Хацеў падарыць суддзі кнігу Оруэла — як у Віцебску судзілі журналіста
Зміцер Казакевіч / baj.by
Незалежнага журналіста і кіраўніка віцебскай арганізацыі БАЖ Змітра Казакевіча прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ і пакаралі двума штрафамі на агульную суму ў 1740 рублёў, паведамілі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Справу аб адміністрацыйным правапарушэнні разглядаў напярэдадні суд Першамайскага раёна Віцебска. Правапарушэнне ўбачылі ў публікацыі двух артыкулаў на сайце belsat.eu у лютым гэтага года. Суд палічыў, што гэта быў незаконны выраб прадукцыі СМІ — акрэдытацыі МЗС для працы на гэты рэсурс у Казакевіча не было.
Адзін з артыкулаў быў прысвечана выкладчыку медуніверсітэта, якога звольнілі пасля сутак у ІЧУ, дзе ён апынуўся за белыя і чырвоныя шторы ў кватэры. Другая публікацыя была пра суд над жыхаром Віцебска, якога абвінавачваюць у супраціве супрацоўнікам міліцыі. Звесткі пра гэтыя гісторыі сілавікі знайшлі ў ноўтбуку Казакевіча, які ў яго канфіскавалі падчас абшукаў у снежні.
На судзе журналіст адмовіўся ад тлумачэнняў — сказаў толькі, што паступае так у знак салідарнасці з калегамі.
"Мне няёмка абараняць сябе, калі мае калегі Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева сядзяць у турме, калі іншых журналістаў трымаюць за кратамі, калі ў краіне амаль 300 палітвязняў. Я адмовіўся даваць паказанні ў знак салідарнасці і павагі да іх", — сказаў суду Зміцер Казакевіч.
Ён толькі заўважыў, што не лічыць сябе вінаватым, і працытаваў невялікі ўрывак з рамана Джорджа Оруэла "1984", дзе гаворыцца пра тое, што толькі тады жыццё ў краіне можа лічыцца нармальным, калі двойчы два — чатыры, і ніхто не спрабуе даказаць, што гэта не так.
Пасля гэтага ён хацеў падарыць кнігу, перакладзеную на беларускую, суддзі Андрэю Шыдлоўскаму. Але той адмовіўся ад падарунка. Сказаў, што гэта забаронена, і да таго ж ён не чытае па-беларуску.
"1984" Оруэла на беларускую мову пераклаў Сяргей Шупа. У верасні ён быў госцем "Еўрарадыё" і распавядаў аб гэтай сваёй працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.