнымі прычынамі".
Усё лета калектыў заводу, а гэта больш за 800 чалавек, будзе працаваць толькі па панядзелках, аўторках і серадах.
Той, хто не пагодзіцца з прапанаванымі ўмовамі, будзе звольнены на падставе пункту 5 артыкула 35 Працоўнага кодэксу — з выплатай двухтыднёвай дапамогі.
Намеснік дырэктара радыёзавода па пытаннях эканомікі, фінансаў і замежнаэканамічнай дзейнасці Станіслаў Аксёнаў расказаў журналістам, што завод не мае поўнай загрузкі. Па яго словах, работнікам няма сэнсу прыходзіць на прадпрыемства і сядзець без працы.
Трохдзённы графік абяцаюць адмяніць, як толькі будуць падпісаныя новыя кантракты.
Радыёзавод раней працаваў на абарончы комплекс і меў у 10 разоў больш супрацоўнікаў. Цяпер прыдпрыемства выпускае апаратуру сувязі, тэлевізійную і медыцынскую тэхніку, халадзільныя і дажджавальныя ўстаноўкі, прамысловае абсталяванне, тавары шырокага ўжытку.